"Чокнутыя", "Хамяк", "Кеды" і іншыя віншавалі КВЗ
У гэтым годзе Клуб вясёлых і знаходлівых адзначае юбілей – 50 гадоў з даты заснавання. Павіншаваць яго з такой урачыстасцю вырашылі і юныя кэвэзэншчыкі Астравеччыны. Як? Як і належыць – вострымі жартамі, дасціпнымі прыколамі, вясёлым «валеннем дурня» на сцэне – словам, стандартным наборам смехазабойных прыёмаў кожнага ўдзельніка гульні. Тым больш, што і нагода выдалася цудоўная – раённы этап КВЗ сярод школьнікаў, які прайшоў у мінулую пятніцу ў кінаканцэртнай зале “Астравец”.
Святочнай сёлета была і тэма – “Мы віншуем КВЗ”. На першы погляд яна здаецца вельмі простай і лёгкай – ніякіх жорсткіх рамак няма, вытварай сабе на сцэне, што хочаш, а пасля павіншуй КВЗ – і справа зроблена. Ды так могуць думаць толькі навічкі, бо гэта ж такая адказнасць – павіншаваць з юбілеем любімую гульню! Зрабіць гэта трэба абавязкова арыгінальна, цікава, артыстычна і, вядома ж, смешна. Каб спадабалася не толькі гледачам, але і журы. Словам, не адзін дзень карпелі каманды і іх кіраўнікі над сцэнарыямі, прыдумвалі жарты, пасля зноў іх перапісвалі і рэпеціравалі… Тым не менш, нягледзячы на ўсе цяжкасці, жадаючых пазмагацца на рынгу кемлівасці, артыстызму, весялосці і знаходлівасці аказалася нямала – дванаццаць каманд падрыхтаваліся ў гумарыстычнай форме віншаваць КВЗ. Усё гэта яны маглі зрабіць на працягу 10 хвілін толькі аднаго конкурсу – візіткі.
Першай на сцэну выйшла рытаньская каманда “На сваёй хвалі”. Пачалі рабяты з “узнёслага” – наглядна прадэманстравалі, як акрыляе энергетычны напітак Red Bull – настолькі, што за плячыма сапраўды вырастаюць крылы. Хто бачыў выступленне гэтай каманды ў мінулым годзе, напэўна, памятаюць бойкую бабульку з “мабілай”. Сёлета яна таксама наведалася ў госці, каб купіць сабе чарговую “бібілку”. Толькі за гэты час бабуля стала яшчэ больш “прасунутай” і яе патрэбы ўзраслі – старая ўжо не хацела прымітыўны тэлефон са стандартнымі мелодыямі, ёй падавай крутую “мабілу”, і каб там абавязкова была любімая песня, – “А патаму што мы ў кедах”. Што тут скажаш? Такая бабулька любой маладой фору дасць.
Запомніліся рытаньцы яшчэ і дыялогам вядучага Драздова з англамоўнай пандай і віншавальнай песняй на завяршэнне. Словам, рабяты не расчаравалі, далі добры старт і трымаліся годна, сапраўды – на сваёй хвалі.
“Паліва” – так гучна і задорна называлася хлапчуковая каманда з Варнян. Праўда, іх выступленне аказалася не такім гучным. Хочацца адзначыць нумар, дзе хлопец з дзяўчынай ужо пятую гадзіну разглядаюць яе фотаальбом – такой вытрымцы можна толькі пазайздросціць. Таксама, дзякуючы варнянцам, усе даведаліся, што самая вялікая шкода ад курэння – гэта калі выходзіш пакурыць, а ў гэты час з’ядаюць твае пельмені.
Шчыра кажучы, кампанія Velcom магла б і прыплаціць астравецкім юным кэвэзэншчыкам за рэкламу іх тарыфаў для моладзі “Кеды” і “Паўкеды”.
Калі рытаньцы толькі напявалі вядомую песню з рэкламнага роліка, то рабяты з Міхалішак так і назвалі сваю каманду – “Кеды”. Спонсарам жа міхалішкаўцаў выступіла заспакойваючая гарбата “Рамонак”. Праўда, назіраючы, як яны энергічна і няўрымсліва носяцца па сцэне, у мяне закралася сумненне: ці не зблыталі рабяты гэтую гарбату з рытаньскім акрыляючым напоем? Трэба адзначыць, што гэткі ж тэмп міхалішкаўцы падтрымлівалі на працягу ўсяго выступлення – не было ні замінак, ні доўгіх паўз, ні зацягнутых сцэн. Усё праходзіла, што называецца, на адным дыханні. Спадабаўся выпадак у маршрутцы і тралейбусе, прагулка па заапарку. Таксама гледачы даведаліся, у якім стане вяртаюцца дадому пасля заканчэння пачатковай школы. Не абышлося і без рэкламы вядомай туалетнай паперы з дзірачкамі, якая ўжо другі год запар упэўнена трымаецца на рынку. І нарэшце былі расстаўлены ўсе кропкі над “і” – гледачы даведаліся, хто будзе будаваць атамную электрастанцыю: гарачыя таджыкскія хлопцы, аказваецца, ужо шукаюць у Астраўцы жыллё.
Спондаўская каманда “Розныя” запомніліся вясёлым нумарам пра наведванне інтэлігенткай грамадскай лазні, шчырай размовай паміж бацькам і сынам, а таксама дэманстрацыяй новай мадэлі капелюша-процівагаза, які дапаможа ў любой сітуацыі.
“Чокнутыя” – не, гэта не характарыстыка і не дыягназ, а ўсяго толькі назва каманды з Дайлідак. Дарэчы, я б яшчэ прапанавала правесці конкурс і сярод назваў – ёсць дастойныя экзэмплярчыкі. Тым часам песня маладой мамы-школьніцы ў выкананні адной з удзельніц “Чокнутых” здалася мне глыбока філасофскай – тут не толькі смяяцца, а задумацца трэба. Яшчэ рабяты паведамілі, як можна зламаць пазногаць на дыскатэцы і што адбываецца з вадзіцелем “Жыгулёў”, калі ён абганяе “Ламбарджыні”. Але мне больш за ўсё спадабалася трыо кэвэзэнчшыкаў з малодшых класаў. Іх дзіцячая непасрэднасць рабіла выступленне вельмі шчырым і мілым.
Асноўнай “фішкай” кямелішкаўскіх кэвэзэншчыкаў “Зона Х”, безумоўна, стаў нумар пра тое, як дзве сяброўкі імкнуліся трапіць у зборную свайго фізрука. Чаго толькі яны не вытваралі на сцэне – і куляліся, і скакалі праз казла, у ролі якога выступіў той самы фізрук, і адціскаліся… Словам, “дзяўчаты”, якія на справе аказаліся пераапранутымі хлопцамі, справіліся са сваёй задачай на “дзясятку”.
Гервяцкая каманда “З нуля” адкрыла таямніцу, як выбіраюць падарунак работнікі мытні – аказваецца, шасцісоты “мэрс” ці бунгала на якім-небудзь востраве – гэта вельмі танныя падарункі, а вось пакінуць імянінніка на ўсю змену аднаго – задорага. Запомнілася таксама жартаўлівая ісціна, што на наступны дзень пасля таго, як атрымліваеш у падарунак ролікі, разумееш, што найлепшы падарунак – новыя зубы.
Кэвэзэншчыкі з Рымдзюнскай сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання “Анега” прадэманстравалі своеасаблівы гумар. А вось калі на сцэну выйшла альхоўская каманда “Хамяк” стала зразумелым, што гледачоў чакае цікавае, вясёлае і насычанае выступленне. І “хамякі” не падвялі. Арыгінальнае афармленне касцюмаў, песні, танцы і нават жывы торт – бачна, што яны рыхтаваліся сур’ёзна. Выпадак на адной з вуліц Альхоўкі, сустрэча гадзюкі і кобры на атамнай электрастанцыі, дыскатэка ў адной з кватэр шматпавярхоўкі – усё гэта трэба было бачыць. Але больш за ўсё павесяліў залу выпадак у дзіцячым садку “Сонейка”, які ўмоўна можна было б жартаўліва назваць псіхалагічным трылерам з элементамі баевіка “Дуб? Арэх? Або мачала?” Непаўторны артыстызм і цудоўная гульня герояў, асабліва галоўнага – кэвэзэншчыка са стажам – рыжага Мікіты. Словам, малайцы “хамякі”!
Выступленне каманды астраўчан-гімназістаў “Сюбар” пачалося з прыемнай нечаканасці. Павіншаваць КВЗ з юбілеем, паласавацца на свяце, а калі пашанцуе, то і што-небудзь з падарункаў прыхапіць, прыбегла з мульціка і няўрымслівая цікаўная Маша, праўда, без свайго сябра Мядзведзя. У астравецкім варыянце яна выглядала нават больш мілай. А пасля на сцэну выйшлі сур’ёзныя рабяты і пачалі зусім несур’ёзна жартаваць. Пра прынтар “Гарызонт”, які зараз працуе толькі на беларускіх чарнілах, пра жавальную гумку, падушак-сябровак, якія пазбавіліся занятку, бо бабуля страціла каронкі, пра фрэзероўшчыка, якому да пенсіі застаўся ўсяго толькі адзін палец, пра БелАЗ, які заняў месца на міжнародным конкурсе аўтамабіляў – проста пад’ехаў і заняў. Цікавым атрымаўся і нумар, дзе адзін з гімназістаў пранікнёна і з пачуццём праспяваў пра сваю сустрэчу з незнаёмцамі ў цёмным завулку – тут сітуацыя аказалася нестандартнай – а ўсё таму, што ў хлопца з сабой аказаўся пісталет дзядулі. Што ж, “чорны” гумар – таксама гумар. Словам, выступленне гімназістаў спадабалася.
Наступнымі на сцэну падняліся кэвэзэншчыкі з СШ №1 “Неяк так”. І таксама бязлітасна ўдарылі жартамі па гледачах. Рабяты прадэманстравалі, як вяртаецца штодзень муж з арміі, як выйсці з крытычнай сітуацыі рабаўнікам банка, калі яны ўсе – у аднолькавых чорных пакетах, і што нагадвае карціна, калі ў неба падымаюцца 50 паветраных шарыкаў і малодшы брацік Мішка. Ну, а мініяцюра “Жаніх сказаў “не”, па-мойму, гаворыць сама за сябе.
“Прэстыж” – менавіта так назвала сябе каманда з цэнтра пазашкольнай работы, якая выступала апошняй. Трэба адзначыць эфектны пачатак выступлення і ператварэнне калектыўнай фотасесіі ў індывідуальную. Цікава глядзелася “здыманне” сучаснымі дзяўчатамі сучасных хлопцаў. Таксама гледачы даведаліся, што ў сям’і пагранічніка за парушэнне мяжы (хай сабе і ўмоўнай) сурова караюцца нават жонкі. Закранулі “прэстыжныя” і тэму “крутых” айфонаў, шматнацыянальнасці алімпійскай вёскі і, па традыцыі, атамнай электрастанцыі. А яшчэ рабяты прадэманстравалі, што будзе, калі з’есці торт з сюрпрызам, які ўсе хацелі падарыць КВЗ.
На гэтым выступленне каманд закончылася. Журы пачалі падлічваць свае балы, а ўсе чакалі іх вердыкт. Шчыра кажучы, асабіста я не вызначыла для сябе адназначнага пераможцу – паставіла б на адну планку выступленне альхоўцаў, гімназістаў, СШ №1 і ЦПР. Тым не менш, “Хамяк” і “Сюбар” падзялілі трэцяе месца, другое заняла каманда СШ №1 “Неяк так”, а пераможцамі стаў “Прэстыж”, які і адправіцца выступаць-жартаваць на абласны этап.
Галоўнае ж, што ўсе каманды выканалі самую галоўную задачу – жартамі, вясёлымі мініяцюрамі і трапнымі прыколамі павіншавалі з юбілеем КВЗ.
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.