Знакомьтесь: Олег Тымуль!

12:00 / 04.03.2016
ТымульЖыццё чалавека – не прамая дарога, яно складаецца з крутых віражоў і нечаканых паваротаў. І відавочнае на першы погляд у імгненне перайначваецца, змяняе курс, і ты пачынаеш рухацца зусім у іншым накірунку.
Алег Часлававіч Тымуль таксама ніколі не думаў, што будзе з лёгкасцю арыентавацца ў камп’ютарных праграмах, разбірацца ў правапарушэннях і працаваць у аддзяленні Дзяржаўтаінспекцыі раённага аддзела ўнутраных спраў.

– Нарадзіўся я ў вёсцы Васюкі, што на Смаргоншчыне, але хутка наша сям’я пераехала ў Астравец, – расказвае Алег Часлававіч. – Усё дзяцінства і юнацтва ў мяне тут прайшло, таму можна сказаць, што я свой, тутэйшы. Шчыра кажучы, прафесію не выбіраў. Аднойчы ў 8-ым класе з аднакласнікам вырашылі ў сельскагаспадарчы тэхнікум паступаць. Праца ў калгасе для спецыялістаў заўсёды знойдзецца, тым больш што наш раён заўсёды быў сельскагаспадарчым. Вырашылі – і паехалі пакараць “універсітэты” аж у Калінінградскую вобласць. Паступілі ў Азёрскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Адвучыліся 4 гады і вярнуліся дадому.
Маладога спецыяліста накіравалі на працу ў калгас імя Карла Маркса, цэнтр якога знаходзіўся ў Вароне. Брыгадзір, загадчык участка, інжынер па працаёмкім працэсе – тут хлопцу давялося паспрабаваць сябе ў розных прафесіях. Але цяжкасцей ён не баяўся, з людзьмі таксама хутка знаходзіў агульную мову, таму з работай праблем не было. А вось дабірацца на працу было праблематычна: на папутках, на аўтобусе, а часцей за ўсё – “на сваіх дваіх” па маршруце Астравец – Варона – Астравец Алег Тымуль штодзень спяшаўся на работу і вяртаўся дадому. Спачатку ён не звяраў увагу на гэтую нязручнасць. А вось калі дома яго стала чакаць жонка, усё часцей пачаў задумвацца: ці не змяніць месца працы?
Дарэчы, са спадарожніцай па жыцці Святланай мужчына пазнаёміўся яшчэ падчас вучобы ў тэхнікуме. “Азёрская” дзяўчына хутка захапіла яго сэрца ў палон. Іх пачуццё прайшло і сапраўднае выпрабаванне адлегласцю: ён скончыў тэхнікум і вярнуўся ў Беларусь, а яна засталася давучвацца. Гэта цяпер штодзень можна размаўляць па мабільным тэлефоне і нават бачыць адзін аднаго па скайпу. А тады яны слалі адзін аднаму лісты і з нецярпеннем чакалі сустрэчы. Таму і з вяселлем марудзіць не сталі – проста аднойчы Алег паехаў у Азёрск халастым, а назад вярнуўся ўжо з маладой жонкай.
– Ну а што зробіш? – смяецца мужчына. – Пакуль вучыўся, мясцовых, астравецкіх, дзяўчат разабралі, давялося адтуль прывезці.
Хутка маладая сям’я Тымуль папоўнілася яшчэ адным чалавечкам – у іх нарадзілася дачка. І Алег аслававіч зноў задумаўся аб тым, каб змяніць працу.
– А тут якраз і сябры параілі ў Дэпартамент аховы вартаўніком уладкавацца – зарплата амаль тая ж, а праца на месцы. Падумаў – і перайшоў. Як у міліцыю трапіў? Футбол дапамог.
Спортам Алег захапляўся з дзяцінства, а бясспрэчным фаварытам быў футбол. Яшчэ калі хлопец вучыўся ў 5-ым класе, да яго падышоў трэнер Яўген Міхайлавіч Яфімаў і параіў запісацца ў секцыю. З таго часу Алег з футболам не развітваўся. Удала выступаў за зборную каманду Астраўца падчас розных спаборніцтваў. У 1986 годзе астраўчане нават сталі пераможцамі “Скуранога мяча”.
Часам збіраліся на стадыёне і гулялі для сябе. Падчас адной такой сустрэчы Алег Часлававіч разгаварыўся з Генадзем Альбінавічам Драбам – і той паклікаў у міліцыю.
– З фізічнай формай у мяне заўсёды ўсё ў парадку было – зноў жа дзякуючы заняткам спортам, таму абласную медыцынскую камісію прайшоў без праблем. Заставалася адно – чакаць, пакуль вакансія з’явіцца. Тры гады чакаў. А затым нарэшце выклікалі. Як зараз памятаю: свабодных месцаў – тры, а прэтэндэнтаў шасцёра. Сядзім, чакаем, хвалюемся. Першым Сяргея Шлыковіча ўзялі, затым – Віталя Герасіма, а ў мяне шансаў усё менш і менш. Усё ж пашанцавала – трэцім я аказаўся.
– Узялі мяне малодшым інспектарам прафілактыкі і пасадзілі за камп’ютар, каб дакументы афармляў, – працягвае ўспамінаць Алег Часлававіч. – А я ж за ім ніколі не працаваў! Замацавалі за мной Аляксандра Іванавіча Свілу, каб дапамагаў. Ох, і многа ж ён на мяне цярпення патраціў, пакуль усяму навучыў. І ноччу дадому, бывала, яму тэлефанаваў. Праз некаторы час нават у падначаленыя да яго трапіў – маю пасаду скарацілі і перавялі ў інфармацыйны цэнтр. А затым начальнік ДАІ да сябе паклікаў – так я стаў інспектарам па адміністрацыйнай практыцы, якім працую і зараз. Вось толькі ў пасадзе дадалася прыстаўка “старшы” (усміхаецца).
Асноўная праца Алега Часлававіча – зноў жа за камп’ютарам, з якім ён даўно перайшоў на “ты”: афармленне пратаколаў, вядзенне дакументацыі, адказы на звароты. Час ад часу даводзіцца дзяжурыць і на дарозе, а таксама выязджаць на выклікі.
– Праца ў ДАІ мне больш за ўсё падабаецца – цікавая, жывая і з рознымі людзьмі стасункі. Толькі вось дрэнна, калі на дарожна-транспартныя здарэнні з пацярпеўшымі выязджаеш. Жудасна і непрыемна. Памятаю: можа, два месяцы адпрацаваў – выклік на аварыю ў Вароне. Аўтамабіль пад фуру трапіў – тры чалавекі загінулі, у тым ліку дзяўчына. Аднаго з іх я па працы ў Ахове крыху ведаў. Сяргеем яго, здаецца, звалі…
У праваахоўных органах Алег Часлававіч Тымуль адпрацаваў сямнаццаць гадоў. Добрасумленна выконваў свае абавязкі, абараняў гонар астравецкай міліцыі на спартыўных мерапрыемствах. А сёлета ён збіраецца на заслужаны адпачынак.
– Крыху да “паўналецця” не дацягнуў, – усміхаецца Алег Часлававіч. – Час ляціць хутка і непрыкметна – дачка з сынам выраслі, ужо і ўнук з унучкай падрастаюць. А маё жыццё выходзіць на новы паварот.

---------------------------
Марына Мацкевіч.