"Репортёр выходит в свет". Нужен ли фликер?
15:05 / 12.11.2016

За гэты час мы ўжо прывыклі да флікераў і святлоадбівальных элементаў на вопратцы – гарантаў нашай бяспекі. Аднак не ўсе жыхары нашага райцэнтра паддаліся “флікераманіі”, а некаторыя і дагэтуль аддаюць перавагу “сябру моладзі” – цемры.
Ці носіце вы флікер і ўвогуле ці патрэбен ён? З гэтым пытаннем звяртаўся да рэспандэнтаў карэспандэнт “АП”.

– Так, я заўсёды нашу флікер. Калі ідзеш у школу, на вуліцы цёмна – флікеры рэальна дапамагаюць. Пра іх важнасць і па тэлевізары расказваюць, і ў школе ўвесь час нагадваюць.
Я жыву на вуліцы Прамысловай, а там пешаходных дарожак няма, таму трэба неяк выдзяляцца ў цемры, каб вадзіцелі цябе ўбачылі здалёк.

– А ў мяне флікеры і наперадзе – на руках, і на спіне – на партфелі. Я, канешне, стараюся заўсёды хадзіць па правілах: пераходзіць дарогу ў спецыяльна вызначаных месцах, не перабягаць перад аўтамабілем, аднак гэта не заўсёды атрымліваецца, бо не на ўсіх дарогах ёсць пешаходныя пераходы і тратуары.
А яшчэ многія вадзіцелі самі не прытрымліваюцца правілаў дарожнага руху: я некалькі разоў бачыў, як машыны едуць без святла або перавышаюць хуткасць.

– Флікер, бясспрэчна, патрэбен пешаходам, веласіпедыстам і гужавому транспарту. Яны сапраўды робяць жыццё больш бяспечным. Такія меры перасцярогі, як флікеры, святлоадбівальныя палоскі, фанарыкі, катафоты, чалавеку, якому неабыякавае сваё жыццё, праблем не ствараюць: начапіў – ды ідзі або едзь спакойна.
Канешне, не ва ўсіх выпадках і флікеры дапамогуць, але трэба ж думаць, куды яго чапляць: калі ты ідзеш насустрач аўтамабілю, а флікер у цябе на спіне, то карысці з яго – нуль. А па правілах, наколькі я ведаю, святлоадбівальнымі элементамі трэба абазначаць сябе з усіх бакоў, а не толькі са спіны ці спераду.

– Святлоадбівальнымі элементамі абавязкова трэба сябе абазначаць, падабаецца гэта табе ці не, – так ты здалёк робіш сябе заўважным на дарозе. Цяпер многія арганізацыі шыюць адзенне са святлоадбівальнымі палоскамі.
Я зараз увесь час за рулём, таму флікер не нашу, аднак ён заўсёды ляжыць на ўсялякі выпадак у мяне ў сумачцы ці ў машыне.

– Зараз рана цямнее, ды і надвор’е пахмурнае – за дваццаць метраў нічога не відаць. Але флікеры і святлоадбівальныя элементы блішчаць здалёк – адразу становішся больш ўважлівым і пільным на дарозе. Ці варта адмяняць штрафы за адсутнасць флікераў? Лічу, што гэта пакуль рабіць рана – хапае ў нас на дарогах людзей “са слабай памяццю”. Калі адзін раз заплацяць штраф, то ў наступны дакладна будуць памятаць пра флікер.
Антон ЧЫК, фота аўтара.