Вязень фашысцкага канцлагера адсвяткавала свой 90-гадовы юбілей

18:36 / 09.05.2011

21 красавіка ветэран працы, вязень фашысцкага канцлагера Аляксандра Максімаўна Юзэфовіч адсвяткавала свой 90-гадовы юбілей. Павіншаваць яе ў гэты дзень у Страчу накіраваўся намеснік старшыні раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Мар’ян Іосіфавіч Краснік. Разам з прывітальным адрасам савета ветэранаў юбілярцы ўручылі падарунак.
За 90 гадоў свайго жыцця Аляксандры Максімаўне многае давялося зведаць. Першае і на ўсё жыццё каханне – са сваім будучым мужам яна пазнаёмілася ў школе ў Крупскім раёне, у якую яна была накіравана на працу пасля заканчэння Віцебскага педвучылішча яшчэ да вайны – у 1939 годзе. Пётр Іванавіч працаваў там дырэктарам. Праз некалькі месяцаў пасля знаёмства маладыя людзі  пажаніліся.



Вайна

А потым пачалася вайна – тая самая, што зламала не адну тысячу жыццяў. Дадала яна бяды і сям’і Юзэфовічаў. На той момант Аляксандра Максімаўна якраз ляжала ў раддоме   –  у яе нарадзілася дачушка, і шчаслівая мама паверыць не магла, што жыццё можа змяніцца. Якраз тады і  пачалася бамбёжка – хворыя  пасаскоквалі з ложкаў і пабеглі ў бліжэйшы лес. А куды можна было пабегчы ёй,  з толькі што народжаным немаўлём на руках? Парадзіха так і засталася ў бальніцы… Адступіць у глыб краіны яны не паспелі – і Аляксандра Максімаўна з мужам і маленькай дачкой засталіся ў сваёй вёсцы Шэйкі.
Чым далей, тым горш. Наступіў  1943 год… Побач з вёскай праходзіла чыгунка, і партызаны часта ўзрывалі цягнікі. Аднойчы ў сакавіцкую ноч ім гэта не ўдалося, і яны схавалі ўзрыўчатку ў адным з хлявоў іх вёскі. А раніцай у вёску прыехалі немцы з аўчаркамі – міны знайшлі. Забралі спачатку толькі гаспадароў, а вечарам прыгналі вялікую машыну  і  за сувязь з партызанамі вывезлі людзей з дзвюх суседніх вёсак – Лебедзева і Шэйкі.
Сярод іх была і сям’я Юзэфовічаў. Каб выратаваць жыццё дачушкі, бацькі пакінулі яе ў пустым доме пры школе. Палонных месяц дапытвалі, збівалі, а потым некалькі чалавек расстралялі, астатніх пагрузілі ў вагоны і павезлі ў Барысаў, потым – у Мінск. Там Аляксандру Максімаўну разлучылі  з мужам – ён захварэў на тыф. А яе  павезлі далей.
Потым было яшчэ адно выпрабаванне лёсам. Да вязняў пачалі даходзіць чуткі, што іх вязуць у Германію. Але тое, што будзе з ёй, Аляксандру Максімаўну не палохала – усе думкі засталіся ў Беларусі, з дачкой і мужам.
Праз некалькі дзён цягнік спыніўся, людзі выйшлі з вагона…
–Далі нам мяшкі, загадалі раздзявацца і складваць у іх адзенне. Гаварылі: вайна скончыцца, аддадзім назад. Раздзеліся, у каго было, знялі золата і склалі ў асобную кучку. Потым нас пастрыглі і прывялі ў нейкі круглы пакойчык. Далі кавалачак мыла і невялікі ручнік. “Мыцца павядуць”, – падумалася. Стаім голенькія, як быццам маці нарадзіла... І раптам чую збоку па-польску: “Пані, адкуль?”. “З Мінска” – адказваю. У гэты момант заходзіць нямецкі афіцэр і гаворыць, што рана нас яшчэ паліць, мы яшчэ  папрацаваць можам. Хуценька адчынілі запасныя дзверы і выгналі на вуліцу. Пагналі ў лазню, у якой стаялі начоўкі з сіняй вадой, аблілі  і сказалі апранацца.
Так трапіла Аляксандра Максімаўна, сама таго не ведаючы, у самы страшны лагер смерці Біркенау, і стала з гэтага часу не  Юзэфовіч, а вязень № 81463. У 15-м бараку правяла дзесяць дзён – так называемы каранцін.
–Нагледзелася ўсяго: даводзілася  трупы збіраць і вазіць іх да ямы. Вялікая фура, шэсць дзяўчат спераду, шэсць – ззаду. Дванаццаць жанчын. Збіралі мёртвых і везлі да ямы. А там палонныя венгры складвалі іх – рад людзей, рад дроў, рад людзей і зноў рад дроў. Потым запальвалі. І так тры ямы гарэлі. Людзей палілі, бо печкі ў крэматорыі  не спраўляліся.
Потым быў Асвенцым. І пакуты, зведаныя ў ім, і смерць людзей, якія спалі і працавалі побач, і цяпер бударажаць памяць гэтай жанчыны.
–Нас падымалі ў тры гадзіны ночы, выводзілі на вуліцу і пачыналі пералічваць. Стаялі, пакуль усіх не пералічаць.  А ўжо ў 6 гадзін пачынаўся працоўны дзень. Ішлі пад музыку – у лагеры быў аркестр жанчын і мы  павінны былі маршыраваць. Калі хтосьці ступаў не ў нагу – білі плёткай. Таму старэйшых стараліся паставіць у цэнтр, а маладзейшых – па баках. Спалі ў норах, якія былі высечаны ў сцяне, а зверху, знізу, па баках – цэгла… Часта прачнешся сярод ночы і разумееш, што побач з табой ужо не жывы чалавек ляжыць, а труп… А як кармілі… Літр супу на дзень.  А вечарам пасля работы пайку хлеба давалі. Танюсенькую. І кожны марыў, каб яму трапіў акрайчык. Хлеб бралі па чарзе, і не дай бог было ўзяць не свой кавалак – немцы збівалі  ледзь не да смерці.
У студзені 1945  палонных пастроілі ў рады па пяць чалавек.  Побач – ахоўнікі з сабакамі.
– Далі па коўдры, буханцы хлеба і нават цукар дазволілі ўзяць колькі захочаш. А куды яго пакласці? Толькі адна маленькая кішэня… І пагналі – інакш і не назавеш той паход… Так дабраліся да Франкфурта.
Які прыгожы горад! Якая прыгожая плітка! Чырвоная! Заглядзецца можна. Пасадзілі на вакзале і сказалі  чакаць. Праз некалькі дзён прыехаў поезд. Які там поезд? Ваганеткі, на якіх пясок возяць – ні сцен, ні даху, толькі падлога. Пасадзілі, побач немцы з сабакамі –  павезлі. Так я аказалася ў Равенсбруку. Равенсбрук для тых, хто прайшоў Асвенцым, падаўся санаторыем  – і падушкі былі,  і коўдры, і ложкі… Далі шклянку гарохавага супу – які ж ён быў смачны! А потым пагналі на работу – сарціравалі нямецкае адзенне, выразалі крывавыя плямы…
Вызвалялі нас амерыканцы. А мы былі страшныя, апухшыя  і ўжо нават мала што помнілі. Але тады пра гэта ніхто і не думаў – галоўнае, што жывыя. Падышла да польскай жанчыны-урача і прашу: “Дапамажыце мне, у мяне на радзіме маленькая дачушка засталася, можа, яшчэ жывая.” Дала яна мне некалькі таблетак, выпіла я іх, прамучылася цэлую ноч, але стала лягчэй  –  ажыла…  Праз некалькі дзён нас пачалі рыхтаваць да адпраўкі на радзіму… Дарога была доўгая і галодная, а можа, так толькі здавалася…  Прыехалі ў Мінск, села каля дарогі і плачу. Спынілася каля мяне цыганка, распытала і дапамагла дайсці да мужавай сястры – жыла яна ў Неўскім завулку, зусім недалёка. Але ў самой ні сіл не было, ні памяці.



Дачушка, якую згубілі і знайшлі

Асобная гісторыя ў сям’і Юзэфовічаў – гэта гісторыя пакінутай дачкі. Дзяўчынцы на той час і трох гадкоў не споўнілася, а гаварыць яна толькі “туз” ды “дама” ўмела  –  цацак не было, і малая гуляла з картамі.  Калі сям’ю забралі, дзяўчынка так і  засталася сядзець адна ў хаце, дзе пакінулі яе тата і мама.
–Падыходзіць да яе людзі баяліся. Але не пакінулі ў голадзе – праз фортку кідалі хлеб. А потым пайшлі да бацюшкі прасіць, каб забраў дзяўчынку да сябе – яны з матушкай бяздзетнымі былі. Паехаў бацюшка да бургамістра ў Крупкі, і той дазволіў забраць. А як толькі вызвалілі Мінск, на пошукі дачкі адправіўся муж са сваёй сястрой – менавіта ў бацюшкі ён яе і знайшоў.  А калі і я вярнулася ў Мінск, мы зноў пачалі жыць разам.



Мірнае жыццё

Сям’я вярнулася ў вёску, дзе жыла да вайны. Але там усё было разбурана, жыць не было дзе, і настаўнікам  падказалі: “Едзьце на захад”. Прыехалі Аляксандра Максімаўна і Пётр Іванавіч у Маладзечна і папрасіліся ў школу, якая была б непадалёк ад Смаргоні, каб бліжэй да бацькоў і родных, якія жылі ў Мінску. Так сям’я трапіла ў вёску Свінкі, недалёка ад Вішнева.
–Тут мы працавалі і жылі.  Першы час людзі дапамагалі: падкормлівалі, прыносілі сёе-тое. Потым разжыліся – пасадзілі агарод, купілі кароўку… Праз нейкі час мужа забралі ў Клюшчаны старшынёй калгаса, а я зноў засталася адна. Потым мы пераехалі ў  Масцяны.
І вось ужо больш за 50 гадоў Аляксандра Максімаўна жыве ў Страчы.  За гэты час яна вывучыла і выхавала не адно пакаленне дзяцей, якія і сёння ўдзячны сваёй першай і любімай настаўніцы.
–Усё добра – і есці ёсць што, і пенсію атрымліваю, і кіраўніцтва дапамагае, і людзі побач добрыя жывуць. Шануюць мяне, дапамагаюць. Усе – і дзеці, і дарослыя. І дровы прывязуць – бярозу, вольху. Самыя лепшыя. “Каб наша настаўніца не мёрзла,” – гавораць. І зерня кіраўніцтва калгаса дасць, і бульбы… Толькі жыві і радуйся. І дзеці ў мяне добрыя – хаця і жывуць у Мінску, праз два тыдні прыязджаюць.
А напярэдадні Дня Перамогі вялікая сям’я Аляксандры Максімаўны – сын Васілій  і дачка Ларыса, чатыры ўнукі, пяць праўнукаў і ўжо нават адзін прапраўнук – збяруцца ў доме маці і бабулі, каб адсвяткаваць яе юбілейны дзень нараджэння і свята Перамогі.


Алена ЯРАШЭВІЧ.