Шеститысячница Марина Полоз

06:00 / 23.11.2012

Спіс перадавых работнікаў у любой галіне, як правіла, паўтараецца з года ў год, няхай сабе з невялікай варыяцыяй у размеркаванні месцаў. Падобнае становішча існуе і ў доярскай справе: імёны перадавых даярак раёна даўно і добра вядомы. А вось сёлетні год, падобна, не абыдзецца без сенсацыі: на малочным даляглядзе раёна заіскрылася новае імя, уладальніца якога прэтэндуе на перамогу ў раённым спаборніцтве.


Гэта даярка фермы “Трокенікі” Марына Станіславаўна Полаз, якая па стане на 1 лістапада ад кожнай з 62 кароў сваёй групы атрымала ўжо больш, як па шэсць тысяч кілаграмаў малака!
…Яна аказалася маладой сімпатычнай жанчынай. Усмешлівай і адкрытай. Калі што і падалося спачатку нязвыклым, дык гэта лёгкасць, з якой Марына падчас размовы аперыравала тэхналагічнымі паняццямі жывёлагадоўлі: рацыён, дадой, кантрольная дойка… Прычым не проста называла гэтыя тэрміны, а разважала аб іх з добрым веданнем справы.
Ларчык адчыніўся проста: як высветлілася, па адукацыі Марына заатэхнік – у свой час закончыла Ільянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Працавала ў гаспадарцы лабарантам, а потым, калі выйшла замуж, вырашыла змяніць род дзейнасці на больш канкрэтны і стала даяркай.
–Нялёгкая, канешне, праца, – гаворыць Марына Станіславаўна, – але затое вельмі цікавая. Хоць, напэўна, не для кожнага – тут таксама важна мець і жаданне, і схільнасць. Ідзеш раніцай на ферму і ведаеш: цябе там з нецярпеннем чакаюць. Адну рагульку пагладзіш па пысе, другую прывітаеш словам… Яны ж усё бачаць і разумеюць. І прывыкаюць да цябе, як да гаспадыні. Самыя адданыя нават з цяжкасцю падпускаюць да сябе падменную даярку. Хіба ж такі давер можна не апраўдаць?!
Свой працоўны поспех даярка тлумачыць выдатнай кармавой базай, добрым станам пашы, акуратнай работай асемянатараў… Нібы яе асабістага ўкладу ў гэтыя 6 тысяч кілаграмаў і няма зусім! Працую, маўляў, як усе. Праводжу кантрольныя дойкі і на іх падставе вызначаю самых прадуктыўных кароў, стараюся потым, каб у іх кармушкі трапляў лепшы корм. Сачу за фізіялагічным станам жывёлы. Пры замене нізкаўдойнай каровы новую выбіраю сама, па сваім разуменні. Да раздою стаўлюся вельмі адказна. Як і ўсе іншыя даяркі раёна.
Вось, аказваецца, як проста за 10 месяцаў надаіць па 6 тысяч кілаграмаў малака ад каровы! Цікава – і чаму гэта атрымалася толькі ў Марыны Полаз?


-------------------
Ганна ЧАКУР.