Островчанка Наталья Хансен, проживающая в Норвегии, дала интервью журналисту "Астравецкай праўды"

12:00 / 01.08.2014
У кожнага расповеду павінен быць працяг – нам так хочацца ведаць: а што было далей? У гэтым, напэўна, крыніца запатрабаванасці серыялаў. Мы, газетчыкі, не выключэнне: і нас цікавіць, як склаўся лёс нашых герояў – людзей, пра якіх мы некалі пісалі…
Дзевяць гадоў таму давялося пазнаёміцца з цікавай дзяўчынай Наталляй Багдановіч, якая пасля заканчэння Маладзечненскага музычнага вучылішча і педуніверсітэта ў Мінску пераехала ў Нарвегію. Уладкавалася там у сям’ю гувернанткай і паступіла вучыцца на мас-медыа факультэт універсітэта ў Осла. На момант нашай размовы яна вучылася на другім курсе.
Сёння Наталля – дарослы, цалкам самастойны чалавек. Сама выкладае ва ўніверсітэце. Шчаслівая жонка і маці сямігадовага Міколкі.


– Наташа, калі ласка, раскажыце, як склалася ваша жыццё пасля нашай сустрэчы.
– Яшчэ да таго прыезду ў Астравец я пазнаёмілася ў кавярні з хлопцам… Выпадкова. Ці “торкнула”? Ды не… Хаця правільней будзе сказаць: “торкнула”, толькі не адразу. Курт прыехаў тады па справах у Осла з поўначы Нарвегіі, вырашыў паабедаць – і… І мы спаткаліся. Потым быў цэлы год сустрэч. Вельмі рэгулярных – амаль кожныя выхадныя, што пры адлегласці ў больш за тысячу кіламетраў – не вельмі простая (і тым больш нятанная) справа.
– Гэта ад яго былі кветкі, якія тады, дзевяць гадоў таму, так напалохалі вашу маму?
– Так, Курт заказаў іх у мінскім кветкавым магазіне праз інтэрнэт. Цяпер, пэўна, у Астраўцы падобная дастаўка букетаў – ужо не дзіва, а тады мама сапраўды разгубілася.
– У вашага жаніха, напэўна, таксама ёсць бацькі – як яны першапачаткова паставіліся да таго факту, што іх сын жэніцца на іншаземцы?
– Спачатку не без насцярожанасці. Трымаліся ветліва, але халадком веяла. Усё прайшло, калі нарадзіўся Коля – наш сын, а іх унук. Не здзіўляйцеся: Нікаля – папулярнае імя ў Нарвегіі. Сёння ў нас з бацькамі Курта вельмі сардэчныя адносіны.
– А дзе вы сталі жыць пасля вяселля? І як складалася ваша прафесійная кар’ера?
– Я пераехала да мужа ў невялікі (50 тысяч жыхароў) паўночны горад Будзё. Курт купіў там дом. У сваёй бабулі. Не здзіўляйцеся – у Нарвегіі танней купіць, чым атрымаць у спадчыну. Дом вялікі, але яго трэба было прыводзіць у парадак, так што наша сумеснае жыццё пачалося з рамонту. Ад вучобы я адмовілася. Паступіла ў магістратуру па сваёй асноўнай спецыяльнасці – карэкцыйная педагогіка. А працаваць стала… афіцыянткай у кавярні. Выдатны шанс удасканаліць мову, ды і наогул прыгледзецца да людзей. І паралельна пачала працаваць з некалькімі дарослымі самадзейнымі хорамі ў якасці дырыжора.
– З дарослымі? Наколькі?
– О! Спектр самы шырокі. У адным з іх (маім любімым) спявалі людзі ва ўзросце 70-80 гадоў. Многія з іх прыходзілі на рэпетыцыі са слыхавымі апаратамі. Пасля заняткаў звычайна бывала кава-паўза са смачнымі пірагамі хатняй выпечкі… У адрозненне ад беларускіх самадзейных калектываў, нарвежскія з’яўляюцца платнымі: кожны месяц харыст павінен унесці вызначаную суму, якая ідзе на аплату арэнднага памяшкання, дзе займаецца хор, на ганарар дырыжору, на набыццё нотаў… І, канешне ж, ніякіх бясплатных канцэртных касцюмаў. Хочаш мець – купі сам.
– Ведаю, што ў вас ёсць прыгожы нацыянальны касцюм…
– Так. Беларускі. Сапраўдны. З шыкоўнай ручной вышыўкай. У адзін з прыездаў дадому я заказала яго ў майстрых з Навагрудка. У Нарвегіі такі каштаваў бы цэлы маёнтак, а ў Беларусі вельмі памяркоўныя цэны. Звычайна свой строй я надзяваю 17 мая, у Дзень Незалежнасці Нарвегіі, на святкаванне якога кожны нарвежац абавязкова прыходзіць у нацыянальным касцюме. Я выходжу ў беларускім – я памятаю свае карані і ганаруся імі.
– Наташа, а давайце пагаворым аб нашым, аб жаночым... Пра роды, да прыкладу. Пра дэкрэтны адпачынак. Які тэрмін у аплачваемага адпачынку па догляду за дзіцём? І якія памеры аплаты?
– На працягу цяжарнасці мы з Куртам хадзілі на спецыяльныя курсы – вучыліся, як дыхаць, рабілі гімнастыку... Потым муж прысутнічаў на родах. І, дарэчы, гэтым яго ўдзел у доглядзе за сынам не закончыўся. У Нарвегіі заканадаўствам прадугледжана, што аплачваемы адпачынак муж і жонка дзеляць напалову: шэсць месяцаў з дзіцём знаходзіцца мама, шэсць месяцаў – тата. І гэта правільна. А чаму толькі жанчына павінна ахвяроўваць сваёй кар’ерай дзеля дзіцяці? І потым, за шэсць месяцаў непасрэднага догляду за дзіцём нават самы “цвердалобы” мужчына адчуе сябе сапраўдным бацькам.
Што тычыцца аплаты, то на працягу года кожны з бацькоў у Нарвегіі атрымлівае 100 працэнтаў свайго заробку, які яны атрымлівалі да родаў.
– Цікава, як вам удалося з афіцыянткі “перакваліфікавацца” ў выкладчыцу?
– У газеце ўбачыла аб’яву аб вакансіі выкладчыцы ў мясцовым вучылішчы і падала рэзюмэ. Мяне прынялі.
Якога профілю было вучылішча? І што вы там выкладалі?
– Многапрофільнае. Гэта элемент агульнай адукацыі. Пасля школы юнакі і дзяўчаты абавязкова павінны паступаць у вучылішча і на працягу трох гадоў набываць сабе выбраную імі спецыяльнасць. Прычым у працэсе навучання яны маюць права пераходзіць з аднаго аддзялення на другое – у залежнасці ад зацікаўленасці. Пасля заканчэння вучылішча маладыя людзі або паступаюць ва ўніверсітэты, або ідуць працаваць – балазе, спецыяльнасць яны ўжо маюць. Гэтыя тры “вучылішчныя” гады вельмі важныя, таму што даюць магчымасць учарашнім школьнікам не тыцкацца навобмацак у пошуках свайго прызвання, а разабрацца, дзе ім сапраўды цікава.
Я выкладала там музыку. Паралельна працягвала працаваць з хорамі.
Праз два гады я ўладкавалася ў цэнтр псіхалагічнай дапамогі. Тэсціраванне дзяцей, работа з іх бацькамі... Цікавая работа – але і адказная.
– Раскажыце, калі ласка, крыху пра гэтую галіну.
– У Нарвегіі няма спецшкол для дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі – усе вучацца разам. Выхаванне пастаўлена так, што дзеці ледзь не з моманту нараджэння ведаюць: кожны член грамадства каштоўны па-свойму. І, да прыкладу, вучань з сіндромам Даўна нічым не горшы за інтэлектуала. Толькі яму трэба крыху больш увагі і дапамогі. Да адзнак, дарэчы, там таксама некалькі іншае стаўленне. Па-першае, да восьмага класа іх наогул не выстаўляюць. Па-другое, ніхто не заклікае раўняцца на выдатніка. Маеш здольнасці – калі ласка, рэалізоўвай іх. Але і той, хто вучыцца слаба, заслугоўвае такой жа павагі. Ды ў дзяцей з дыслексіяй (праблемы з чытаннем – Г.Ч.) каэфіцыент IQ бывае вышэйшым, чым у іх настаўнікаў! Няма горшых ці лепшых – у кожнага з нас ёсць свае моцныя і слабыя бакі.
Праграма навучання ў параўнанні з беларускай больш спрошчаная. Веды – гэта патрэбная рэч, але не менш (а можа, і куды больш!) у жыцці неабходны камунікатыўныя здольнасці. Таму так шмат увагі ў нарвежскім навучанні ўдзяляецца іх развіццю. Да прыкладу, у класе майго сына настаўніца мяняе суседзяў па парце раз у два тыдні – каб прывыкалі да супрацоўніцтва з рознымі людзьмі, каб знаходзілі пункты судакранання ў любой сітуацыі.
– Ваш сын ужо школьнік?
– Так. Нікаля перайшоў у другі клас. А мяне нават абралі старшынёй бацькоўскага камітэта класа.
– Чым жа займаецца ваш камітэт?
– Арганізацыяй школьных свят, да прыкладу. Тут бацькі працуюць нароўні з настаўнікамі: разам шыем касцюмы, рыхтуем сцэну, калі трэба, самі іграем нейкія ролі.
– А канфліктныя сітуацыі здараюцца?
– Ну, канфліктныя – моцна сказана. Але ў канцы вучэбнага года прыйшлося разбірацца з тым, што дзецям давалі нясвежыя фрукты. Пагаварылі з адміністрацыяй школы – і пытанне было вырашана.
– За што плацяць бацькі школьнікаў?
– За фрукты і малако, якімі (калі бацькі гэтага хочуць) вучань узбагачае свой сняданак, прынесены з дому. За рамонт школы? Не, не плацім. Рамонт робіцца за муніцыпальныя сродкі.
– Наташа, а як вы сталі выкладчыцай універсітэта?
– Мне патэлефанавалі з адміністрацыі і прапанавалі. І хаця я вельмі любіла работу з дзецьмі, усё ж прыняла прапанову. Канешне, спачатку было страшнавата: многія мае студэнты былі па ўзросту старэйшымі за мяне (тут не саромеюцца ісці за ведамі і ў 50 гадоў). Ды яшчэ мой акцэнт…
У нарвежскіх ВНУ пасля кожнай лекцыі студэнты выстаўляюць адзнакі выкладчыкам, на падставе якіх выводзіцца сярэдняя. Нечакана за год у мяне аказалася самая высокая адзнака.
– І тым не менш, вы зноў мяняеце месца працы…
– Вымушана, паверце. Проста я выйграла стыпендыю на распрацоўку дысертацыі – цяпер на працягу чатырох гадоў я буду займацца яе напісаннем. Тэма? “Спецыяльная педагогіка і музыка” – у дысертацыі паспрабую аб’яднаць абедзьве свае спецыяльнасці. Дарэчы, частку працы збіраюся пісаць на беларускім матэрыяле: буду весці даследаванні, здымаць відэафільм. Калі хто з бацькоў дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі зацікаўлены ў супрацоўніцтве – звяртайцеся, калі ласка.
– Скажыце, Наталля, чым адрозніваецца сярэднестатыстычны беларус ад такога ж нарвежца?
– Нарвежцы – запаволеныя людзі. Спачатку гэта мяне моцна “даставала” – ну як можна кінуць, да прыкладу, афарбоўку сцяны, калі да заканчэння засталося літаральна 20 хвілін?! Не, кідаюць: захацелася – бач ты!– папіць кавы. Але паступова я прызвычаілася. І нават пачала знаходзіць у гэтым сэнс. Мы, беларусы, мітусімся, працуем нярэдка праз сілу, нібы праца – важней за нас саміх. А ў нарвежцаў на першым месцы – яны самі: іх самаадчуванне, настрой і г.д. Яны спачатку падумаюць пра сябе, а ўжо потым – пра работу. І пры гэтым узровень жыцця ў Нарвегіі – адзін з самых высокіх у свеце….
– Высокі жыццёвы ўзровень прадвызначае і адпаведны кошт жыцця…
– Так, жыць у Нарвегіі дорага. І адпачываць, дарэчы, таксама. Таму турыстаў тут няшмат. А вось на заробкі прыязджаюць. Галоўным чынам палякі і літоўцы – ля новабудоўлі заўсёды можна пачуць польскі мат.
– А сябруеце вы з кім?
– Мы пасябравалі з сям’ёй суседзяў – цудоўныя людзі нашага ўзросту, у якіх чацвёра дзяцей. А яшчэ ў Будзё ёсць руская абшчына, у якой “прапісаліся” і беларусы. Мы шмат адпачываем разам: ходзім у горы, ладзім пікнікі або проста спяваем песні ля вогнішча.
– Якое ўражанне зрабіла Беларусь (і Астравец) на Курта?
– А вы ў яго самі спытайце.
Наталля перакладае маё пытанне мужу, які непадалёк ад тэрасы, на якой мы размаўляем, гуляе ў футбол з Колем. Той нешта каротка адказвае. Наталля пераводзіць:
– Нармальна. Ён нешматслоўны. Затое, калі ў мінулым годзе прыязджалі яго бацькі і цётка з мужам, было столькі ахаў і охаў. “Ах, як прыемна – нібы на машыне часу праехаліся: дакладна так у нас было ў шасцідзясятыя гады…”
– Тым больш… Няўжо тады, 11 гадоў таму, вам не страшна было выязджаць у незнаёмую краіну? А раптам нічога не атрымалася б?
– Ну і што? Я проста села б на самалёт і вярнулася б дадому.
– А сёння, Наташа, вам не хочацца вярнуцца на Радзіму?
– М-мм.. Не. Мой дом і мая сям’я – у Нарвегіі. У Беларусі жывуць мае бацькі, брат, бабуля – я іх вельмі люблю і стараюся прыязджаць штогод. Але ў госці. Толькі ў госці…
– Дзякую за размову.

--------------------------------------
Гутарыла Ганна ЧАКУР
.