Чем занимается и как отдыхает помощник прокурора

Як працуецца маладой дзяўчыне ў сур’ёзнай і адказнай структуры, чым займаецца і як адпачывае памочнік пракурора? Аб гэтым і іншым мы пацікавіліся ў маладога спецыяліста і памочніка пракурора Астравецкай пракуратуры ў адной асобе Анастасіі Юркойць.
– Прабачце за прамое пытанне, але навошта вам, маладой і сімпатычнай дзяўчыне, усе гэтыя прававыя акты, законы, адміністрацыйныя і крымінальныя працэсы? Словам, чаму выбралі менавіта гэтую прафесію?
– Шчыра кажучы, у дзяцінстве, да класа шостага я, як і большасць дзяўчынак, гуляла ў школу, насілася з кніжкамі-часопісамі і хацела стаць настаўніцай. Не важна, якога прадмета, але настаўніцай. А пасля ў школе з’явіўся такі прадмет, як “Чалавек. Грамадства. Дзяржава”. І ён мяне вельмі зацікавіў. Чым? Як зараз памятаю, што кожная глава пачыналася з выказванняў вядомых даўніх філосафаў – Арыстоцеля, Сакрата, Дыягена… Усе яны так ці інакш былі звязаны з законам і дзяржавай. І мне так падабаліся гэтыя выказванні. Многія ведала на памяць. А ў дзясятым класе ўжо цвёрда вырашыла, што буду юрыстам. Дарэчы, я ніколі не хацела стаць адвакатам, як прыгажун Мэйсан з папулярнага тады серыяла “Санта Барбара”. Проста, калі вучылася, у нас многія дзяўчаты на пытанне, чаму яны выбралі прафесію юрыста, адказвалі, хто хацелі быць адвакатам, як Мэйсан. (Смяецца) А ў адзінаццатым класе на выпускным наша класная прапанавала напісаць, кім кожны хоча стаць. Не ведаю чаму, але тады напісала, што хачу стаць пракурорам.
– А зараз, калі тэорыя перайшла ў практыку, гэтае рашэнне не змянілася?
– З практыкай сутыкнулася яшчэ падчас вучобы. Бо першым месцам практыкі стала якраз пракуратура. Многія аднакурснікі, якія “практыкаваліся” ў іншых месцах, расчараваліся. А я, наадварот, канчаткова ўпэўнілася, што хачу працаваць менавіта ў пракуратуры. Затым была яшчэ адна практыка, пасля якой мне прапанавалі застацца папрацаваць, набрацца вопыту. І я на працягу года паралельна з вучобай працавала ў пракуратуры, але бясплатна. Праўда, паўнацэннай працай гэта назваць цяжка, я была хутчэй практыканткай, мне падказвалі і паказвалі, як і што трэба рабіць. У Астравецкую пракуратуру я прыйшла самастойным спецыялістам, таму, канешне ж, тут ужо я сама адказваю за свае дзеянні. Але ад гэтага працаваць яшчэ больш цікава, назапашваецца вопыт, удасканальваецца майстэрства.
– А не страшна памыліцца, зрабіць нешта не так, вынесці няправільны вердыкт? Бо, як вядома, супрацоўнікі пракуратуры не абараняюць, а абвінавачваюць.
– Безумоўна, ведаць на памяць усе законы і кодэксы проста нерэальна, пры тым, што яны часта мяняюцца. Але, як казалі нам выкладчыкі, добры той юрыст, у якога заўсёды пад рукой заканадаўства і ён ведае, дзе што шукаць. Рызыка дзесьці памыліцца ёсць у кожнай прафесій. Але я перш, чым нешта зрабіць, дзесяць разоў гэта пераправеру і зверу з законам. І яшчэ я заўсёды гатова выслухаць кожнага, у тым ліку і абвінавачваемага, і разабрацца ў справе, растлумачыць, што да чаго.
– Як праводзіце вольны час? Чым захапляецеся? Дзе і як адпачываеце? Напрыклад, можа кветкі разводзіце?
– Ой, ну ёсць вазоны ў рабочым кабінеце, але гэта так, каб было больш прыгожа і ўтульна. Шчыра кажучы, вольнага часу пакуль мала. Калі ж ён ёсць, праводжу яго па-рознаму, у залежнасці ад сітуацыі і настрою – магу кніжку пачытаць, фільм паглядзець. Дарэчы, вельмі люблю кінафільм “Дзяўчаты” – ён такі добры, вясёлы, адразу настрой падымаецца. Наогул, я – пазітыўны чалавек і не люблю заставацца адна. Таму адпачываць люблю з сябрамі. Ёсць у мяне і мара – хачу пабываць у Венецыі. Спадзяюся, што яна калі-небудзь ажыццявіцца.
– Чаго яшчэ хочаце дасягнуць?
– Хачу стаць сапраўдным прафесіяналам сваёй справы і гэтым прыносіць карысць людзям і дзяржаве.
– А як жа асабістае жыццё?
– З гэтым у мяне таксама ўсё нармальна. Галоўнае, каб побач быў чалавек, які мяне разумее і не ставіць у нейкія вызначаныя рамкі.
– З чаго пачынаеце свой дзень?
– З кубачка кавы… Планаванне? Не, план работы на наступны дзень я звычайна складаю ў канцы працоўнага дня.
– Месца, дзе любіце адпачываць, куды прыходзіце, калі трэба паразважаць?
– Бацькоўскі дом, куды заўсёды прыязджаю з радасцю. Гэта цяжка перадаць словамі. Толькі тут я адпачываю кожнай часцінкай свайго знешняга і ўнутранага “я”, адраджаю свае сілы і насычаюся пазітывам.
---------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.