Тыдзень postfactum: неспакойны студзень

09:50 / 02.02.2011
11220
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Першы месяц новага года не запомніцца стабільнасцю і спакоем.
На жаль, не стаў выключэннем і яго апошні тыдзень…
Вечарам 24-га студзеня ў Маскоўскім аэрапорце “Дамадзедава” адбыўся выбух. Прыстасаванне прывёў у дзеянне тэрарыст-смяротнік. Загінула 35 чалавек. Амаль 200 атрымалі раненні.
Змагацца з тэрарызмам складана. Таму што тэрарызм не ведае правілаў, сумлення, маралі. Яго ахвярай можа стаць хто заўгодна – малады, стары, цывільны, ваенны, мужчына, жанчына, дзіця.
Тэрарызм не ведае літасці і спагады. У сваёй фанатычнай апантанасці ён амаль не паўтараецца, і таму органам правапарадку вельмі складана прадказаць чарговае месца акцыі. І ўсё ж…
Калі мінулым летам быў праездам у Маскве, яшчэ былі свежымі ўспаміны аб нядаўніх тэрактах у метро. Таму спускаўся “пад зямлю” з некаторым апасеннем. Хваляванне яшчэ больш узмацнілася, калі за два дні ні на адной станцыі не заўважыў ні аднаго міліцыянера. Мала адрознівалася становішча і на маскоўскіх вакзалах. Сяржант міліцыі, які ў адзіноце смаліў цыгарку на прыступках Павялецкага вакзала, стаўся адзіным прадстаўніком праваахоўных органаў, якога ўдалося ўбачыць. Тады падумалася: такая бяспечнасць – да пары да часу.
Як аказалася, арганізацыя бяспекі ў аэрапортах мала адрозніваецца ад становішча ў метро і на чыгуначных вакзалах. Зразумела, што на кожным скрыжаванні паставога не паставіш, але і абыякавасць да выканання службовых абавязкаў каштуе падчас вельмі дорага.
Дарэчы, праз некалькі дзён пасля тэракта журналістка інтэрнэт-партала Life.ru змайстравала няхітры муляж бомбы і без перашкод прайшла ва ўсе аэрапорты Масквы. Што называецца – без каментарыяў…
Яшчэ далёка да грамадзянскай згоды ў Тунісе, а акцыі пратэсту апазіцыі пачаліся ў Егіпце і разгортваюцца ў Іарданіі.
За пяць дзён процістаяння апазіцыі і ўлады ў Егіпце загінула больш за 100 чалавек. З нагоды гэтага факту дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан выказала ўсяго толькі заклапочанасць. У цэлым Злучаныя Штаты абмежаваліся заклікамі да дыялогу паміж уладай і апазіцыяй і пазбягання насілля. Прашу заўважыць – ніякіх нават намёкаў на санкцыі і спісы “ўязных-невыязных”.
Зрэшты, усё  будзе залежаць ад таго, як будуць разгортвацца падзеі і ў які бок калыхнуцца “шалі вагаў”.
Трэба прызнаць, што Захад сваёй безумоўнай падтрымкай антыўрадавых выступленняў, абумоўленай нібыта неабходнасцю абароны права народа на свабоднае волевыяўленне, па сутнасці правакуе масавыя беспарадкі. Падобная гульня ў дэмакратыю ні што іншае, як гульня з агнём і з сапраўднай дэмакратыяй не мае нічога агульнага. Насіллю не можа быць  апраўдання.
Акцыі пратэсту супраць дзеючай улады ахопліваюць адну краіну за другой. І не заўсёды гэта краіны і ўрады, за якімі  раней быў замацаваны статус “антынародных рэжымаў”.
Тым не менш, Захад вымушаны неяк рэагаваць на падзеі. А як – незразумела. Славутыя “стандарты еўрапейскай дэмакратыі” не працуюць. Таму што патрабуюць аднаго, а палітычныя меркаванні – зусім іншага.
Адкрытым застаецца і пытанне  забеспячэння стабільнасці ў рэгіёнах, дзе сёння льецца кроў. Пры ўсіх перавагах дэмакратыі, аб якой, дарэчы, Уінстан Чэрчыль гаварыў, што яна добрая толькі “пастолькі, паколькі чалавецтва не здолела прыдумаць нічога лепшага”, поспехі яе ў барацьбе з сацыяльным злом, кшталту маральных заган, злачыннасці, няроўнасці, ды і тым жа міжнародным тэрарызмам даволі сціплыя, калі не сказаць болей.
Нічога не застаецца, як баязліва закрываць на вочы на нейкія рэчы і ўпарта не заўважаць таго, што так яскрава і вобразна бачыцца ў іншых.
Праўда, бачыць з закрытымі вачыма немагчыма. Але гэта ніколькі не засмучае некаторых заходніх палітыкаў. Лёс нашай краіны, напрыклад, яны вырашаюць, не абцяжарваючы сябе дадатковай “лішняй” інфармацыяй. Яно і зразумела: прыедзеш у Беларусь, пагутарыш тут з простымі людзьмі, а не з пакрыўджанымі палітыкамі, зазірнеш у вочы выпадковых прахожых, якія “стогнуць” ад “тыраніі” – і ламай потым галаву над тым  “хто ёсць whо?”
Таму прасцей сабрацца ў Вільнюсе і абмеркаваць у цесным коле сітуацыю ў Беларусі, як гэта вырашылі зрабіць сенатары Кангрэса ЗША.
Толькі вось назваць гэта разумным язык не павернецца.
Адна з нямногіх пазітыўных навін мінулага тыдня тычылася перспектыў будаўніцтва беларускай АЭС.
На фоне некаторага інфармацыйнага зацішша, абумоўленага натуральным, але не вельмі бачным для “няўзброенага” вока працэсам перамоў і ўзгадненняў энергетычных ведамстваў Расіі і Беларусі, прынятыя ў сталіцы Беларусі рашэнні, якія сталі лагічным працягам абмеркавання ядзернай тэматыкі на сустрэчы прэм’ер-міністраў у Маскве, выглядаюць пэўным прарывам.
Генеральны кантракт на будаўніцтва атамнай электрастанцыі павінен быць падпісаны да верасня бягучага года. План-графік яго падрыхтоўкі зацвердзілі сваімі подпісамі першы намеснік старшыні Савета Міністраў Беларусі У. Сямашка і Генеральны дырэктар Дзяржкарпарацыі “Росатам” С. Кірыенка. У верасні павінны пачацца і работы на пляцоўцы АЭС.
Вялікая будоўля заўсёды лепш буйной сваркі.
І гэта так па-беларуску!

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений