Увлечение стало профессией

21:00 / 01.08.2013
1
І з’явілася “вочка”, з дапамогай якога стала магчымым прыпыніць час. Яно дазваляла глытаць імгненні і людзей, выразы твараў, нябёсы – усё, што ні пажадаеш. Яно спыняла час: выхоплівала з прасторы абрысы чалавечых фігур, пераходы колераў, незаўважных для звычайнага вока. Нават вецер магло злавіць у свае сілкі – і назаўсёды пакідала “схопленае” ў першапачатковым выглядзе. І толькі “гаспадары вочка” маглі на свой густ правіць імгненні жыцця: людзей, надвор’е, стыхіі…
Многія спрабавалі пасябраваць з “вочкам”: творчы запал некаторых канчаўся разам са з’яўленнем новага захаплення; іншыя настолькі прыраслі да “адлюстравання імгненняў”, што ператварыліся ў рамеснікаў; другія праз некалькі спробаў зрабіць цікавы фотаздымак махнулі рукой і кінулі гэтую справу. Засталіся тыя, у чыіх руках «вочка» расчыняла свет і паглыбляла ў калейдаскоп спляцення колераў, вучыла распазнаваць людзей, раскрываць патаемнае – іх характары, страхі, сакрэты...
Фотакамера – “вочка” – можа быць адданай свайму гаспадару, калі і ён ёй плаціць тым жа. Яна, як сапраўдная жанчына, можа закапрызіць у непадыходзячы момант – а праз некалькі імгненняў, калі патрэбны кадр кануў у Лету, усміхнуцца яркай ўспышкай.

Кацярыне Буцянавай удалося знайсці агульную мову з фотакамерай. І нягледзячы на тое, што цягнецца гэтае сяброўства ўсяго паўтара года, дзяўчына згадзілася расказаць пра сваё захапленне.
– Каця, раскажыце, калі ласка, з чаго ў вас пачалося захапленне фатаграфіяй?
– Са знаёмства з людзьмі, якія гэтым займаліся. Яны запрашалі мяне ў якасці мадэлі і здымалі.
Калі круцішся ў гэтым асяродку, то рана ці позна сам пачынаеш “хварэць” на фатаграфію. Я ніколі не падумала б, што гэта здарыцца са мной.
Знаёмая дзяўчына папрасіла зрабіць фотасесію для яе і каханага. На той час у мяне ўжо была фотакамера. Для эканоміі часу гатовыя фотаздымкі я загрузіла ў сацыяльныя сеткі. І тут пачалося: людзі ставілі лайкі і пісалі каментарыі. Так захапленне фатаграфіяй, пра якое ведалі самыя блізкія, распаўсюдзілася на шырокую публіку.
– Як у вас з’явілася фотакамера?
– Першую фотакамеру я купіла ў 23 гады. На яе я збірала мэтанакіравана грошы. Калі працавала, то добрую частку даходаў адкладвала на ажыццяўлення сваёй мары.А зараз? Пастаянная змена аб’ектываў, пошукі ў сеціве навінак. Звычайна дзяўчаты мараць пра новую пару туфель, а я – пра новую фотакамеру. І большую частку ўласных грошай я трачу на гэтае захапленне.
– Як адбываецца працэс здымак: сам чалавек дыктуе вобраз, ці вы пад вобраз падбіраеце чалавека?
– Калі асабіста не ведаю чалавека, то часам складана адразу вызначыцца з вобразам. Некаторыя самі ведаюць, у якім амплуа іх здымаць. Аднак большасць людзей не мае ўяўлення, чаго хоча ад фотасесіі.
Сваімі фатаграфіямі я заўсёды імкнуся нешта сказаць. Не ведаю, магчыма, і не заўсёды атрымліваецца. Раскрыць чалавека, каб ён сам сябе ўбачыў па-іншаму і зразумеў тое, чаго не разумеў да гэтага, – галоўная мэта, якую я стаўлю перад сабой. Многія людзі, асабліва дзяўчаты, лічаць, што яны дрэнна выходзяць на фотаздымках. Але не бывае дрэнных мадэляў, можа трапіцца дрэнны майстар. Фатограф ў нейкім сэнсе і псіхолаг, і лекар. Падчас здымання дзяўчаты пазбаўляюцца комплексаў і набываюць больш упэўненасці ў сабе. Станоўчыя адзнакі прыемна чуць найперш ад мадэляў, а не ад чужых людзей.
– Кацярына, вы пакідаеце фота арыгінальным ці апрацоўваеце?
– Апрацоўку фотаздымкаў раблю амаль заўсёды. Прыбіраю грубыя недахопы, аднак ніколі не раблю лялечных твараў з ідэальнай скурай. Імкнуся захаваць арыгінальнасць і таму апрацоўваю мінімальна. Паказаць чалавека такім, які ён ёсць, падкрэсліць яго асноўныя якасці – гэта галоўнае. Не разумею, калі з дапамогай фоташопа прыбіраюць лішнія кілаграмы ці падаўжаюць валасы – атрымліваецца не фатаграфія, а танная пародыя.
– Як вы лічыце, ці можна навучыцца фатаграфаваць,? Ці для таго, каб займацца фатаграфіяй, у чалавека павінен быць талент?
– Для чалавека няма нічога немагчымага. Калі моцна-моцна чагосьці жадаеш – можна навучыцца. Аднак трэба не толькі марыць, але і прыкладваць сілы, імкнуцца да гэтага і гэтым жыць. Таксама патрэбна здольнасць “бачыць” чалавека, каб фотаздымкі не атрымліваліся бяздушнымі.
Трэба памятаць і аб тым, што захапленне фатаграфіяй патрабуе значных фінансавых укладанняў. Адзін аб’ектыў можа каштаваць каля тысячы долараў, а з зарплатай, напрыклад, маладога спецыяліста такую раскошу сабе не дазволіш.
– У вас ёсць любімыя матывы або тэмы ў фатаграфаванні?
– Больш за ўсё я люблю здымаць закаханыя пары. Калі фатаграфуеш аднаго чалавека – то самастойна кіруеш працэсам, падказваеш, як стаць ці куды глядзець. Калі здымаеш закаханых – так званая здымка Love story – ты становішся трэцяй асобай, не галоўнай, а выключна назіральнікам. Сапраўднае каханне не сыграць нават самым таленавітым акцёрам.
– Чаго не даруе фатаграфія?
– Гультайства. Чалавеку, які імкнецца павышаць сваё майстэрства і рабіць “жывыя” здымкі, трэба знаходзіцца ў пастаянным руху: здымаць, здымаць і яшчэ раз здымаць. Бесперапынна, штодзённа… І не карміць сябе “заўтрамі”.
– Значыць, пра вас можна сказаць, што вы і адпачываеце з фотаапаратам?
– Не, часам я і ад фота адпачываю. На першым месцы для мяне – мой муж, сям’я і блізкія. Фатаграфія – не хобі і не сродак падзарабіць, а аддушына.
– А чым вы яшчэ захапляецеся?
– Моцна люблю музыку. І моду. У студэнцтве разам з сяброўкамі штурмавалі магазіны моднага адзення, чыталі глянцавыя часопісы, ведалі шматлікія брэнды і асноўныя тэндэнцыі моды. Цяпер гэтае захапленне адышло.
А вось любоў да музыкі жыве. Я не магу доўгі час без яе. Аддаю перавагу рокавым кампазіцыям. Мне здаецца, што ў року сама мелодыя і словы шмат глыбейшыя, чым песні поп-выканаўцаў.Таксама ў мяне ёсць цэлая калекцыя фарфоравых лялек, якія разам з мамай пачала збіраць яшчэ ў дзяцінстве.
– Як блізкія ставяцца да вашага захаплення фатаграфіяй?
– Спачатку бацькі і брат аднесліся да гэтага скептычна. Але з цягам часу падтрымалі мяне. Муж таксама ўхваляе маё хоббі.
– Прадоўжыце, калі ласка, сказ: фатаграфаванне – гэта…
– …Успрыманне чалавека. Я заўсёды імкнуся зразумець чалавека. Ёсць людзі, якія здымаюць выключна прыгожых дзяўчат і жанчын, ці юнакоў і мужчын. Канешне, прыгожага чалавека лёгка здымаць. Якім бокам ён ні павернецца да камеры – ты маеш выйгрышны варыянт. А ёсць людзі “не фармату”, якія і робяць фотаздымкі каларытнымі і з “ізюмінкай”. Не фотаздымак робіць чалавека, а наадварот.
– Ці існуюць для вас аўтарытэты ў свеце з прыстаўкай “фота-”? Ці здараецца ў маладых фатографаў такія моманты, як у некаторых літаратараў-пачаткоўцаў, калі “зачытаўшыся” творамі масцітых майстроў, яны падсвядома пачынаюць капіраваць стыль?
– Бывалыя фатографы раілі мне надаваць больш увагі фотаздымкам знакамітых фотамастакоў і паспрабаваць іх капіраваць у сваіх работах да таго часу, пакуль не знайду сябе і на нечым не спынюся. На практыцы такі метад не асабліва прыменіш. Можна скрасці позу, аднак – ці “ажыве” яна ў тваёй мадэлі? – спрэчнае пытанне. Чужымі работамі я магу толькі натхняцца.
Для мяне не існуе арыенціраў: дылетантам у фота варта шукаць сваё. Магчыма, яно будзе не заўсёды правільнае, з няроўнасцямі – аднак гэта будзе твой пачатак, а не нечый.
– Вы лічыце сябе чалавекам прыналежным да мастацтва, ці чалавекам мастацтва?
– Хутчэй прыналежным. Яшчэ ў школьныя часы я пісала і некалькі разоў друкавалася на старонках “Астравецкай праўды”, нават думала паступаць на факультэт журналістыкі. Пасля малявала і захаплялася стварэннем адзення. Калі ў чалавека ёсць творчая энергія, галоўнае – знайсці патрэбнае рэчышча. Сваё я знайшла.
Муж часта папракае мяне за тое, што я глыбока “капаю”, што трэба прасцей адносіцца да жыцця. І я не сказала б, што я “завёрнутая”. Я такая, як і ўсе. Не люблю тых людзей, якія ўвесь час наракаюць на свой лёс. Што ні здараецца – да лепшага. Нават калі не хапае моцы блукаць па лабірынце жыцця, варта памятаць, што, магчыма, за наступным паваротам лёс падрыхтаваў табе падарунак.
...Туман паглынае стройную дзявочую постаць. Капялюш хавае доўгія струменістыя, бы хвалі вады, валасы, быццам жадае схаваць асобу сваёй гаспадыні. А яна глядзіць наперад.
Імгненне – і скачок... Кацярына ведае, што на пару з “вочкам” можна перавярнуць з ног на галаву ўвесь свет. І для гэтага шмат не трэба: толькі моцна-моцна захацець…


______________________


Алена ГАНУЛІЧ.
Фота К. БУЦЯНАВАЙ
і з сямейнага архіва.