Знакомьтесь: педагог, цветовод и орнитолог Станислав Пометько!

16:00 / 11.02.2016
Станислав ПометькоНе трэба быць філосафам, каб зразумець, што кожны чалавек – асобны Сусвет. Адзін – загадкавы і таямнічы, другі – прамалінейны і сур’ёзны, трэці – няўрымслівы і вясёлы, чацвёрты – сціплы і нешматслоўны… А ёсць простыя і шчырыя ў думках, словах і паводзінах людзі, неабыякавыя да ўсяго, што іх акружае. Менавіта да такіх людзей адносіцца Станіслаў Баляслававіч Памецька – былы настаўнік фізічнай культуры і здароўя Варонскай школы, заўзяты аматар птушак і цікавы суразмоўца.

Станислав Пометько1Спартыўныя вытокі
Нарадзіўся Станіслаў Баляслававіч у вёсцы Падпопішкі (тагачасны Свірскі раён) у сям’і калгаснікаў Юзэфы Адамаўны і Баляслава Іпалітавіча Памецькаў. Як і ўсе дзеці, ён любіў гуляць у футбол, купацца, хадзіць у лес у грыбы і ягады і бавіць час з сябрамі на ўлонні прыроды.
Школьныя гады сталі лёсавызначальнымі для Станіслава Баляслававіча. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Сігізмундаўна Кавалеўская прывіла хлопчыку любоў да кніг, а Свіранская бібліятэка была адным з любімых месцаў падлетка. Ён часта ўяўляў сябе то адважным і бясстрашным Рабінзонам Круза, то прымерваў на сябе ролю Маўглі і спрабаваў уявіць: а як гэта – жыць сярод жывёл, без людзей?..
А ўрокі біялогіі Элеаноры Вікенцьеўны Шаблінскай абудзілі ў хлопца цікавасць да птушак. Летам у чыстым блакітным небе ён часта спрабаваў злавіць позіркам сілуэт легкакрылай ластаўкі ці далікатнага і прыгожага бусла. Убачыўшы невядомую птушку, хлопчык стрымгалоў бег у бібліятэку, дзе ў энцыклапедычных даведніках знаходзіў, адкуль яна з’явілася ў гэтай мясцовасці і чым адметная. Станіславу птушкі здаваліся асаблівымі божымі стварэннямі: яны, у адрозненні ад чалавека, з вышыні маглі ўбачыць засеяныя збажыной нівы, драўляныя хаты, палеткі і лясы…
А вольны ад кніг і вучобы час Станіслаў праводзіў з сябрамі. Футбол і валейбол настолькі захаплялі падлеткаў, што яны арганізоўвалі цэлыя серыі гульняў па ўсіх правілах вялікага спорту: стваралі каманды ў розных вёсках, а спаборніцтвы праводзілі паміж камандамі з Каранят і Свіранак, Жукойняў і Падольцаў.
Адлегласць у 15-18 кіламетраў, якую хлопцы пераадольвалі перад гульнёй, здавалася дробяззю ў параўнанні з гарачымі спартыўнымі баталіямі, якія разварочваліся на імправізаваным футбольным полі. І хоць мячоў для штодзённай гульні ў той час не было, кемлівыя юнакі знайшлі выйсце: з гумавых камер ад трактарных колаў яны самастойна шылі мячы.
Летам у футбол ігралі па вечарах, бо, як і ўсе вясковыя дзеці, футбалісты-аматары дапамагалі бацькам на зернясховішчы, на стагаванні саломы, на сушцы сена. А пасля, узмакрэўшыя і запыленыя, яны з усіх ног беглі на Вілію, каб змыць з сябе дзённы пыл і крыху адпачыць у прахалодных рачных водах перад вечаровым матчам.

Станислав Пометько2Педагог
Юнацкае захапленне спортам не знікла: Станіслаў паступіў ў Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры, а пасля яго заканчэння ў 1974 годзе прыйшоў працаваць настаўнікам фізічнай культуры ў Варонскую васьмігодку. Малады ініцыятыўны педагог адразу ўліўся ў педагагічны калектыў, які тады ўзначальвала Фаіна Міхайлаўна Быкава. Улюбёны ў сваю справу, Станіслаў Баляслававіч заўважаў спартыўныя задаткі ў вучнях і ўмела развіваў іх. За 30 гадоў педагагічнай працы ў Варонскай васьмігадовай школе настаўнік не толькі захапляў вучняў сваім прадметам і спортам, але і загартоўваў іх фізічны спрыт і сілу духу, уменне пераадольваць слабасці, прывіваў асноўныя спартыўныя якасці: павагу да саперніка, цярплівасць, волю. Разам з вучнямі ён радаваўся кожнай іх перамозе, працаваў над іх памылкамі і дапамагаў сваім выхаванцам мудрымі парадамі.
Прадаўжальнікамі справы Станіслава Баляслававіча сталі яго вучні: Іван Бароўка – настаўнік фізічнай культуры, які пэўны час узначальваў аддзел спорту і турызму Астравецкага райвыканкама; Яніна Філіповіч і Андрэй Бумбуль – настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Варнянскага НПК; Анатоль Кавалеўскі – дырэктар фізкультурна-аздараўленчага комплексу аграгарадка Гервяты; Руслан Пляўга – член зборнай Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы; Рамуальд Чахрач – трэнер па лёгкай атлетыцы.
Станислав Пометько4Станіслаў Баляслававіч лічыць, што ніякіх сакрэтаў прафесійнага майстэрства няма, галоўнае – аддаваць усю душу дзецям, любіць тое, што ты робіш.
У скарбонцы таленавітага настаўніка за перыяд педагагічнай дзейнасці “прапісалася” шмат узнагарод рознага ўзроўню. Акрамя грамат, Станіслаў Баляслававіч да гэтага часу захоўвае сувеніры са спартакіяд і спаборніцтваў. За кожнай граматай, за кожным спартыўным поспехам вучняў Варонскай школы стаіць вялікая праца Станіслава Баляслававіча, яго вопыт і ўменне захапіць дзіця спортам.

Арнітолаг
Набыўшы ў 60 гадоў новы для сябе статус “пенсіянер”, Станіслаў Баляслававіч не разгубіўся, а цвёрда вырашыў, што вольны час прысвеціць сваім шматлікім захапленням.
З дзяцінства яго не пакідала цікавасць да птушак. Мужчына і зараз успамінае, як падчас службы ў арміі на Далёкім Усходзе ён убачыў бусла, які адрозніваўся ад нашага фіялетавымі нагамі і дзюбай. І гэтая незвычайная птушка-цуд уразіла салдата. З той пары з’явіліся дзённікі назіранняў за птушкамі. Яны і зараз запаўняюцца Станіславам Баляслававічам, актыўным членам грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
У верасні-кастрычніку Станіслаў Баляслававіч звычайна займаецца падлікам птушак. Дзякуючы яго шматгадзінным назіранням з дапамогай бінокля, летась толькі ў Вароне было зафіксавана 30 відаў, 652 асобін птушак. Сярод іх у “аб’ектыў” трапілася нават “чырвонакніжная” белая чапля.
Ён не толькі назірае за птушкамі, але і малюе іх, а таксама збірае фотаздымкі пярнатых. Калекцыя Станіслава Баляслававіча налічвае 120 фотаздымкаў і 20 уласных малюнкаў.
Дарэчы, малюе Станіслаў Баляслававіч не толькі птушак, але і прыроду, архітэктурныя помнікі. У яго даўно саспела задума стварыць серыю графічных малюнкаў касцёлаў Астравецкага раёна. Напрыклад, наведвальнікі выставы, якая дзейнічала ў Варонскай сельскай бібліятэцы, маглі ўбачыць малюнкі з касцёламі святых Космы і Даміяна ў Астраўцы, святога Юрыя ў Варнянах, святога Міхаіла Арханёла ў Міхалішках, Святой Тройцы ў Гервятах.
Станислав Пометько5Падчас творчых сустрэч са Станіславам Баляслававічам школьнікі даведваюцца, колькі птушак жыве ў нашай мясцовасці і як навучыцца назіраць за імі; чым карміць пярнатых зімой і што рабіць, калі знайшоў параненую птушку. А як цікава Станіслаў Баляслававіч расказвае пра няпросты перыяд міграцыі і пра птушыныя “візітныя карткі”!

Цікава ведаць
Падлік птушак, якія адлятаюць у вырай, восенню 2014 года паказаў: адляцела 1 700 гусей, а вясной 2015 года вярнулася толькі 528.

Якім было здзіўленне вучняў Варонскай школы, калі яны ўбачылі 4 агульныя сшыткі, спісаныя дробным почыркам, з мноствам табліц, замалёвак, выразак з газет. Гэтыя сшыткі Станіслаў Баляслававіч называе “Календарамі назірання за прыродай”. Гартаючы старонкі гэтых дзівосных сшыткаў, можна даведацца пра тэмпературу паветра, атмасферны ціск, сілу і напрамак ветру ў любы дзень; калі выпаў першы снег і распусціліся кветкі; калі прыляцелі птушкі, закукавала зязюля, прагрымеў першы гром; колькі было навальніц і якая таўшчыня снегу – адлік гэтых даных пачынаецца з 2009 года. Дзякуючы гэтым запісам, Станіслаў Баляслававіч упэўнена прадказвае, якім будзе лета 2016 года.

Станислав Пометько3Кветкавод
Але ж не птушкамі адзінымі захапляецца Станіслаў Баляслававіч. У яго двары ад ранняй вясны і да позняй восені пануе вясёлкавы карагод кветак. Спачатку паказваюць свае прыгожыя галоўкі крокусы і гіяцынты, потым – цюльпаны. На змену ім прыходзяць лілеі: цэлых 320 кустоў (52 віды!) вабяць сваім галавакружным водарам.
Захапленне кветкамі Станіславу Баляслававічу перадалося ад маці. Яна заўсёды знаходзіла на іх час.
Як толькі сыходзіць снег, Станіслаў Баляслававіч пачынае завіхацца ля сваіх гадаванцаў. Яго кветнік здзіўляе прыгажосцю не толькі аднавяскоўцаў, але і гасцей вёскі. Гаспадар кветкавага раю заўсёды шчодра дзеліцца клубнямі раслін і кустамі з жадаючымі мець гэткую ці хоць бы падобную прыгажосць ля свайго дому.
Усё добрае ў гэтым свеце пачынаецца з любові. Станіслаў Баляслававіч Памецька з дзяцінства любіць прыроду і ўсё жывое. Як сказаў знакаміты амерыканскі пісьменнік, лётчык, аўтар філасофскай казкі “Чайка, імя якой Джонатан Лівінгстан” Рычард Бах, “мы павінны трэніравацца і бачыць сапраўдную добрую чайку ў кожнай птушцы і дапамагаць ім убачыць гэтую ж чайку ў іх саміх. Вось што я называю любоўю”.

Успамінае былая вучаніца
Галіна Мечыславаўна Лагуцік, настаўніца пачатковых класаў Варонскай пачатковай школы:
– Станіслаў Баляслававіч выкладаў у нас фізкультуру з 4 па 8 класы, а ў 7 класе быў у нас класным кіраўніком. Памятаю, на 8 Сакавіка мы арганізавалі святочны агеньчык з песнямі, танцамі, салодкім сталом і мноствам забаў. Пабывалі на экскурсіі ў Брэсце і Вільнюсе. А двухдзённы паход на Вілію запоўніўся надоўга не мне адной. Спартыўныя святы ўвогуле ладзілі штомесяц. Мы з гонарам называлі Станіслава Баляслававіча між сабой “наш фізрук”.
Станіслаў Баляслававіч заўсёды быў актыўны, поўны энергіі і ідэй. Ён быў для нас не проста Настаўнікам з вялікай літары, а дарадцам і сябрам. Мы адказвалі яму тым жа: з радасцю падхоплівалі яго прапановы і ініцыятывы, увасаблялі іх у жыццё і, асабліва хлопцы, стараліся быць падобнымі да Станіслава Баляслававіча.

---------------------------------------
Галіна ЧАХРАЧ, намеснік дырэктара Варонскай пачатковай школы.