КВН объединяет, сближает, заражает...

11:00 / 10.11.2014
Ён аб’ядноўвае, збліжае, зараджае… Адкрывае новыя магчымасці і здольнасці, дапамагае пераступіць праз “не магу”, перамагчы страхі і ўбачыць сябе з іншага боку. А яшчэ развівае творчасць, падымае ўзровень адрэналіну і дорыць непаўторныя пазітыўныя эмоцыі. І гэтай гульнёй, калі не займаюцца, то захапляюцца і любяць яе многія. Ды і як па-іншаму растлумачыць, што ў час канікул у гімназіі №1 набілася поўная актавая зала, нават са стаячымі месцамі. Прычынай і віноўцай гэтага быў усімі любімы КВЗ – у гэты дзень праходзіў раённы этап абласнога конкурсу вясёлых і знаходлівых сярод школьнікаў.


Сёлета на змену кінаканцэртнай зале “Астравец” прыйшла меншая, але не менш утульная актавая зала гімназіі. Некалькі змяніліся і ўмовы: калі ў папярэднія гады каманды прадстаўлялі адзін конкурс, то сёлета рабятам прапаноўвалася бліснуць гумарам і артыстызмам ў двух: традыцыйнай “візітцы” і іскрамётным “біятлоне”. Адно засталося нязменным і абавязковым – жарты, прыколы, непаўторнасць і вясёлае прадстаўленне на сцэне.

Не пабаяліся новаўвядзенняў і прыехалі “У госці да КВЗ” (так гучала тэма гульні) шэсць каманд – менш, чым звычайна. Аднак практыка паказвае, што вялікая колькасць удзельнікаў не азначае, што КВЗ будзе цікавым і вясёлым. І часам дзейнічае прынцып: менш, ды лепш.

КВЗ, як і мноства іншых гульняў, пачынаецца з адноснага шанцавання – у даным выпадку жараб’ёўкі. Выступаць першым, “разаграваць” публіку, “заводзіць” зал заўсёды складана. Таму, калі капітан каманды гімназістаў выцягнуў першы нумар, сярод удзельнікаў пракацілася лёгкае “эх!” Праўда, на гэтым іх хваляванні і скончыліся. Бо на сцэне ўдзельнікі гімназічнай каманды “Камыш” трымаліся ўпэўнена і лёгка з першай хвіліны. Яны пачалі з актуальнага – “няшнасці” сучасных юнакоў: навошта ім дзяўчаты, з імі ж адны клопаты. Куды лепш сябраваць чыста “мужчынскай” кампаніяй. Закранулі з гумарам рабяты і віртуальныя зносіны ў сацыяльных сетках. Зараз пагроза аб сварцы гучыць як: “Ты мне больш не сябар, а… падпісчык”.

Яшчэ “камышы” парадавалі школьнай сітуацыяй, калі аднаму з вучняў няма дзе сесці, мініяцюрамі пра маруднага Жэню, прыбіральшчыцу ў парламенце і лесніка ў Чырвонай Кнізе. Асобнае “дзякуй” рабятам за наглядны прыклад, як працуюць пажарнікі, якія хадзілі на харэаграфію. Аказваецца, з такім талентам і звычайнае даставанне пажарнага рукава можна з лёгкасцю ператварыць у танцавальнае шоу. А на “закуску” гімназісты пакінулі “Зборы ў Дайноўцы”. Рабяты прадэманстравалі не толькі прыкольную ваенную падрыхтоўку, але і выдатнае веданне беларускай мовы і асобных яе каларытных слоў. Што ж, пачатак быў дадзены добры – “камышы” выступілі лёгка, стыльна і ў большасці смешна.

Каб глядзецца не менш выйгрышна, наступнай камандзе трэба было “трымаць марку”. За “камышамі” на сцэну паднялася міхалішкаўская каманда “Бонус” – і стала крыху трывожна, насцярожана і цікава адначасова. Канешне, міхалішкаўцы даўно заваявалі сабе рэпутацыю вопытных кэвэзэншчыкаў. Іх выступленні па-сапраўднаму смешныя, “незаезджаныя”, арыгінальныя і артыстычныя. Нездарма ў мінулым годзе іх каманда прайшла адбор на абласным этапе і выступала на рэспубліцы! Аднак “зорны” склад каманды закончыў школу і зараз, магчыма, гуляе у КВЗ студэнцкіх каманд. А міхалішкаўцы, прызнаюся шчыра, падабаліся мне заўсёды. Таму і непакоіла пытанне: ці змогуць навічкі пацвердзіць рэпутацыю сваіх

папярэднікаў і здзівіць іскрамётным гумарам, ці не пабаяцца вопытных ігракоў з іншых школ?

Аказалася, дарэмна сумнявалася ў гэтай камандзе. Яны выступалі, як заўсёды – непасрэдна і арыгінальна. “Бонус” прадэманстраваў, якія новыя якасці можна адкрыць у сабе з дапамогай бабулек ля пад’езда, як навучыць зяця называць цёшчу мамай і да чаго можа прывесці выступленне з аднарукім танцорам. Дзякуючы рабятам, зараз усе ведаюць, як пераходзяць дарогу “гопнікі”, як арыгінальна папрасіць у сябра “Колу” і што рэальных “пацаноў” у Міхалішках носяць на руках. Асабліва спадабалася мініяцюра, як сын “цярпліва” вучыць маці скачваць і адкрываць файл. Ну і, канешне, “дабілі” міхалішкаўцы сцэнкай, як бацька выхоўвае рамянём салодкагалосага Джасціна Бібера – гэта трэба было бачыць і чуць. Словам, “Бонус” сапраўды парадаваў.

Законы жыцця сцвярджаюць, што ў свеце ўсё павінна быць збалансавана, таму пасля двух добрых нумароў кэвэзэншчыкаў, шчыра кажучы, я чакала слабейшага выступлення. Толькі каманда СШ №1 “Н2 ВО”, якая выступала наступнай, не захацела адпавядаць стандартам і за 10 хвілін на сцэне парушыла ўсе заканамернасці. Жарты сыпаліся адзін за адным. Кэвэзэншчыкі адзначылі парадокс – на ўрок фізкультуры вучні часта забываюць зменны абутак – затое вечарам па гораду ўсе гуляюць у “adidas”. Асобнае “дзякуй” за непаўторны артыстызм дзяўчынкі-хуліганкі Негадзяевай, мініяцюры “калі б юнакі крыўдзіліся, як дзяўчаты” і як гуляюць у футбол поліэтыленавым “мячом”. Ну а парвалі залу рабяты фінальнай песняй: у стылі рэп яны прадэманстравалі ўрокі на новы лад і прапанавалі новую мадэль сучаснага настаўніка. Прызнаюся, “выкладчыкі” гісторыі і біялогіі выглядалі пераканаўча. А ўжо “настаўнік музыкі”, думаецца, пакарыў усю залу – ён выдатна валодаў не толькі лацінаамерыканскімі танцамі, але і класна танцаваў брэйк-данс. Словам, юныя кэвэзэншчыкі ўпэўнілі не толькі гледачоў, але і членаў журы ў правядзенні менавіта такой сучаснай школьнай рэформы. І каманда “Н2 ВО” выступіла сапраўды на “ВО”!!!

Пасля такіх феерычных нумароў каманда Гудагайскай сярэдняй школы з арыгінальнай назвай “Дзеткі ў клетку” выглядала слабей. Рабяты запомніліся мініяцюрай аб зборах у школу дзвюх дзяўчынак: адна бярэ з сабой кнігі, сшыткі, дзённік, другая – люстэрка, бляск для вуснаў, расчоску… Прапанавалі гудагайцы і арыгінальны спосаб, як хутчэй пайсці з урока. А яшчэ, думаю, нікога не пакінуў раўнадушным харызматычны “настаўнік-батанік”.

Вучні Кямелішкаўскіх ясляў-сада-СШ ужо некалькі гадоў не ўдзельнічалі ў КВЗ. Таму на фоне вопытных “аксакалаў” іх каманда “Віні Пух і ўсе, усе, усе…” выглядала не вельмі пераканаўча. Аднак “хто не рызыкуе…” – затое зараз яны ведаюць, над чым працаваць. Рабяты запомніліся прыгожым танцам дзвюх пчолак і каларытнымі вобразамі Віні Пуха і Пятачка – асабліва спадабаўся апошні.

Вясёлыя і знаходлівыя ўдзельнікі з Варнян заўсёды былі ў фаварытах. Сёлета іх “Кампраміс” таксама глядзеўся на сцэне годна. Арыгінальнае і змястоўнае сачыненне на тэму “Як я правёў лета”: “Афігенна. Жнівень выдаўся…” Далей жа расповед пераходзіў у малюнкі. Жарты пра Макса Каржа і рыжую дзяўчынку, мініяцюра пра вяртанне маці з бацькоўскага сходу і танец жывата ад аднаго з кэвэзэншчыкаў – варнянцы трымалі гледачоў у тонусе. Ну а нумар, як супрацоўнікі міліцыі выклік пад песню “Мама Люба, давай!” наогул быў “убойным”.

Ужо пасля першага конкурсу можна было вызначыць некалькі прэтэндэнтаў на перамогу. Але наперадзе быў яшчэ “біятлон”. Нагадаю ўмовы: прадстаўнік кожнай з каманды чытае па некалькі жартаў, затым журы вырашае, хто пакіне сцэну, астатнія працягваюць жартаваць далей, пакуль не застанецца адна каманда-пераможца.

На школьным КВЗ я б назвала гэта конкурсам-парадоксам. Бо тут былі нечаканыя сюрпрызы. Напрыклад, адны з фаварытаў каманда “Камыш” пакінула сцэну ўжо пасля другога круга. А вось куды слабейшыя кямелішкаўцы “прыкалваліся” востра і з густам – іх жарт пра мантажніка на будоўлі, які куды больш небяспечны, чым пралятаючы міма голуб, у літаральным сэнсе “злажыў” усю залу. У выніку да фінішу ў “біятлоне” каманды “даехалі” з наступнымі баламі: “Дзеткі ў клетку” – 0,5, “Камыш” – 0,6, “Бонус” – 0,7, “Віні Пух і ўсе…” – 0,8, “Кампраміс” – 0,9, “Н2 ВО” – 1 бал.

Конкурсы закончыліся – і надышоў хвалюючы момант вызначэння лепшых вясёлых і знаходлівых. На мой погляд, на роўным узроўні выступалі тры каманды: “Камыш”, “Н2 ВО” і “Бонус”. Аднак у кожнай з іх, акрамя плюсоў, былі і свае мінусы. Ідэальным было б узяць мацнейшых ігракоў і стварыць зборную. Але на практыцы гэта зрабіць нялёгка – не кожны вучань можа дабрацца з тых жа Міхалішак у райцэнтр ці наадварот. На жаль, такія моманты ўносяць свае карэктывы. Паўтаруся – гэта маё меркаванне.

Журы ж вынесла свой вердыкт. Лепшым іграком быў прызнаны Вадзім Ількевіч з варнянскай каманды. “Кампраміс” заняў трэцяе месца. На другую прыступку падняўся “Бонус” з Міхалішак. А месца пераможцы падзялілі дзве астравецкія каманды “Н2 ВО” і “Камыш”. З іх і было прапанавана зрабіць адну каманду, якая прадставіць Астравец у Гродне. Атрымаецца гэта ці не – пабачым пасля абласнога этапу КВЗ.


------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.