Профессиональный праздник отмечают работники леса

08:00 / 15.09.2013
4
Кожную трэцюю нядзелю верасня работнікі лесу адзначаюць сваё прафесійнае свята. Ад гэтых людзей залежыць важная місія – утрымліваць баланс паміж эканамічным і экалагічным складаемым у выкарыстанні лясных рэсурсаў. І спецыялісты Астравецкага лясгаса паспяхова спраўляюцца з пастаўленай задачай.
Асноўным відам дзейнасці Астравецкай лясной гаспадаркі застаецца лесагаспадарчая дзейнасць, накіраваная не толькі на лесакарыстанне, але і на лесааднаўленне, догляд і ахову ляснога фонду.
Астравецкі лясгас спраўляецца з планавымі заданнямі і паказчыкамі бізнес-плана.
Выручка ад рэалізацыі прадукцыі за апошні месяц дасягнула 4,4 мільярда рублёў. Калі ў мінулым годзе за першае паўгоддзе экспарт прадукцыі прынёс 1 млн. 170 тысяч долараў, то ў гэтым годзе – 1 мільён 275 тысяч. Разлікі паказваюць, што па выніках года ўдасца пераўзысці
рубеж у 2,5 млн. долараў.
Сёлета сярэднямесячная зарплата работніка Астравецкай лясной гаспадаркі склала 4 млн. 448 тыс. рублёў.

Правая рука палушскага ляснічага


Валерый Эдвардавіч Куцько працуе ў лясной гаспадарцы з 1996 года. Пачынаў з пасады вальшчыка лесу, а зараз ён – памочнік ляснічага Палушскага лясніцтва. Напярэдадні прафесійнага свята Валерыю Эдвардавічу быў прысвоены другі клас памочніка ляснічага.

З самага дзяцінства ўсе думкі Валеры былі пра прыроду і лес. Пагэтаму пасля заканчэння школы юнак падаў дакументы ў Полацкі лясны тэхнікум. Гады вучобы праляцелі незаўважнай ластаўкай, і малады спецыяліст з дыпломам на руках вярнуўся на радзіму.
Вальшчык лесу, майстар лесанарыхтоўчай брыгады, выконваючы абавязкі бухгалтара ў адным з самых далёкіх лясніцтваў… Звычайна бухгалтарамі працуюць жанчыны, таму што уседлівасць і дакладнасць не заўсёды ўласцівы мужчынам. Аднак Валерый Эдвардавіч бездакорна спраўляўся са сваімі абавязкамі.
Працоўная дарога дала паспрабаваць на смак усе тонкасці лясной работы, а з верасня 2007 года завяла ў Палушы, дзе Валерый Эдвардавіч працуе зараз памочнікам ляснічага.
Памочнік ляснічага не толькі адказны і дысцыплінаваны спецыяліст, але і любячы муж, і тата. Разам з жонкай Святланай Казіміраўнай, якая працуе загадчыцай аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва, выхоўваюць двух сыноў: пяцікласніка Арцёма і другакласніка Ягора.
У мінулым годзе сям’я Куцько ўдзельнічала ў абласным конкурсе творчых сямей, дзе іх дружная чацвёрка здабыла перамогу.
Акрамя работы і сям’і, у Валерыя Эдвардавіча застаецца час і на хобі – аўтамабілі. Мужчыне падабаецца рамантаваць іх уласнымі рукамі. А адзін з самых улюбёных заняткаў – “ціхае паляванне” на грыбы...



І спяваць, і працаваць


Самы ціхі і непрыкметны майстар лесу (цяпер ужо першага класа) працуе ў Варнянскім
лясніцтве.  Аднак пры гэтых якасцях Мечыслаў Вацлававіч Плаўскі – вопытны і прынцыповы
спецыяліст.

На кожнае пытанне ён мае сваё меркаванне і ў любым выпадку будзе даводзіць аргументы апаненту. А вось у працоўным калектыве ён немнагаслоўны.
У лясную гаспадарку Мечыслаў Вацлававіч прыйшоў працаваць 27 гадоў назад. І з таго часу з раніцы да вечара прападае ў лесе з брыгадай, нягледзячы на выбрыкі пагоды.
Майстру лесу ўдаецца арганізаваць людзей – а гэта сем чалавек. Дзякуючы працы калектыву Варнянскага лясніцтва, у тым ліку і Мечыслава Вацлававіча, лясніцтва стабільна дае штомесяц больш за 1000 кубоў драўніны – пагэтаму і зарплата ў спецыялістаў дастойная.
Акрамя таго, Мечыслаў Вацлававіч удзельнічае ў мастацкай самадзейнасці і любіць спяваць. Разам з сябрамі па працы ён неаднойчы суправаджаў рэліквіі святых пры перэгрынацыях.
За такі працяглы час працы ў лясгасе Мечыслаў Вацлававіч ніводнага разу не падумаў пра тое, каб змяніць месца працы. Начальства таксама задаволена сваім падначаленым.



Двайное свята


Дзень нараджэння, а калі быць больш дакладным, свой пяцідзесяцігадовы юбілей, і прафесійнае свята з розніцай у адзін дзень сёлета будзе адзначаць брыгадзір станочнікаў лініі LARMET Айвар Анваравіч Нурэтдзіна ў. Напэўна, лёс невыпадкова “прытуліў” гэтыя дзве даты, таму што больш апантанага працай чалавека, чым Айвар Анваравіч, знайсці цяжка.

Пакуль я спрабавала сфатаграфаваць брыгадзіра станочнікаў, мужчына, не зважаючы на ўспышкі фотакамеры, працягваў працаваць, так бы мовіць, у штатным рэжыме.
Лінію LARMET для дрэваапрацоўчага цэха Астравецкі лясгас набыў адным з першых у рэспубліцы, і з “лёгкай” рукі нашых лясных гаспадароў такіх ліній ў Беларусі зараз больш за тры дзесяткі.
Гэта лінія вельмі складаная, на ёй працуе 9 чалавек. Айвар Анваравіч сумяшчае пасаду брыгадзіра з працай аператара брусовачнага станка. Ад мужчыны залежыць прадукцыйнасць працы. Нават маладыя часам не вытрымліваюць: работа складаная і напружаная.
У дрэваапрацоўчым цэху ведаюць, што больш чым паўгадзіны брыгадзір станочнікаў не абедае – яго рук чакае станок ці бензапіла.
А свой працоўны шлях Айвар Анваравіч пачынаў на сумесным прадпрыемстве “ЛЕСПОЛЬ”, вядомым пад №5 у былым Савецкім Саюзе. У сферы лясной гаспадаркі мужчына працуе і зараз. За бездакорную працу Айвар Анваравіч узнагароджаны ганаровай граматай Гродзенскага ДВЛГА.
І хто б мог падумаць, што лёс сваімі непрадказальнымі шляхамі занясе Айвара Анваравіча з далёкай Башкірыі ў лясную Беларусь, дзе мужчына знойдзе свой дом і прызванне?!



Са школьнай парты – у лесарубы


Памочнік ляснічага Спондаўскага лясніцтва Віктар Уладзіміравіч Фронскі са школы захапляецца прыродай, а з васямнаццацігадовага ўзросту працуе ў лясной гаспадарцы. У гэтым годзе яму быў прысвоены другі клас памочніка ляснічага.

Любоў да лесу Віктару прывіла настаўніца хіміі і біялогіі Спондаўскай СШ В.Г. Караткевіч. Шлях да працоўнага самавызначэння пачаўся менавіта са школьнага лясніцтва. А яшчэ школьнікам Віктар вучыўся ў так званай “Малой завочнай лясной акадэміі” ў Мінску. Затым, ужо пасля школы, быў Полацкі лясны тэхнікум.
Віктар Уладзіміравіч працаваў лесарубам, майстрам лесу, а з 2008 года памочнік ляснічага. Маладому чалавеку больш падабаецца праца на ўлонні прыроды, чым у канторы: рабіць адводы лесасек, абследаваць насаджэнні…
Ці можа быць інакш? Адназначна – не! Напэўна, чалавек з зялёнымі, колеру дубовага лісця, вачамі не можа не любіць лес.



Прафесія – егер


Астравецкая лясная гаспадарка славіцца высокім ўзроўнем развіцця паляўнічай гаспадаркі. Менавіта за гэта наш лясгас першым у рэспубліцы быў узнагароджаны граматай Міністэрства лясной гаспадаркі. Два дамы паляўнічых дазваляюць спланаваць нагрузку і адначасова прымаць некалькі груп аматараў здабываць звера. Вялікая заслуга ў тым, што паляўнічая гаспадарка знаходзіцца на адпаведным узроўні – егера Тадэвуша Віктаравіча Лукойця.

У маі наступнага года Тадэвуш Віктаравіч будзе адзначаць своеасаблівае прафесійнае непаўналецце: 18 гадоў мужчына працуе ў Астравецкім лясгасе.
Пасля развалу СССР ён вырашыў паспытаць шчасця на радзіме: пакінуў працу на заводзе ў Літве і адразу пасля прыезду стаў працаваць егерам.
Егер – гэта і вадзіцель, і арганізатар. У працоўныя абавязкі егера ўваходзіць падкормка і ахова жывёл ад хвароб; яму патрэбна паспець выпісаць ліцэнзіі і абавязкова пралічыць, як захаваць той ці іншы від фаўны, граматна здабыць дзіч і паклапаціцца, каб на наступны год засталося пагалоўе.
Тадэвуш Віктаравіч выязджае на працу каля васьмі гадзін раніцы, а вяртаецца дамоў познім вечарам ці нават пад раніцу. Паляванні за апошні час адбываюцца ледзь не штодня. Каб абслужыць паляўнічых з замежжа, часам даводзіцца толькі хвілінку падрамаць у машыне ці на паляўнічай базе.
І нездарма напярэдадні Дня работнікаў лесу партрэт Тадэвуша Віктаравіча Лукойця быў занесены на абласную Дошку гонару Гродзенскага ДВЛГА.



Ганаровы лесавод


Спондаўскае лясніцтва лічыцца адным з лепшых у нашым раёне, а ўзначальвае яго з самага пачатку стварэння Войцех Рамуальдавіч Лукашэвіч.

Напярэдадні Дня работнікаў лесу спондаўскі ляснічы быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства лясной гаспадаркі “Ганаровы лесавод”. Варта адзначыць, што такія ўзнагароды атрымалі ўсяго 12 чалавек з усёй Беларусі.
У параўнанні з астатнімі лясніцтвамі, Спондаўскае – самае маладое. Сваё жыццё яно пачало ў 2000 годзе, але нягледзячы на малады ўзрост, займае перадавыя пазіцыі ў раёне.
Як прызнаецца Войцех Рамуальдавіч, сакрэт поспеху крыецца ў працавітасці, а яшчэ – у камандным духу.
Сёлета на базе Спондаўскага лясніцтва праходзіла выязная калегія Міністэрства лясной гаспадаркі на чале з міністрам М.М. Амельяновічам, які даў высокую ацэнку якасці падрыхтоўкі.
Акрамя таго, Войцех Рамуальдавіч – гасцінны чалавек. Турыстаў або гасцей, якія прыехалі адпачываць на Сарачанскія азёры, спондаўскі ляснічы пачастуе не толькі юшкай, прыгатаванай па фірменным рэцэпце, але і “жывымі” жартамі.



Бухгалтар, актывістка, спартсменка – і проста прыгажуня


Імя бухгалтара дрэваапрацоўчага цэха Наталлі Дамінікаўны Духновіч не раз мільгала на старонках нашай газеты. На абласных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтвах сярод работнікаў лесу Наталля не раз падымалася на прыступкі п’едэсталу гонару.

Пасля заканчэння Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа рытаньская прыгажуня вярнулася на радзіму – працаваць бухгалтарам у Міхалішкаўскае лясніцтва. Праз шэсць гадоў перайшла на тую ж пасаду ў дрэваапрацоўчы цэх лясгаса. І ніводнага разу не пашкадавала, што трапіла менавіта ў гэтую галіну.
Не адзін раз да Наталлі Дамінікаўны паступалі прапановы аб працы з іншых арганізацый і прадпрыемстваў, аднак усмешлівая “рахункавод” іх не прымала. Наталля не ўяўляе свайго жыцця без калектыву, без людзей і рэчаў, да якіх прыкіпела душой.
Акрамя таго, амаль на кожных спаборніцтвах бухгалтар ДАЦ “прыкрывае” не толькі раённы лясны “тыл”, але і абласны, і рэспубліканскі. Каронныя яе віды – настольны тэніс і лыжы.
Калі праводзіліся спаборніцтвы па лясным арыентаванні, другое месца ў рэспубліцы было за Наталляй. А ў такім мужчынскім відзе спорту, як армрэстлінг, яна была першай у раёне сярод жанчын. Лыжня неаднаразова выводзіла Наталлю на еўрапейскі ўзровень: бухгалтар выступала ў Славакіі, Аўстрыі, Германіі…
У хуткім часе маладая жанчына збіраецца замуж. Будучы муж да нядаўняга часу таксама працаваў у лясной гаспадарцы.
Любімая работа, сям’я… Пра што яшчэ можна марыць? Застаецца толькі пажадаць ёй поспехаў ва ўсім.



Тры дыпломы аб лясной адукацыі


Памочнік ляснічага Міхалішкаўскага лясніцтва Юрый Леанідавіч Філіпчык у сваім прафесійным станаўленні прайшоў тры ступені – закончыў некалькі вучэбных устаноў, на практыцы падмацоўваючы тэарэтычныя веды. Сёлета ён атрымаў званне памочніка ляснічага другога класа.

Пасля заканчэння 9 класа Варнянскай СШ хлопец падаў дакументы ў Свірскі ліцэй і паспяхова скончыў яго. З дыпломам у кішэні малады спецыяліст вярнуўся ў родную вёску, дзе пад пільным кіраўніцтвам тагачаснага ляснічага Р.І. Станкевіча працаваў лесарубам, затым – лесніком.
Аднак хлопцу хацелася прафесійна ўдасканальвацца. Малады чалавек адпрацаваў сезон у Варнянскім лясніцтве і падаў дакументы ў Полацкі лясны тэхнікум – прадоўжыў вучобу.
Практыку Юрый праходзіў у Міхалішкаўскім лясніцтве пад куратарствам майстра лесу Яўгена Сяргеевіча Волкава. Маладыя людзі, напэўна, нават і падумаць не маглі, што праз некалькі гадоў будуць працаваць разам у якасці кіраўніка лясніцтва і падначаленага. Пасля заканчэння ляснога тэхнікума ў Полацку Юрый па размеркаванні трапіў у Гервяты, а адтуль яго неўзабаве забралі ў армію.
З чыстым сумленнем малады чалавек аддаў доўг Радзіме і вярнуўся працаваць на Астравеччыну. На той час вольнае месца было толькі ў Міхалішкаўскім лясніцтве – і Юрый Леанідавіч стаў там працаваць.
У 2008 годзе памочнік ляснічага пайшоў на заслужаны адпачынак, а маладога і перспектыўнага спецыяліста прызначылі на гэтую пасаду. Аднак Юрый Аляксандравіч і тады не кінуў “грызці” граніт навукі: скончыў Бранскую інжынерна-тэхналагічную акадэмію.
Зусім нядаўна памочнік ляснічага ажаніўся. І, як вы думаеце, з кім? З дачкой катлоўскага лесніка. Магчыма, маладыя Філіпчыкі стануць роданачальнікамі лясной дынастыі?



Салаўіная сям'я


У пачатку сваёй прафесійнай дарогі ляснічы Кямелішкаўскага лясніцтва Мікалай Іванавіч Салавей захапляўся паляваннем. Аднакпаступова на першае месца выйшла ахова прыродных багаццяў.
І бацька, і дзядзька Мікалая Іванавіча працавалі ў лясной гаспадарцы. На летніх канікулах хлопец падпрацоўваў у родным лясніцтве, а ў школьны час разам з таварышамі дапамагаў садзіць лес. Пагэтаму пытання: кім быць, пасля заканчэння школы, у юнака не ўзнікала. Мікалай без асаблівых цяжкасцяў паступіў на лесагаспадарчы факультэт БДТУ.

Пасля заканчэння ўніверсітэта малады спецыяліст вярнуўся на радзіму. Свае першыя крокі ў прафесію пачынаў у родным лясніцтве. Затым была служба ў арміі і год працы інжынерам па ахове лесу ў Астравецкім лясгасе. А ў 2000 годзе Мікалая Іванавіча прызначылі ляснічым Кямелішкаўскага лясніцтва, якое ён узначальвае і зараз. У мінулым годзе ляснічы быў узнагароджаны нагрудным знакам “Дзесяць гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь”, а ў гэтым годзе – нагрудным знакам “Ляснічы ІІ класа”.
Кіраўнік Кямелішкаўскага лясніцтва шмат чым захапляецца: філатэлія, тэхніка, будаўніцтва… Аднак апошнім часам найбольш любіць збіраць грыбы і ягады.
Дарэчы, жонка Мікалая Іванавіча таксама працуе ў лясніцтве. Пагэтаму і на працы, і дома Салаўі разам. А ў вольны час яны разам са сваімі дачушкамі выбіраюцца на прыроду: у паход на возера ці раку з абавязковай юшкай і шашлыкамі.



Сучасныя “дзеці прыроды”


Майстар лесу Міхалішкаўскага лясніцтва адносіцца да маладога пакалення работнікаў лесу.
Аднак гэта не перашкаджае яму плённа працаваць і атрымліваць заслужаныя ўзнагароды. У гэтым годзе партрэт Уладзіміра Браніслававіча Лукашэвіча занесены на абласную дошку гонару Гродзенскага ДВЛГА.

Тагачасны галоўны ляснічы Астравецкага лясгаса М.У. Герман забраў новаспечаных спецыялістаў да сябе пасля заканчэння іх вучобы ў Полацкім лясным тэхнікуме. Пашанцавала вярнуцца на радзіму і Лукашэвічу.
Як прыехаў у 2009 годзе ў Міхалішкаўскае лясніцтва – так і застаўся. Не паспеў азірнуцца, як праляцела пяць гадоў. На гарызонце маячыла павышэнне, аднак развітацца са сваім калектывам Лукашэвіч не пагадзіўся.
Кіраваць людзьмі і займацца лесагаспадарчай дзейнасцю – адводы лясных культур, планаванне высечак і шмат іншых спраў – штодзённыя абавязкі майстра лесу.
А ў вольны час Уладзімір захапляецца тэхнікай і камп’ютарамі.


-------------------------------------------------------------------------------------------
Матэрыялы старонак падрыхтавала Алёна ГАНУЛІЧ, фота аўтара.