Даступнае асяроддзе: якая работа ў гэтым накірунку праводзіцца ў Астраўцы

17:00 / 19.05.2025

Для людзей з праблемамі зроку ці апорна-рухальнага апарату такія простыя дзеянні, як схадзіць за пакупкамі ці звярнуцца за кансультацыяй да спецыяліста, часам могуць стаць сапраўдным квэстам. Маніторынг праграмных аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, якія абуладкоўваюцца элементамі даступнага асяроддзя ў гэтым годзе, правялі ў раёне прадстаўнікі тэрытарыяльнага цэнтра, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама, таварыства інвалідаў і БелТІЗ.

На многіх аб’ектах новых мікрараёнаў горада прадугледжана даступнае асяроддзе, якога не было ў старой частцы. Аднак і тут стараюцца зрабіць многае, каб у будынак мог бесперашкодна трапіць чалавек з інваліднасцю.

– Пандус і поручань для людзей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, шырокія праёмы дзвярэй, паніжаныя бардзюры, моўныя інфарматары і тактыльныя накіравальнікі, мнемасхемы са шрыфтам Брайля для людзей, у якіх ёсць праблемы са зрокам, – гэта кароткі пералік элементаў даступнага асяроддзя, – адзначыла галоўны спецыяліст аддзела сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання ўпраўлення арганізацыі сацыяльнай дапамогі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Наталля Таўрэль. – З 2021 года ў краіне цалкам змянілася канцэпцыя стварэння даступнага асяроддзя. Мерапрыемствы ажыццяўляюцца з улікам комплекснага падыходу для ўсіх катэгорый людзей з інваліднасцю.


Першым пунктам у маршруце правяраючых значылася ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Усё неабходнае для абуладкавання даступнага асяроддзя тут закупілі. Праўда, застаюцца пытанні з лесвіцай, але будынак стары. З рэкамендацый: вызначыцца з месцам размяшчэння мнемасхемы 2-га паверха, набыць яе, а таксама моўны індыкатар.


У дзіцячай бібліятэцы ёсць поручні, моўны інфарматар, тактыльныя шыльдачкі, мнемасхемы. З заўваг: абазначыць кантраснай маркіроўкай ручкі. Акцэнтавалі ўвагу і на парозе: у дзвярным праёме чытальнай залы (а гэта адчувальная перашкода для калясачнікаў) – параілі зрабіць перакаты. Для людзей з інваліднасцю такой катэгорыі ўсе прадметы ў памяшканні павінны быць адаптаваны па вышыні, у тым ліку выключальнікі.


Кампетэнтна

Аксана Свірская, намеснік дырэктара ТЦСАН:

Даступнае асяроддзе павінна быць універсальным як для людзей з інваліднасцю, так і для мам з каляскамі, пажылых і фізічна аслабленых грамадзян. На гэты год у Астравецкім раёне запланавана абуладкаваць неабходнымі элементамі 5 будынкаў і 3 аб’екты вулічна-дарожнай сеткі (2 пешаходныя пераходы, 50 квадратных метраў тратуара). 


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич