На связи с «большим миром»: вспоминают ветераны-связисты

08:33 / 07.05.2024


Центр здание РУЭС и УЭС старый вид

Сёння, носячы ў кармане невялікі прама­вугольнік, які дазваляе быць на сувязі ў любым куточку краіны і нават міру, многія не задумваюцца, што пачыналася ўсё з масіўных тэлефонных апаратаў і кіламетраў паветраных ліній, якія доўгімі танюсенькімі ніткамі цягнуліся ад адной драўлянай апоры да другой. 

Аб тым, як развівалася тэлефанія на Астравеччыне, успамінаюць былыя сувязісты – начальнік вузла сувязі Міхаіл Уладзіслававіч Хіневіч, галоўны інжынер Эмілія Макараўна Жыляк і начальнік лінейнага ўчастка Станіслаў Уладзіміравіч Саўко.

Кадры, сродкі, матэрыялы…

Расказвае Міхаіл Уладзісла­вавіч Хіневіч:


– Сувязь на Астравеччыне развівалася хуткімі тэмпамі, аднак для большасці недасведчаных людзей – неўпрыкмет. У 1944 годзе вузлу паставілі задачу: да 47-га тэлефанізіраваць усе сельскія Саветы. І мы ўстанавілі два камутатары: першы – у Гудагаі, другі – у Гервятах. У 1958-м было ўжо 8 камутатараў. Адзін у Астраўцы быў на 100 нумароў. Затым яго замянілі на «мацнейшы» – на 300 нумароў. Потым тут з’явілася каардынатная станцыя на 500 абанентаў. Але і гэтага стала мала – «даплюсавалі» яшчэ 500. Толькі і таго не хапала – у пачатку 70-х Астравец добра прырос насельніцтвам.

У пачатку 90-х гадоў жадаючых «званіць» было больш, чым мы маглі забяспечыць. Падтрымкі «зверху» не давалі, прыйшлося выкручвацца самім. А справа была рызыкоўная: быў час развалу, усе раней наладжаныя сувязі перарваліся. Падумалі мы, пашукалі – і звязаліся з Уфой, паехалі туды і купілі новую станцыю. Так зманціравалі адразу 1 000 нумароў і «дараслі» да 2 000.

Жадаючых паставіць тэлефон было шмат, а гэта дапамагала нашай арганізацыі развівацца. Пайшоў прыбытак – з’явілася магчымасць набыць новае абсталяванне і адкрыць рабочыя месцы. Да прыкладу, у Днепрапятроўску купілі адразу 6 камплектаў для злучэння сельскіх абанентаў з гарадскімі – людзі атрымалі выхад на міжгорад: свабодна, без «памочнікаў», звані хоць у Польшчу, хоць у Германію.


Хиневич Михаил

Потым да нас прыйшлі элект­ронныя станцыі – такія паставілі ў Гудагаі і Варнянах. Хутка іх змяніла адна, устаноўленая ў Астраўцы. І калі я сыходзіў на адпачынак, а гэта быў 2013 год, у раёне было больш за 12 тысяч нумароў. 

Але, упэўнены, нічога мы не змаглі б без кваліфікаваных работнікаў. Так, амаль 70 пра­цэнтаў штату мелі спецыяльную адукацыю, палавіна з іх – вышэйшую. Электронныя станцыі, новае абсталяванне патрабавалі граматных спецыялістаў. Гіцэ­віч, Пратасевіч, Вянгроўскі, Базіс, Чуйко… – пералічваць прафесіяналаў сваёй справы можна доўга. 


Гибадулина Людмила, Венгровский Юрий, Базис Тамара, Козак Михаил, Горбаль Рита, Абухович Тамара, Тразевич Светлана

У 1995 годзе пошту і сувязь раздзялілі. (Электрасувязь стала Белтэлекамам.) Аднак работы ў нас не паменшала. Больш таго,  цяпер мы працавалі над паляпшэннем якасці паслуг.

Пра радыё

Правадное радыё стала неактуальным з развіццём новых тэхналогій. Хоць і цяпер не сышлі ў нябыт цыфравыя рэтранслятары – Прамсувязь выпусціла прыёмнікі, якія падключаюцца ў разетку.

Правадным радыё «заведвала» Міністэрства інфармацыі – давала слухачам рэспубліканскія навіны. Мясцовыя рыхтавала раённая газета «Астравецкая праўда». Мы толькі ўключалі радыёвузел і трансліравалі гатовы аўдыёзапіс. 


Базис Тамара, Венгровская Тереса, Абухович Тамара

«Рэспубліка» выходзіла ў эфір кожны дзень, па графіку – абласныя навіны, у пэўны час некалькі разоў на тыдзень можна было паслухаць мясцовыя.

Работы – кіламетры

Расказвае Станіслаў Уладзімі­равіч Саўко: 


– Актыўна, але цяжка наладжвалася сувязь на Астравеччыне: грошай не было, працягласць ліній вялікая – толькі фідар (лінія перадачы. – Заўв.аўт.) ад Астраўца да Косцевіч цягнуўся на 70 кіламетраў! Манцёры павінны былі абслугоўваць лініі ў любое надвор’е. Снег, вецер… Дрэвы падаюць – правады рвуцца. Тэхніка працавала, але якая яна адразу была! Шмат чаго рабілі ўручную. Трактары, да слова, бралі ў арганізацый. А людзей, як правіла, не хапала…

Але кіраўнік ставіў задачу – і наперад, працаваць! На час не глядзелі – работу неабходна было выканаць. 

Майстры ў нас былі на ўсе рукі: пайшоў рамантаваць тэлефонную лінію – разам і радыё зрабіў. Бывала, па ўсёй вёсцы даводзілася правады мяняць. Рабілі, каб людзі званілі і радыё слухалі, бо яно, разам з газетай, было асноўным сродкам сувязі з «вялікім светам». Так, у Вялікім Сяле, каб падключыць некалькі кропак, на 1,5 кіламетра правадоў цягнулі – а гэта на кожную апору паставіць кранштэйн, працягнуць асноўныя правады, потым «увод»… 


Савко Станислав Владимирович

Далей стала прасцей: аднаў­ляліся матэрыялы, прыйшлі тэхна­логіі – і работнікаў стала больш.

Самым адказным і напружаным быў час выбараў. У гэтыя дні сувязь павінна быць – іншай магчымасці звязацца ні з выбаршчыкамі, ні з камісіямі не існавала. Таму мы пачыналі рыхтавацца за месяц: кожны правадок, разетка павінны працаваць. 

Радыёвузел спачатку раз­мяш­чаўся на старой пошце, у будынку сённяшняга «Аднаго акна» – там стаяла два «мясцовыя» камутатары і адзін міжгародні. Потым Гродна выдзеліла нам старую АТС (аўтаматычная тэлефонная лінія. – Заўв.аўт.) на 500 нумароў. Гэта была сенсацыя для насельніцтва! Людзі не маглі названіцца. Станцыя нават спынялася ад перанагрузкі. 

Пра радыё

І «радыёкропка» была ў кожным доме, нават у маланаселеных пунктах раёна. У шэсць гадзін раніцы з гімна пачынаўся кожны новы дзень астраўчан – у 5.45 мы павінны былі быць на рабочым месцы, каб яго ўключыць. Потым рабіць гэта сталі аўтаматычна.

Вучыліся – і вучылі

Расказвае Эмілія Макараўна Жыляк:


– У сувязі я, можна сказаць, выпадкова: ніхто з родных або знаёмых у гэтай сферы не працаваў. Аднак што трапіла менавіта сюды, ніколі не шкадавала. Больш таго, упэўнена, што такой дружнай сям’і, як сувязісты, нідзе не знойдзеш. 

Я застала ручны камутатар гарадской сувязі. Працуючы на ім, трэба было пастаянна правяраць шнуры і кантакты, якія часта псаваліся. 

А яшчэ ў нас былі ўзмацняльнікі – чатыры вялізныя лямпы, якія таксама часта ламаліся, даводзілася іх мяняць. Але 18-20-гадовыя дзяўчаты спраўляліся: адкручвалі і закручвалі вялікія гайкі – гэта няпроста, скажу я вам. І сама лямпа была важкая. 

Так, развіццё нашай галіны ішло хутка. Вучыліся пастаянна, каб паспяваць за новымі тэхна­логіямі. 


Субботник

І працавалі, калі трэба, звыш пра­цоўных гадзін. Уручную правады цягнулі, станцыі абслугоўвалі таксама ў асноўным без прымянення тэхнікі і абсталявання. А міжгароднія лініі павінны былі працаваць у любы час сутак. Паветраныя лініі ад апоры да апоры правяралі кожны дзень і праз кожныя дзве гадзіны дакладвалі дыс­петчару абстаноўку на ўчастку. Не заўсёды ехалі веласіпедам, часцей пехатой перасоўваліся – кіламетраж пераадольвалі вялікі.

Тэлефонныя, як і радыёлініі, непрадказальныя: то вецер правады «пераблытаў», то снег наліп, то маланка «стуканула». Аварыя? Тут жа выязджаем!

Пра радыё

У святочныя дні нашай задачай было вынесці на вуліцу гучна­гаварыцелі, мікрафоны, круціць песні і музыку, чытаць тэматычную інфармацыю.

Працэс запуску радыё быў просты: каб адправіць у эфір рэспубліканскія навіны, наш работнік настройваў прыёмнік і па «правадах» пускаў матэрыялы ў сетку вяшчання.

«Гарачыя» навіны чыталі мы самі – у прамым эфіры. І я гаварыла ў мікрафон неаднойчы: агучвала аб’явы да святаў, віншаванні, анонсы, зводкі па надзвычайных сітуацыях, напрыклад, што прапаў чалавек. На ўвесь раён гаварыць вельмі хвалююча. Галоўнае тут, каб ніхто не перашкаджаў. Закрываеш кабінет на ключ,  уключаеш мікрафон – і чытаеш. 

Ветэраны астравецкай электра­сувязі, нават знаходзячыся на адпачынку, уважліва сочаць за навінкамі, якія прапануе насельніцтву іх арганізацыя. Больш таго – актыўна імі карыс­таюцца. І цешацца, што стаялі ля вытокаў сучасных тэхналогій.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович, из архива