Апытанне: ці чытаеце вы кнігі і што любіце чытаць?

13:41 / 18.02.2012
5

Сярод тых людзей, каму наш карэспандэнт на гэтым тыдні задаваў пытанне: “Ці чытаеце вы кнігі і што любіце чытаць?” – знайшлося нямала аматараў кнігі. Было прыемна даведацца, што ў Год кнігі мае рэспандэнты нярэдка сталі звяртацца да беларускай класікі.


Міхаіл Ацямасаў, вучань гімназіі №1:
– Як будучага юрыста мяне цікавіць літаратура па гэтай тэме. Вось нядаўна прачытаў раман Фёдара Дастаеўская “Ідыёт”. Вельмі кранула, як глыбока аўтар раскрывае псіхалагічны партрэт свайго героя, які здзейсніў забойства дзеля сваёй карысці, і як пасля яго мучыла сумленне.
Увогуле, я люблю чытаць розную літаратуру, але перавагу аддаю ўсё ж беларускай класіцы, бо яна ўвабрала ў сябе мудрасць, гісторыю і душу нашага народа. Класікі роднай літаратуры паказваюць сапраўднае майстэрства свайго слова.


Алена Францаўна Курыла, галоўны бухгалтар праектнага бюро:
– Чаму людзі сталі меней чытаць? Мяркую, што на гэта паўплывала шмат прычын: гэта і сучасныя тэхналогіі, інтэрнэт. І нялёгкае жыццё, калі на ўсё не хапае часу, і адсутнасць прадуманай сістэмы выхавання моладзі, і несур’ёзнае стаўленне да літаратуры з боку некаторых чыноўнікаў.
Я паспяваю перад сном прачытаць толькі часопіс “Кудзесніца”, газеты “Аргументы і факты” і “Астравецкую праўду”. А днём за справамі няма калі – спешка…

Таццяна Іванаўна Кунігель, аператар сушыльна-гладзільных машын КБА:
– Для сваёй рамантычнай душы я знайшла аддушыну ў лірычных і гістарычных творах Івана Шамякіна, Максіма Багдановіча. Скажыце, як можна быць раўнадушным да твораў Васіля Быкава, пранікнутых псіхалагізмам, з багатым гістарычным зместам? З захапленнем прачытала паэму У. Караткевіча “Ладдзя роспачы”. Падзеі, якія апісваюцца ў кнізе, актуальны і сёння. Напрыклад, такое выказванне: “Гэй, браткі, вам кажу. Ці ж Бог даў беларусу дзюбу, каб ён пішчаў? – А для чаго? – Лушчыць арэхі ды цалавацца”…
Вось так мы і жывем, вырашаем праблемы, пераадольваем цяжкасці, але быццам арэхі лушчым, і не перастаем пры гэтым любіць адзін аднаго!


Вольга Астроўская, вучаніца Варонскай базавай школы:
– Першымі маімі кніжкамі былі вершы Янкі Купалы, ілюстраваныя каляровымі малюнкамі, а таксама розныя казкі, якія мне чыталі бацькі. Потым было захапленне апавяданнямі пра жывёл і прыроду. Нядаўна я пазнаёмілася з энцыклапедыяй, у якой знайшла цікавыя звесткі. Мне трэба было рыхтаваць пазакласнае чытанне. Да нас у школу часта прыходзіць Марыя Станіславаўна Вішнеўская, бібліятэкар СДК, якая знаёміць дзяцей з кніжнымі навінкамі, якія паступаюць у бібліятэку.


Марыя Станіславаўна Вішнеўская, бібліятэкар в. Варона:
– Кніга на тое і існуе, каб яе чыталі. А чалавек, які жыве і развіваецца, вучыцца надаваць старому новыя формы, каб спрасціць сваё жыццё. А наша задача – выбіраць, што патрэбна і што больш падабаецца. Нягледзячы на інтэрнэт і аўдыёкнігі, людзі не перастаюць чытаць. Бо толькі калі мы чытаем мастацкі твор і прапускаем яго праз сваё сэрца, ён застаецца ў нас. Астатняе – на другім плане. Аўдыёкнігі патрэбны нам хіба для таго, каб захаваць голас пісьменнікаў для нашчадкаў. А яшчэ для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Мяне цешыць, што беларуская класіка ў нас карыстаецца попытам – Іван Шамякін, Уладзімір Караткевіч, Максім Багдановіч, Васіль Быкаў, Іван Мележ, а таксама кнігі, выдадзеныя ў серыі “Школьная бібліятэка”.
З сучасных беларускіх пісьменнікаў лідзіруе Алесь Марцінкевіч са сваёй серыяй “Гісторыя ў лічбах”. Папулярныя творы Алеся Дударава, Людмілы Рублеўскай.
Канешне, шкада, што колькасць чытаючых людзей скарачаецца, але гэта сусветная тэндэнцыя, яна цесна звязана з прасоўваннем інтэрнэт-тэхналогій.


Гутарыў Іван Петрык.



“Той, хто чытае кнігі, будзе заўсёды мець перавагу над тым, хто толькі глядзіць тэлевізар”.