Мечты должны исполняться!
Лічыцца, што самыя запаветныя жаданні трэба ажыццяўляць змоладу. Не паспеў – значыць, спазніўся. Мая візаві Алена Казіміраўна Арлоўская – элегантная, маладжавая дама – з гэтым сцверджаннем абсалютна не згодна. Навучыцца вадзіць аўтамабіль яна марыла з дзіцячых гадоў, але ў Мар”інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, куды яна паступіла вучыцца на агранома (Беларускую сельгасакадэмію скончыла пазней) кіроўцаў-аматараў не рыхтавалі. Прыйшлося адкласці мару на потым.
Маці вельмі хацела, каб Алена навучылася шыць – краўчыха заўсёды будзе мець кавалак хлеба. Аднак дачка без асаблівага жадання карпела над тканінай, затое з радасцю ўладкоўвалася ў кабіне татавага грузавіка, нават спрабавала круціць руль, калі ён, заглушыўшы матор, адыходзіў па справах. Дзяўчынку вельмі прыцягвала тэхніка. Таму і прафесію выбрала вясковую, разам з дыпломам атрымала і абавязковыя правы трактарыста. Механізатарская практыка не абышлася без кур’ёзаў. У першы дзень Алена атрымала заданне культываваць сад. Трактарыст пакінуў практыкантку на волю лёсу, і яна, зачапіўшыся за дрэва, зламала культыватар. Але з часам навучылася ўпраўляцца са “стальным канём”.
А потым былі замужжа, праца ў калгасе, кар’ера – пасада вызваленага сакратара партыйнай арганізацыі ў Хойніках. І – Чарнобыль...
Сям”ю. Арлоўскіх перасяленскі лёс закінуў у Астравец. Муж Васіль быў у сотні будаўнікоў, якія на чале са сваім шэфам Мікалаем Іванавічам Кавалёвым уліліся ў штат мясцовай МПМК-158 і пабудавалі ў Астраўцы жыллё для сваіх сем’яў. Работы па спецыяльнасці Алене Казіміраўне на новым месцы не знайшлося, яна была гатова перакваліфікавацца і зарэгістравалася ў цэнтры занятасці насельніцтва. Неўзабаве ёй прапанавалі працу ў Ашчадбанку. Давялося паглыбіць веды па эканоміцы і атрымаць пасаду – па аказанні банкаўскіх паслуг фізічным асобам. Алена Казіміраўна з той пароды людзей, якія не задавальняюцца павярхоўным веданнем справы. Ёй трэба дасканала ўнікнуць ва ўсе тонкасці, тым больш, што праца ў банку вымагае асаблівай скрупулёзнасці і адказнасці. Гэтыя якасці, варта зазначыць, ёсць у характары маёй субяседніцы, таму кар’ера яе ў банкаўскай сферы складвалася паспяхова. І калектыў стаў сапраўды родным. Так адпрацавала Алена Казіміраўна ў Астравецкім філіяле ААТ “Беларусбанк” да свайго 61 года. Потым адбылася рэарганізацыя банкаўскай сістэмы раённага ўзроўню, астравецкі філіял стаў структурным падраздзяленнем Смаргонскага, што прывяло да карэкціроўкі штатаў. Алена Казіміраўна выйшла на заслужаны адпачынак. Але доўга на пенсіі не заседзелася – яе запрасіла на працу арганізацыя, што арандавала ў банку частку памяшкання. Цяпер Арлоўская кансультуе аматараў розных латарэй – “Суперлато”, “Кена” і іншых.
А як жа даўнейшая мара вадзіць машыну? Няўжо так і засталася марай? Якраз не! Праўда, ажыццяўленне яе пачалося з сумнай ноты. Дзесяць гадоў таму пайшоў з жыцця муж Алены Казіміраўны. Яны разам збіраліся набыць аўтамабіль, але не паспелі. Яна часта наведвае магілу роднага чалавека, у думках дзеліцца з ім набалелым.
– Зямля на могілках няважная – пясочак. А мне так хацелася ўпрыгожыць месца апошняга супакаення Васіля кветкамі. Аднойчы набрала я на агародзе тры вядры ўрадлівай зямлі, усчапіла іх на веласіпед – па адным на руль, трэцяе на багажнік, да рамы рыдлёўку прывязала, пакунак з расадай. Збіраўся дождж, таму давялося ўзяць яшчэ і парасон ў руку. Вязу памалу свой груз. З неба закапала, я паспрабавала раскрыць парасон і – выпусціла веласіпед з рук... Зямля рассыпалася. Падбіраю яе і плачу, сябе дакараю за неабачлівасць. Да якой пары, думаю, мучыцца буду? Трэба нарэшце навучыцца вадзіць машыну. Так і прыйшла ў аўташколу Ірыны і Сяргея Маскалёвых.
– Сярод навучэнцаў я была самая старэйшая, – працягвае Алена Казіміраўна. – Астатнія – дзеці, а некаторыя нават ва ўнукі мне па ўзросце падыходзілі. Але я вырашыла не адставаць ад іх на занятках і тэарэтычную частку вывучыла добра. А вось ваджэнне... Моладзь адважная, рызыкоўная. На аўтадроме такія піруэты выкручвала... Не дзіўна: каго бацька дадаткова вучыў вадзіць, каго – старэйшыя браты або сябры. А я ўсяго баялася і падвучыцца не мела ў каго. Інструктары Сяргей Іванавіч Касцючэнка і Сяргей Аляксандравіч Маскалёў пасмейваліся з маіх страхаў, аднак патрабаванняў не зніжалі. “Усё ў вас атрымаецца,” – запэўнівалі.
– І атрымалася?
– Не адразу. Тэарэтычную частку здала без сучка і задзірынкі, начальнік Дзяржаўтаінспекцыі нават у прыклад маладым паставіў, а ваджэнне пакарылася толькі з другой спробы. Ніяк не магла заехаць заднім ходам у гараж. Усю зваротную дарогу дадому праплакала ад сораму. Шчасліўчыкі любуюцца новенькімі дакументамі, а ў мяне на душы кошкі скрабуць. Не мець мне правоў, думаю. Ды нічога, паездзілі яшчэ з інструктарам на аўтадроме, і нарэшце экзамен быў паспяхова здадзены. Так на парозе свайго 60-годдзя я атрымала вадзіцельскае пасведчанне. Бывалыя аўтааматары раілі хутчэй купляць машыну – вадзіцельскія навыкі трэба адразу замацаваць, інакш потым забаішся садзіцца за руль і страціш іх.
Алена Казіміраўна ўжо бачыла сябе за рулём невялікай, прыгожай ластаўкі-іншамаркі (хаця і не ведала, якой канкрэтна), нават уяўляла сваё першае аўтападарожжа. Вось толькі калі яно адбудзецца?
Патэлефанавала сяброўка з Мінска: “Прыязджай, будзем выбіраць табе машыну, мой сын дапаможа”. А хлопец, трэба сказаць, – вялікі дока ў сучасных іншамарках, адчувае тэхніку нібыта жывы арганізм.
Прыехалі на аўтарынак. Алене Казіміраўне адразу кінулася ў вочы сімпатычнае “рэно” вішнёвага колеру з перламутрам.
– Адчуваю: мая машынка. Пахадзілі па радах, павыбіралі. А мяне ўсё да гэтай цягне. Яшчэ крыху паразглядвалі, вярнуліся, а да маёй “ластаўкі” ўжо іншыя пакупнікі прыцэньваюцца. Не, думаю, трэба хутчэй забіраць. Аўто аказалася ў добрым тэхнічным стане. Дасведчаныя людзі ўсё як след адрэгулявалі, памянялі фільтры і сказалі: “Катайся на здароўе”.
– Ніяк не магла адважыцца сесці за руль. Трэба ехаць у Смаргонь афармляцца, дакументы неабходныя атрымліваць, а я баюся. Выручыў сусед і даволі арыгінальным чынам. Толькі крануліся, як ён кажа: “Я правоў з хаты не браў, так што едзь сама, я буду сядзець побач і падказваць, калі спатрэбіцца”. Што тут зробіш? Паехала. Усё прайшло як належыць. Нейкі час яшчэ пабойвалася адна ездзіць, рукі дрыжэлі, як ключы брала, ды неўзабаве страх прайшоў.
– А як з рамонтам?
– Дык аўтасервіс ёсць! У мяне пляменнік у Мінску каля станцыі тэхабслугоўвання жыве, памагае, калі трэба.
Цяпер Алена Казіміраўна самастойна ездзіць у Смаргонь, Ашмяны, возіць суседку на дачу, сябровак у лес. У яе з’явіліся ўлюбёныя грыбныя ды ягадныя куточкі, месцы адпачынку.
Вось як важна пераадолець сябе, справіцца з пачуццём страху і паверыць ва ўласныя сілы. А вы кажаце: калі б старасць магла... Зрэшты, у дачыненні да маёй візаві аб старасці гаварыць рана: такой энергіі, жыццялюбству, няўрымслівасці нават маладыя могуць пазайздросціць. А я шчыра захапляюся яе вернасцю юнацкай мары і рашучасцю ў дасягненні мэты. Гладкіх і шчаслівых вам дарог, Алена Казіміраўна! Няхай ваша “ластаўка” лятае доўга і спраўна.
Таіса СЯМЁНАВА.