Их профессия важна и нужна
АХОЎНІК ДАРОЖНАЙ БЯСПЕКІ

Свой шлях у праваахоўныя органы Уладзімір Іванавіч не лічыць нейкім незвычайным ці асаблівым. Скончыўшы з дзвюма чацвёркамі ў атэстаце Навасёлкаўскую сярэднюю школу, ён вырашыў паступаць у Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. А пасля таго, як закончыў і гэту навучальную ўстанову і атрымаў спецыяльнасць юрыста, быў прызваны ў армію. Служыць давялося ў інжынерных войсках у Гродне. А праз паўтара года, калі вярнуўся дадому, разам з радасцю адчуў і праблему – куды ўладкавацца на працу?
– Скажу шчыра: ісці працаваць па спецыяльнасці юрыстам у сельгаскааператыў мне не хацелася, – расказвае Уладзімір Іванавіч. – Не ляжала душа ў мяне да гэтай працы. Падумаў-паразважаў, а пасля вырашыў паспрабаваць уладкавацца ў міліцыю. Работа нармальная, зарплата дастойная, цяжкасцей я не баяўся – усяму пры жаданні і дапамозе іншых можна навучыцца. Такім чынам я трапіў у Ашмянскі РАУС.
Стажыроўка, вучоба ў Баранавіцкай школе міліцыі і першыя крокі ў патрульна-паставой службе, якія працягнуліся ў паўгадавы маршрут. Затым з’явілася вакантнае месца ў Дзяржаўтаінспекцыі, і Уладзімір Іванавіч змяніў патрульна-паставую на дарожна-паставую службу.
– У Ашмянскай ДАІ прапрацаваў два гады, а затым пачалося скарачэнне… Таму перавёўся ў Астравецкі РАУС, таксама інспектарам ДПС. Яшчэ праз два гады стаў старшым дзяржаўтаінспектарам, а з лютага 2010 года – начальнікам ДАІ. Як адношуся да негатыўных выказванняў у адрас нашых работнікаў? Ды нармальна. Ведаеце, кожная прафесія мае сваю спецыфіку дзейнасці, свае задачы і абавязкі. Дык вось, ДАІ, ды і міліцыя наогул, – гэта орган, які кантралюе. І як можа адносіцца да работніка ДАІ чалавек, калі яго спынілі, выпісалі штраф ці наогул пазбавілі правоў? Аб тым, што ён вінаваты сам, парушальнік часцей за ўсё не думае. Вядома, ва ўсім ён вінаваціць інспектара. Аднак гэта нармальна – трэба проста добрасумленна выконваць сваю работу.
Зараз Уладзімір Іванавіч успамінае, што калісьці, калі трэба было вызначацца з прафесіяй, дзядзька раіў яму паступаць у медыцынскі: добрая і ўдзячная прафесія – выратоўваць людзей ад хвароб і смерці. Толькі вось медыцына хлопца не прыцягвала. Але зараз Уладзімір Іванавіч у некаторай ступені ўсё ж такі выканаў пажаданне дзядзькі – хоць і не выратоўвае людзей ад смерці на аперацыйным стале, але з дапамогай прафілактыкі і строгіх мер перасцярогі стараецца захаваць іх ад трагедый на дарогах.
– Падчас работы прыходзілася быць сведкам ці непасрэдным удзельнікам розных сітуацый.І часта не асабліва прыемных. Усяго бывае: і ноччу на работу даводзіцца выязджаць, і наступствы страшных аварый бачыць, і п’яных вадзіцеляў даганяць… Але мне вельмі пашанцавала з сям’ёй. Ніколі не пачуў ад жонкі папрокаў ці незадавальнення, што прыходзіцца працаваць часам у непрадказальным рэжыме. Трэба – значыць, трэба. За разуменне, падтрымку і надзейны тыл я вельмі ёй удзячны. Бо калі дома ўсё ў парадку, тады і працуецца лепш і лягчэй.
Ёсць ва Уладзіміра Іванавіча і занятак для душы. Любіць ён у вольны час “пакорпацца” ў аўтамабілі. А яшчэ – парыбачыць. Летам! На беразе рачулкі ці возера. Калі навокал – цішыня і непаўторная прыгажосць прыроды і гармонія. Дзе няма дарожных парушальнікаў, аварый, разбітых аўтамабіляў і трывожных сірэн і мігалак. Дзе пануе гармонія і аднаўляюцца сілы...
РОЗНЫЯ ПАКАЛЕННІ - ПРАФЕСІЯ АДНА
На службу ў праваахоўныя органы прыходзяць па розных прычынах: хтосьці марыць аб гэтым з юнацтва, нехта пайшоў “за кампанію” з таварышам, а для некага гэта – працяг сямейнай дынастыі.
Сёння мы вырашылі даведацца пра выбар прафесіі і тонкасці працы ў праваахоўных органах у прадстаўнікоў розных пакаленняў – міліцыянера з 22-гадовым стажам, старшага інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі Анатолія Эдуардавіча Баніцэвіча і яго маладога калегі – участковага інспектара па Гудагайскім сельскім Савеце Генадзія Генадзьевіча Барадзевіча.
– Калі і як вы трапілі ў міліцыю?
Анатоль Эдуардавіч:
– Шчыра кажучы, спачатку я хацеў стаць ваенным. Аднак лёс вырашыў крыху па-іншаму – можа, гэта і да лепшага. Пасля заканчэння Ашмянскага сельска-гаспадарчага тэхнікума пайшоў у армію. Вярнуўшыся ў 1991 годзе, уладкаваўся ў Ашмянскі РАУС. Пачынаў з аддзела барацьбы з эканамічнымі злачынствамі, там адпрацаваў 5 гадоў. Затым перавёўся ў Валожынскі РАУС, дзе расследаваў злачынствы ў крымінальным вышуку, быў участковым. На гэтую ж пасаду прыйшоў і ў Астравецкі аддзел унутраных спраў у 2006 годзе. Праз некаторы час перайшоў у інспекцыю па справах непаўналетніх. Зараз працую ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Вось такі – пакручасты і няпросты быў мой шлях у міліцыі. Дзе было цікавей працаваць? Ды ўсюды свая спецыфіка, свае плюсы і мінусы, аднак заўсёды цікава спрабаваць сябе ў крыху іншым рэчышчы.
Генадзій Генадзьевіч:
– Тое, што хачу быць міліцыянерам, я вырашыў даўно. Чаму? Дакладна і не ведаю. Можа, крыху паўплывалі сямейныя традыцыі: маці працавала старшым пашпартыстам, стрыечны брат таксама служыў у органах унутраных спраў. А можа, проста таму, што з дзяцінства падабалася форма, людзі ў пагонах і ўсё, што было звязана з міліцыяй. Так ці інакш, але пасля арміі – служыў, дарэчы, у войсках МУС – я прыйшоў на працу ў міліцыю. Прызначылі ўчастковым інспектарам па Гудагайскім сельскім Савеце, дзе і працую. Завочна паступіў у Акадэмію МУС.
– Першыя ўражанні ад працы: ці адрознівалася ўяўленне аб службе ў міліцыі да таго, як вы сталі працаваць і тады, калі сталі часткай гэтай службы?
Анатоль Эдуардавіч:
– Паўтаруся, я хацеў быць ваенным. Канешне, там крыху іншая спецыфіка, чым у міліцыі, але і падобная нечым. Таму я не скажу, што служба ў міліцыі шакіравала ці выклікала нейкія бурныя эмоцыі. Нармальныя ўражанні ад работы, якая мяне задавальняе.
Генадзій Генадзьевіч:
– З самага пачатку ведаў, што праца ў міліцыі адрозніваецца ад “кіношнай” рамантыкі і авантурызму. Але, як я казаў, мне сапраўды падабаецца гэтая прафесія. Падабаецца шукаць і высвятляць, чаму чалавек так зрабіў, і якія для гэтага былі прычыны? І калі трэба, даць яму шанс на рэабілітацыю, бо кожны чалавек – у першую чаргу чалавек, які можа памыліцца ці пераступіць мяжу. Падабаецца мець стасункі з рознымі людзьмі. Таму ўражанні былі нармальнымі і апраўданымі.
– Узгадаем вядомыя словы з песні: “Наша служба и опасна и трудна…” Што самае складанае ў вашай прафесіі?
Анатоль Эдуардавіч:
– Я б не стаў вылучаць прафесію міліцыянера з іншых. У кожнай рабоце ёсць свая спецыфіка, свае нюансы і, вядома ж, нейкія цяжкасці. У нас – таксама. Я лічу гэта нармальным.
Генадзій Генадзьевіч:
– Складана знайсці патрэбны падыход да чалавека. Людзі – абсалютна розныя, і падыходу патрабуюць адпаведнага. Трэба адчуваць чалавека, яго характар, якасці, асаблівасці… І ведаць, як паўплываць, каб ён не нарабіў бяды, у першую чаргу – для сябе самога.
– Як родныя адносяцца да вашай працы?
Анатоль Эдуардавіч:
– Станоўча. І за гэта я вельмі ўдзячны ім. Працуецца лягчэй, больш прыемна і эфектыўна, калі ведаеш, што дома чакае надзейны тыл і падтрымка.
Генадзій Генадзьевіч:
– Нармальна. Усе ведалі, што я пайду ў праваахоўныя органы. Таму мой выбар не выклікаў здзіўлення ці шоку.
– Што павінна быць галоўным для супрацоўніка міліцыі?
Анатоль Эдуардавіч:
– Чэснасць і справядлівасць у любых сітуацыях.
Генадзій Генадзьевіч:
– Адносіны да людзей павінны быць аднолькавымі і раўнапраўнымі для ўсіх людзей. Нават калі нехта парушыў закон, ён мае права як на пакаранне, так і на спробу апраўдання ці выпраўлення.
– Вашы пажаданні калегам з нагоды прафесійнага свята?
Анатоль Эдуардавіч:
– Здароўя, дабрабыту, пабольш зорак на пагонах і ўсяго самага добрага.
Генадзій Генадзьевіч:
– Удачы, поспехаў у працы і асабістым жыцці.
МАМА-МІЛІЦЫЯНЕР
Маленькай дзяўчынкай яна з замілаваннем, захапленнем і шанаваннем глядзела на свайго бацьку і асабліва – на яго прыгожую, акуратна адпрасаваную форму, на бліскучыя гузікі і таямніча-прывабныя пагоны, дзе дзіўным чынам палоскі змяняліся зорачкамі. І часам, калі ніхто не бачыў, ціхенька даставала з шафы парадны пінжак ці фуражку, прымярала – і, любуючыся сабой у люстэрку, заплюшчвала вочы і марыла: “Калі я вырасту, у мяне абавязкова будзе такая ж форма… Калі я вырасту, я буду, як тата… Калі я вырасту, я стану працаваць у міліцыі”.
Мара той маленькай дзяўчынкі, а зараз капітана міліцыі Таццяны Анатольеўны Мятлеўскай збылася. Праўда, шлях да яе ажыццяўлення быў няпростым, жыццё некалькі разоў прапаноўвала іншы выбар, больш прэстыжную альтэрнатыву ці лягчэйшую дарогу. Ды толькі Таццяна непахісна стаяла на сваім: я хачу працаваць у міліцыі.
– Навошта мне гэта? – усміхаецца на маё правакацыйнае пытанне жанчына. – Ну як жа?! Я з дзяцінства аб гэтым марыла. У міліцыі працаваў мой бацька – Анатолій Вячаслававіч Прудніковіч. Маленькая, я вачэй не магла адвесці ад яго міліцэйскай формы. Калі падрасла, часта забягала да яго ў райаддзел. Людзі ў пагонах для мяне былі амаль што ідэальнымі, добрымі і правільнымі. І так хацелася быць такой жа, як мой тата і яго саслужыўцы...
Атрымаўшы спецыяльнасць юрыста ў Ашмянскім каледжы, Таццяна першы раз пайшла “штурмаваць” раённы аддзел унутраных спраў. Але гэтая спроба аказалася няўдалай. Аднак гэта не выбіла яе з каляіны, не прымусіла пашкадаваць аб выбары – адчайвацца і адступаць дзяўчына не збіралася. Паступіла на завочнае аддзяленне ў Інстытут кіравання на юрыдычны факультэт. А праз некаторы час зноў прыйшла ў Астравецкі РАУС. На гэты раз Таццяне пашанцавала больш – яе ўзялі вольнанаёмнай у інфармацыйны цэнтр. Мара амаль што збылася… Але не поўнасцю. Так, яна працавала ў міліцыі, выконвала важную работу, аднак… Таццяна не лічыла сябе паўнапраўным работнікам праваахоўных органаў, бо такая жаданая міліцэйская форма, хоць і была блізкай, але так і засталася пакуль марай. Пакуль… Бо дзяўчына цвёрда верыла і ведала, што надыдзе час – і яна абавязкова збудзецца.
Тым часам лёс зноў падрыхтаваў падножку, нібы знарок прымушаючы Таццяну адмовіцца ад сваёй мэты. На некаторы час прыйшлося змяніць месца працы: яна стала працаваць у бюро тэхнічнай інвентарызацыі.
Толькі дарма стараўся лёс. Нядоўга знаходзілася Таццяна на новай рабоце. І ўвесь час не пераставала цікавіцца вакансіямі ў міліцыі. Вельмі хутка зноў прыйшла ў аддзел унутраных спраў. На трэці раз непахісная сцяна скарылася. У студзені 2007 года Таццяну адправілі на курсы падрыхтоўкі, а ўжо ў красавіку яна прыступіла да абавязкаў інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі.
– Што адчувала? Ну, канешне ж, вялікую радасць! Нягледзячы ні на што, мара збылася. І за ўвесь час працы ў міліцыі я ні разу не пашкадавала аб сваім выбары. Ні разу! І гэта праўда. Спрабавала іншую работу. Ну не маё – і ўсё тут. Мне падабаецца мая праца. Я ўдзячна ўсім, хто дапамог асвойваць прафесію: М.І. Макею, які, калі прыйшла ў міліцыю першы раз, вадзіў мяне па калідорах і ўсё тлумачыў, А.І. Свілу, з якім працавала ў інфармацыйным цэнтры, В.Ф. Яромічу, які дапамог прыйсці на службу ў міліцыю, ды і ўсім астатнім былым і цяперашнім калегам.
Зараз Таццяна Анатольеўна Мятлеўская працуе інспектарам аддзялення грамадзянства і міграцыі. А ўвесь вольны час прысвячае пяцігадовай дачушцы Дашы. Мабыць, дзяўчынка таксама, як некалі сама Таццяна, і любуецца мамай у такой прыгожай, з бліскучымі гузікамі, форме. І ганарыцца, што яе мама – міліцыянер.
--------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.