Ці можна ў школе займацца навуковай дзейнасцю?

08:23 / 18.04.2011

У суботу на базе гімназіі №1 прайшла раённая навукова-практычная канферэнцыя, удзел у якой прынялі вучні з розных школ раёна.


“Няўжо ў школе можна займацца навуковай дзейнасцю?” – спытаюць некаторыя. “А чаму б і не?” – адкажуць апантаныя школьнікі, якія без гэтага не ўяўляюць свайго жыцця. І няхай яны робяць толькі першыя крокі, жыццё ў іх яшчэ ўсё наперадзе і, магчыма, некаторыя з іх у будучым стануць вядомымі навукоўцамі.
Пакуль што на конкурс было прадстаўлена 33 работы, якія папярэдне прайшлі завочны адборачны этап. Работу канферэнцыі арганізавалі па пяці секцыях: прыродазнаўча-навуковай, фізіка-матэматычнай, гуманітарнай, філалагічнай і замежных моў.
Пра што толькі не пісалі і не расказвалі вучні! Што толькі яны не даследавалі! “Фізіка вільготнай уборкі”, “Залатое сячэнне” ў архітэктуры Варнян”, “Яго Вялікасць школьны партфель”, “Сям’я ў рускіх прыказках”, “Школьная форма: учора, сёння, заўтра”, “Футбольная тэрміналогія”, “Лінгвакультуралагічны партрэт слова “хлеб”, “Фізічныя тэрміны ў літаратуры” – гэтыя і шмат іншых тэм для сваіх даследаванняў выбралі вучні сумесна са сваімі кіраўнікамі-настаўнікамі. Прычым не проста выбралі, але і дасканала даследавалі, падрыхтавалі даклады і мультымедыйныя прэзентацыі і годна абаранілі свае думкі і меркаванні.
У выніку па рашэнні журы дыпломы І ступені атрымалі: Мілана Шаўліс (гімназія №1), Ангеліна Пятровіч (гімназія №1) і Марта Блашкевіч (Варнянскі НПК), дыпломы ІІ ступені ў Пятра Бразінскага (СШ №1), Аляксандра Рэкеця (Гервяцкая СШ), Сяргея Тухты (СШ №1), Карыны Кармаза (Рымдзюнская СШ з беларускай мовай навучання), Вольгі Калтан (Варнянскі НПК), Аляксандры Даўляш (гімназія №1), Маргарыты Шаўчэнка (СШ №1) і Вікторыі Алексеявец (Гервяцкая СШ), на трэцюю прыступку падняліся Яна Сідарэнка (Варнянскі НПК), Крысціна Войцік (гімназія №1), Артур Сянюць (гімназія №1), Аляксандр Адула (Варнянскі НПК), Дзяніс Ігнатовіч (Варонская базавая школа), Ксенія Пашук (Варнянскі НПК), Анастасія Пятроўская (СШ №1), Юлія Букель (Гудагайская СШ), Аксана Якубцэвіч (Падольскі НПК).
Усе ўдзельнікі канферэнцыі таксама былі ўзнагароджаны дыпломамі за ўдзел.


Алена ЯРАШЭВІЧ.