Перамога астравецкіх хакеістаў

10:24 / 01.03.2011
1

Напярэдадні вясны астравецкія хакеісты – выхаванцы Яўгена Міхайлавіча Яфімава – зрабілі ўсім цудоўны падарунак. На абласной спартакіядзе “Каласок” сярод дзяцей і юнакоў сельскіх населеных пунктаў, які праходзіў у Лядовым палацы 24-25 лютага ў Лідзе, нашы “цудоўныя пяцёркі і варатар” занялі першае месца.


Акрамя дружыны Астравецкага раёна ў спаборніцтве ўдзельнічалі яшчэ 9 каманд. Усё яны жараб’ёўкай былі падзелены на тры групы. Астраўчанам дасталася самая вялікая і досыць няпростая – іх сапернікамі былі хакеісты з Мастоў, Шчучына і Дзятлава. Але нашы хлопцы не з палахлівых і ў першы ж дзень проста “разбамбілі” каманду з Мастоў  – 16:0. Наступная гульня са зборнай Дзятлава, нягледзячы на ўпартую барацьбу, усё роўна скончылася на карысць астраўчан 1:0. Чарговы матч Астравец – Шчучын праходзіў на другі дзень і зноў нашы перамаглі – з лікам 4:0.
У фінале барацьбы  за кубак клюшкі скрыжавалі тры каманды: Бераставіца, Карэлічы і Астравец. Спачатку нашы рабяты выйгралі ў зборнай Бераставіцы 3:0, а пасля, нават не адпачываючы, перамаглі каманду Карэліч 2:1.
Дадому астравецкая каманда прывезла кубак і ганаровыя граматы. Віншуем рабят з бліскучай перамогай на “Каласку” і жадаем поспехаў на “Залатой шайбе”.


Марына МАЦКЕВІЧ.