Дзеці вайны

16:00 / 09.05.2014
Памятай!

Яны мала помняць вайну – малыя былі. А вось пасляваенны час – гэта іх жыццё. Жыццё без хлеба. Басаногае дзяцінства, жытло без даху над галавой. Яны выпілі па поўнай шклянцы гэтай “слодычы” пасляваеннага жыцця.
…Жыла-была лясная свавольніца. Любіла хатнюю жывёліну – каня. Марыла, што стане сапраўдным кавалерыстам, – не збылося. У вольную ад працы часіну ўзбіралася на Сіўку і без сядла гайсала на ім па лясных сцежках – адзіная дзіцячая забава. Здаралася рознае: падала, стагнала ад болю, падымалася, зноў садзілася і ехала далей. Зноў падала, уставала… І прагна імкнулася наперад.
Склалася так, што большую частку дня яна праводзіла побач з бацькам. Дапамагала яму ва ўсіх справах, вялікіх і малых. Цяжкасці адступалі. Адносіны паміж імі складваліся ўважлівыя і зразумелыя.
…Забыліся невыносна цяжкая праца не пад дзіцячую сілу, абед з баланды без хлеба, росныя раніцы, калі босыя ногі заходзіліся ад холаду, як пасла чужых цялят. А цёплая песня бацькі, што гучала залатым звонам у кожным яго слове, не забудзецца. Яна ўздымала настрой, дадавала бадзёрасці, у душы пасяляла святло. Так жыла большасць дзяцей таго часу…
Калі жыццёвая сцежка пасля заканчэння сямігодкі прывяла дзяўчынку да пытання “А што далей?” – разгубілася. І бацька, як заўсёды, дапамог. Выбрала сярэднюю школу – погляды дачкі і бацькі зноў сышліся. Жыла далёка ад хаты. Кватаравала. За вучобу па тым часе трэба было плаціць грошы. А іх у хаце і без таго не хапала – будаваліся пасля вайны. Сама плаціла за вучобу і кватэру. Хлеба, колькі маглі, давалі бацькі. Прыходзіла за ім раз у месяц. Потым рэзала хлеб на лустачкі, сушыла… Урокі пры газавай лямпе. Без радыё, кіно. Затое – кнігі!!!
У час летніх канікул працавала: зарабляла грошы на сенасушэнні. Ставіла сена ў копы на дзікіх лясных палянках – зімою бацькі прадавалі яго за грошы. Здабывала капейкі на іншых работах і складавала іх у рублі.
Школа закончана. Сцежка-лёс прывяла яе да сцен ВНУ. “Усё таму, што маю канягу. Вось і прыімчаў мяне мой Сіўка… І я ўжо моцна сяджу ў сядле, не падаю”, – фантазіі не пакідалі дзяўчыну. А тата ад радасці за дачку наказ выдаў: “Упэўнены, што Сіўка будзе вазіць цябе ў сталіцы па чыстых дарогах. І не забывай сцежкі лясныя, на якіх ты падала”. І ўслед крыкнуў: “Памятай! Толькі па чыстых”…
Скажыце, адкуль чэрпалі мудрасць сваю бацькі таго часу – у лахманах, спрацаваныя, з мінімальнай адукацыяй?..



Швейная машынка

Першая ліпеньская раніца пасля вызвалення Беларусі. Першыя промні сонца кранулі зямлю. Валя, дзяўчынка гадоў чатырнаццаці, ступае па палявой дарозе босымі, сколатымі амаль да крыві нагамі. За руку вядзе чатырохгадовага браціка – худзенькага, маленькага не па гадах. Усе іх родныя загінулі пры налёце нямецкіх самалётаў, што зруйнавалі іх вёску. Бацькі не стала ў пачатку вайны – загінуў на фронце.
За плячыма ў мяшку яна ледзь нясе швейную машынку, цудам уцалеўшую пры пажары. Куды? Сама дакладна не ведае. Людзі параілі, што можна вымяняць гэты скарб на хлеб, бульбу, а лепш – на цялушачку. Шлях далёкі – з Лагойшчыны да Вілейкі. Па дарозе падабрала дзяўчынку-сірату гадоў пяці. Прытуліла яе Валя, як сястрычку. Ад шасці худых ножак пыл разлятаўся ўбакі, падаваўся залатым у промнях заходзячага сонца. Дзе ж зрабіць начоўку?..
Як змагла яна выжыць, зберагчы дзяцей, калі і сама яшчэ была дзіцем? Як здолела вучыцца, закончыць ВНУ? Пад яе пільным вокам і малодшыя “яе” дзеці атрымалі адукацыю. Канешне, вялікая падзяка дзяржаве: яна прытуліла іх на некалькі гадоў у дзетдоме.
Валі ўжо няма на гэтым свеце – толькі светлая, добрая памяць аб настаўніцы матэматыкі Валянціне Іосіфаўне жыве і час ад часу вярэдзіць душу.


-----------------------------------
Яна ГАЛІНА, г. Астравец
.