“Мастаку стагоддзя” з Трокенік няма месца ў раённым музеі?
(Успаміны і развагі ў сувязі са 110-годдзем нараджэння Мар’яна Богуша-Шышкі)
Не ведаю, як у каго, а ў мяне ледзь не самае вялікае задавальненне выклікае знаёмства з біяграфічнымі даведнікамі, якія прысвечаны знакамітым дзеячам Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны, Ізраіля, ЗША, Германіі. Гартаеш – і абавязкова сустрэнеш невядомых нашай навуцы суайчыннікаў. Беларуская зямля сапраўды шчодра забяспечвала “донарскай крывёй” іншыя дзяржавы і народы, пераважна суседзяў.
Заканамерны выпадак
Так было і ранняй восенню 1993 года. У Браціславе праходзіў чарговы Міжнародны кангрэс славістаў. Адказна было выступіць з дакладам пра Францыска Скарыну як паборніка ўзаемаразумення паміж людзьмі, канфесіямі і народамі, прыемна – сустрэцца з даўнімі знаёмымі. Сярод іх аказаўся і прафесар Ягелонскага ўніверсітэта (Кракаў) Здзіслаў Нядзеля родам з Празорак на Віцебшчыне (гэта па яго запрашэнню ў 1971 годзе Уладзімір Караткевіч упершыню выехаў за мяжу). Памянуўшы агульнага сябра, мы сталі развітвацца. І тут, спахапіўшыся, спадар Здзіслаў дастаў з партфеля падрыхтаваны падарунак – “Малы слоўнік польскіх пісьменнікаў на чужыне. 1939-1980” (Варшава, 1993).
Пачаўшы ў вагоне знаёміцца з падарункам, я амаль што адразу, на старонцы 41, наткнуўся на артыкул “Богуш-Шышка Мар’ян (1901), мастак, мастацтвазнаўца)”. Далей паведамлялася, што нарадзіўся ён “16 лютага 1901 года ў Трокеніках каля Вільні”. “Няўжо гэта тыя Трокенікі, — падумаў я, — што на Астравеччыне, на старым тракце Вільнюс – Полацк, у дваццаці кіламетрах ад маёй роднай вёскі Расолы? Тады чаму я нічога не ведаў пра яго, калі пісаў кнігу “Астравеччына, край дарагі…”? А можа, каля Вільнюса ёсць і іншыя Трокенікі? Трэба праверыць”.
Канешне, у даведнік Богуш-Шышка трапіў не як мастак, а як аўтар артыкулаў аб пісьменніках Выспяньскам і Норвідзе. Але гэтыя публікацыі мне ні аб чым не гаварылі. Куды больш зацікавілі звесткі аб манаграфіі Богуша-Шышкі “Нарыс гісторыі выяўленчага мастацтва на землях В.К. Літоўскага”, выдадзенай у 1953 годзе ў Лондане, дзе мастак жыў у пасляваенныя гады. “Вось бы дабрацца да гэтай кнігі, — мільганула думка. – Там жа можа быць многа цікавага для нас.”
Пошук пачынаецца
Калі перачытваў артыкул, кінулася ў вочы, што ў ім не ўказана дата смерці Мар’яна Богуша-Шышкі. Значыць, ён жывы? Наўрад ці – у гэтым выпадку яму павінна быць 92 гады. А жыццёвы шлях яго быў складаны і пакутніцкі: удзел у польска-нямецкай вайне, палон, некалькі галоў фашысцкіх канцлагераў. Хоць усё можа быць… І чаму гэтая кніжка не трапіла мне ў рукі раней, калі я бываў у Лондане?!
Сваімі сумненнямі я падзяліўся з гісторыкам мастацтва Ганнай Пругар-Мысьлік, жонкай былога консула Польшчы ў Беларусі Тадэвуша Мысьліка. Яна кампетэнтна адказала: “Tак, яшчэ жывы, праўда, вельмі хворы, знаходзіцца ў хоспісе. Палотны яго, асабліва на біблейскія тэмы, — прадоўжыла пані Мысьлік, — высока цэняцца ў свеце. Добра было б арганізаваць яго музей на радзіме, дзе было б прадстаўлена беларускае, польскае і літоўскае мастацтва? Магчыма. Але тут не абысціся без добрай волі самога мастака. Трэба спяшацца, каб заспець яго жывым”.
Шлях амаль у сто гадоў
Вярнуўшыся дамоў, я тут жа напісаў пісьмо ў Лондан мецэнату Анджэю Цеханавецкаму, нашчадку князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх, тагачаснаму і сучаснаму старшыні сумеснай беларуска-польскай камісіі па культурнай спадчыне. Папрасіў яго сустрэцца з мастаком, нагадаць яму пра Трокенікі (аказалася, што ў Віленскім краі яны адны). Але ў адказ прыйшла сумная вестка: Мар’ян Богуш-Шышка памёр 28 студзеня 1995 года ў лонданскім хоспісе ва ўзросце 94 гады. Да пісьма была прыкладзена ксеракопія артыкула-некралога Войцеха Фалькоўскага “Мар’ян Богуш-Шышка – мастак стагоддзя”, надрукаванай у газеце “Tydzien Polski” (Лондан, 1995, 11 сакавіка). Аўтар падкрэсліў, што азначэнне “мастак стагоддзя” належыць не яму, а вядомаму англійскаму крытыку Эрыку Ньютану, які даў яго Богушу-Шышку ў 1959 годзе, калі пазнаёміўся з яго творамі.
З артыкула Войцеха Фалькоўскага я даведаўся, што Мар’ян Богуш-Шышка паходзіў з заможнай шляхецкай сям’і, атрымаў добрую адукацыю. Скончыўшы гімназію, ён тры гады вучыўся жывапісу ў Віленскім універсітэце (асабліва плённа – у нашага знакамітага земляка Фердынанда Рушчыца) і тры гады – у Кракаўскай акадэміі. Затым выкладаў маляванне ў розных навучальных установах, у тым ліку і ў Кобрыне. Акрамя жывапісу, займаўся матэматыкай і ў гэтай галіне таксама дасягнуў значных поспехаў: атрымаў навуковую ступень і выдаў кнігу.
У пачатку Другой сусветнай вайны Мар’ян Богуш-Шышка быў мабілізаваны ў польскую армію, удзельнічаў у баях, трапіў у палон. Да канца вайны знаходзіўся ў фашысцкіх канцэнтрацыйных лагерах. Пасля вызвалення яго паклікаў у Італію стрыечны брат, генерал арміі Андэрса Зыгмунт Богуш-Шышка. Для салдат і афіцэраў, якія там апынуліся, мастак арганізаваў курсы па гісторыі мастацтва, вучыў маляванню тых, хто меў да гэтага цікавасць. 11 лістапада прыбыў у Англію, дзе, акліматызаваўшыся, узначаліў Школу мальбертнага жывапісу, якую закончылі многія знакамітыя майстры. Сям’я эмігранта засталася ў Кракаве: сын Анджэй стаў прафесарам педагагічнай псіхалогіі, а ўнучкі закончылі тую ж Акадэмію мастацтваў, што і іх дзед.
Музею – быць?
Аднак у артыкуле В. Фалькоўскага не было ні слова пра лёс мастацкай спадчыны М. Богуша-Шышкі. Зноў паляцелі пісьмы ў Лондан. На гэта раз – у два адрасы: Анджэю Цеханавецкаму і ў Пасольства Беларусі. Першым адгукнуўся мецэнат. У маім архіве захаваўся яго адказ, які (спадзяюся, дзеля карысці справы) часткова працытую.
“Я толькі што наведаў лэдзі Сіселі Сондэрс, удаву Мар’яна Богуша-Шышкі. Доўга гаварыў па тэлефону з яго ўнучкай (ад першага шлюбу) спадарыняй Алай Богуш-Добаш. У прынцыпе справы выглядаюць добра. Са спадарыняй Добаш я пабачуся ў Кракаве 7 лістапада (1995 года) перад маім прыездам у Мінск. Паведамляю Табе яе адрас: вуліца Цэляроўска, 17, кв.29, 31-414, Кракаў.
Сям’я абавязкова перадасць частку спадчыны Майстра музею ў Трокеніках. Аднак яна павінна быць упэўнена, што такі музей узнікне і што сядзіба Богуша-Шышкі ў Трокеніках сапраўды стане цэнтрам польска-беларуска-літоўскага ўзаемадзеяння.
Пакуль нам удасца давесці ўсю справу да фінішу, я прапанаваў бы, каб спадарыню Алу Богуш-Добаш з мужам запрасілі беларускія ўлады, каб яны маглі пабачыць Трокенікі і ўсё абмеркаваць на месцы. Праезд яны аплацяць самі, а гасціннасць – гэта ўжо ваша справа і прывілея. Дадам, што праектуецца Музей сям’і Шышка-Богушаў (архітэктар Адольф – яго сын, а таксама сам Мар’ян) у Пшэгожалах каля Кракава. Пагэтаму Беларусь павінна ўсё зрабіць хутка. Прашу гэтае пытанне паставіць на пасяджэнні Беларуска-польскай камісіі ў Мінску, дзе я зноў павінен старшынстваваць”.
Аднак на чарговых пасяджэннях камісіі Анджэй Цеханавецкі, ганаровы доктар БДУ і ганаровы грамадзянін Заслаўя, старшынстваваць, на жаль, не змог. У верасні 1995 года ў Рыме з ім адбыўся няшчасны выпадак, і ён надоўга трапіў у бальніцу. На пасяджэннях мы (я тады з’яўляўся адным з экспертаў камісіі) не раз добрым словам успаміналі свайго патрабавальнага старшыню. Імя Мар’яна Богуша-Шышкі таксама не раз называлася беларускімі і польскімі дзяржаўнымі дзеячамі і вучонымі. А Трокенікі разам з Дудзічамі Ельскіх, Бачэйкавым Цеханавецкіх, Шчорсамі Храптовічаў станавіліся ў адну шарэнгу колішніх дасягненняў культуры, якім трэба даць другое дыханне”. Польскі бок тады таксама пагадзіўся з маёй прапановай, якое пісьмова падтрымаў і Цеханавецкі, што Трокенікі павінны стаць сумесным беларуска-польскім-літоўскім культурным цэнтрам. Галасаванне было аднадушным. Абодва міністэрствы культуры прынялі тады пратакол да выканання.
З дыпламатычнай канкрэтнасцю
І бываюць жа такія супадзенні! Літаральна назаўтра пасля заканчэння работы камісіі ў Цэнтр імя Францыска Скарыны, дзе я тады працаваў, прыйшоў падрабязны ліст Уладзіміра Шчаснага, пасла Беларусі ў Вялікабрытаніі. Ён насычаны карыснай інфармацыяй і варты таго, каб працытаваць пэўныя часткі яго.
“(…) 30 кастрычніка я наведаў удаву Мар’яна Богуша-Шышкі спадарыню Сіселі Сондэрс. Дарэчы, яна сама з’яўляецца выбітной асобай, бо ў 60-я гады заснавала першы ў свеце хоспіс (установу, у якой ў апошнія гады жыцця знаходзяцца невылечна хворыя). Пасля смерці мужа засталася вялікая колькасць карцін. Амаль усе яны знаходзяцца ў будынку хоспіса, бо большасць спецыяльна для яго і напісаны. Пагэтаму перадаць іх для музея ў Трокеніках будзе, напэўна, немагчыма. Але засталася значная колькасць акварэляў, малюнкаў і літаграфій, якія могуць быць перададзены для экспазіцыі ў новым музеі. Засталіся таксама некаторыя фатаграфіі, з якіх можна зрабіць копіі, пэндзлі, а таксама кнігі, у тым ліку манаграфіі аб яго творчасці і зборнік напісаных ім артыкулаў аб мастацтве.
Значная колькасць карцін і амаль усе фатаграфіі з мінулага жыцця знаходзяцца ў Кракаве, дзе жыве сын ад першага шлюбу і ўнучка, якая і займаецца спадчынай мастака.
Справа ў тым, што музей, прысвечаны Мар’яну Богушу-Шышку і яго сыну, вядомаму архітэктару, які рэстаўрыраваў Вавель, плануецца стварыць і каля Кракава. Я размаўляў па тэлефоне з унучкай мастака спадарыняй Алай Богуш-Добаш. Яна спачатку даволі насцярожана аднеслася да ідэі (стварэння музея ў Трокеніках – А.М.) Адной з прычын гэтай насцярожанасці з’явілася тое, што, на яе думку, можа так стацца, што Мар’ян Богуш-Шышка будзе прадстаўлены не як польскі, а як беларускі мастак, што было б супраць волі нябожчыка. Спадарыня Богуш-Добаш жадала б таксама ведаць, у якім стане знаходзіцца будынак, будзе гэта толькі музей ці таксама культурны цэнтр (…) Калі ўсё будзе больш-менш узгоднена, яна хацела б наведаць Трокенікі. Па майму меркаванню, было б лепш, калі б яна трапіла туды цераз Вільнюс, беларускае пасольства ў Вільнюсе дапамагло б транспартам.
Вельмі зацікаўлена і спрыяльна аднеслася да ідэі (музея ў Трокеніках – А.М.) удава мастака. На яе думку, сам М. Богуш-Шышка быў бы вельмі рады такой прапанове.
Увогуле сама ідэя стварэння музея бачыцца вельмі рэальнай. Відавочна, варта падумаць над яго канцэпцыяй. У якасці доказу таго, што польскасць мастака будзе прадстаўлена дастаткова выразна, мною быў прыведзены прыклад з домам-музеем А.Міцкевіча ў Навагрудку.
Такім чынам, магчымасць атрымання экспанатаў даволі рэальная. Цяпер многае будзе залежаць ад актыўнасці беларускага боку. Пасольства гатова аказаць любую магчымую дапамогу.
У дадатак высылаю кнігу пра мастака і зборнік напісаных ім артыкулаў пра мастацтва, а таксама фатаграфіі, падораныя спадарыняй Сіселі Сондэрс”.
Варта сказаць некалькі слоў пра названыя кнігі, якія я затым перадаў у Астравец. Зборнік “Аб мастацтве”, выдадзены ў Лондане ў 1982 годзе, сведчыць аб шырыні кругагляду яго аўтара. У кнігу ўключаны артыкулы пра Я. Матэйку, П. Сезана. П. Пікасо і іншых майстроў еўрапейскага жывапісу. Як і варта было чакаць, у зборніку шмат матэрыялаў пра мастакоў, якія нарадзіліся і жылі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, у Віленскім краі. Побач з рэцэнзіямі-аглядамі канкрэтных выставак – філасофскія развагі аб прызначэнні мастацтва і жыцці ўвогуле.
У альбоме “Мар’ян Богуш-Шышка” прадстаўлены рэпрадукцыі каляровых і чорна-белых твораў мастака, якія выстаўляліся пасля вайны ў Рыме і Лондане, Парыжы і Мюнхене. З альбома відаць, што нашага земляка больш за ўсё прыцягвала рэлігійна-біблейская праблематыка. У творах на гэтую тэму, асабліва аб распяцці Хрыста, Богуш-Шышка дасягнуў творчых вяршынь. Гаворачы словамі В.Фалькоўскага, на яго карцінах “знешняе святло, якое падае на палатно, адлюстроўваецца, амаль што ззяе святлом унутраным. Матэрыял пераўтвараецца ў святло.” Каля 60 такіх твораў сёння знаходзіцца ў лонданскім хоспісе святога Крыстафера.
Візіт лэдзі Сондэрс
Вясной наступнага 1996 года я атрымаў ад Анджэя Цеханавецкага, які да таго часу пакінуў бальніцу, паведамленне, што стваральніца першага ў свеце хоспіса “Лэдзі Сесілі Сондэрс збіраецца ў Трокенікі – дарэчы, насупраць волі сям’і. Дабірацца яна збіраецца цераз Вільнюс”. Тут жа я звязаўся з Астраўцом, пачаў уладжваць арганізацыйныя пытанні.
І вось праз некалькі тыдняў, летам, разам з тагачасным галоўным урачом мінскага дзіцячага хоспіса Ганнай Гарчаковай мы накіраваліся ў Трокенікі. Там ужо чакалі гасцей супрацоўнікі Астравецкага райвыканкама і раённай бальніцы. Неўзабаве пад’ехала і Сесілі Сондэрс у суправаджэнні прадстаўніка беларускага пасольства ў Літве. Загадчыца аддзела культуры райвыканкама Данута Чарнушэвіч прыпаднесла англійскай лэдзі традыцыйныя хлеб-соль, а мясцовыя артысты саспявалі прывітальную песню.
Агледзеўшы старую сядзібу і прызнаўшы, што яна цікавая і знаходзіцца ў добрым стане, Сесілі Сондэрс абмеркавала з прысутнымі планы далейшага супрацоўніцтва. Па-першае, яна падкрэсліла, што ёй вельмі імпануе ідэя стварэння ў Трокеніках “музея суседніх культур”. Па-другое, паабяцала прыслаць для яго некалькі палотнаў свайго нябожчыка мужа. Па-трэцяе, кіраўнікі двух хоспісаў – лонданскага і мінскага — дамовіліся надалей дзейнічаць у цесным кантакце. Пасля гасціннага абеду (як сказала госця, амаль што “у англійскім сялянскім стылі”) Сіселі Сондэрс наведала касцёл у суседняй Быстрыцы, дзе хрысцілі Мар’яна Богуша-Шышку і дзе адправілі службу за спачын яго душы, а затым адбыла, задаволеная, на радзіму.
Яе кантакты з Беларуссю працягваліся. Калі я пісаў гэты артыкул, то вырашыў патэлефанаваць галоўнаму ўрачу мінскага дзіцячага хоспіса Ганне Гарчаковай і даведацца, ці былі ў яе яшчэ сустрэчы з лэдзі Сондэрс.
—Так, былі, — пацвердзіла Ганна Георгіеўна. – Дзякуючы яе запрашэнню і актыўнаму садзейнічанню Уладзіміра Рыгоравіча Шчаснага я прайшла ў лонданскім хоспісе святога Крыстафера курс навучання мультымедыйнай паліатыўнай медыцыне. І, як вынік, гэты курс цяпер чытаецца ў Мінску – чаго няма ў іншых краінах СНД.
Дзеянні і… бяздзеянне
Былі і іншыя вынікі візіту. Хутка Уладзімір Шчасны прывёз у былы Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны восем абяцаных карцін Богуша-Шышкі. Адну з іх, біблейскага зместу, вырашылі, у адпаведнасці з воляй Сіселі Сондэрс, перадаць у Быстрыцкі касцёл, другую – “Аўтапартрэт” – пакінуць у цэнтраўскай экспазіцыі “Беларусы ў свеце” (цяпер яна знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі), а астатнія перадаць у Трокенікі, дзе, спадзяюся, яны знаходзяцца і зараз (адна з іх, “Сонейка”, часова выстаўлена ў раённай бібліятэцы).
Пасля атрымання карцін наступіў час дзеянняў. Уладзімір Шчасны спецыяльна сустрэўся з загадчыцай аддзела культуры Астравецкага райвыканкама Данутай Чарнушэвіч і абгаварыў з ёй арганізацыйныя пытанні. Мне было даручана распрацаваць канцэпцыю музея ў Трокеніках, што было не вельмі складана. Беларускае выяўленчае мастацтва прадстаўлялі б ураджэнцы раёна графік Віктар Александровіч, народны скульптар Міхал Валуевіч, жывапісцы Тарэса Варановіч (Стурліс), Алег Драбышэўскі і скульптар-прафесіянал Леанард Пакульніцкі, літоўскае – жывапісцы Ірэна Герасім (Струліс) і Бірутэ Куцкайтэ, польскае – жывапісцы Мар’ян Богуш-Шышка і Леў Дабжынскі, графік Эугеніуш Мальдзіс, рускае, беларускае і часткова юкагірскае – Сцяпан Казлоўскі. Дарэчы, да рускага часткова можна аднесці і Льва Дабжынскага: гэты жыхар Лошы і вучань Фердынанда Рушчыца даводзіўся родзічам самому Льву Талстому.
Словам, атрымліваўся цудоўны этнічны букет, звязаны ў адно цэлае Зямлёй Астравецкай. Каб аглядаць яго, патрабавалася не так і шмат – часткова адрамантаваць у Трокеніках аднапавярховы дом з мансардамі, іншыя пабудовы сядзібы захаваліся нядрэнна.
Чаканне музея ажыўлялася першымі дарункамі. Бірутэ Куцкайтэ перадала раёну больш за дваццаць сваіх работ. Родзічы Льва Дабжынскага прывезлі з Гданьска некалькі твораў гэтага таленавіта мастака. У раёне засталіся творчыя вынікі двух пленэраў. Здавалася, усё ідзе да шчаслівага фіналу.
Але рамонт будынка зацягваўся. Ніхто не спяшаўся і з запрашэннем кракаўскіх нашчадкаў Богуша-Шышкі. З’явілася думка, што спачатку трэба адкрыць раённы гісторыка-краязнаўчы музей у Астраўцы, каб было пры чым ствараць філіял у Трокеніках. Пэўны рэзон у гэтым, канешне, быў.
АЭС і музеі – гэта сур’ёзна
Далейшыя падзеі паскорылі рашэнне аб будаўніцтве на тэрыторыі Астравецкага раёна першай беларускай атамнай электрастанцыі. Раён становіцца абраным – і, адпаведна, галоўны яго музей таксама павінен быць непаўторным, выключным. Яго задума зноў замкнулася на мне як на аўтары кнігі “Астравеччына, край дарагі…”
Разважыўшы, я прыйшоў да высновы, што трэба не фантазіраваць, а зыходзіць з рэалій. Так ужо гістарычна склалася, што Астравецкі раён унікальны па этнічнаму складу. Спакон веку тут як карэннае насельніцтва мірна суіснуюць, узаемадзейнічаюць і ўзаемна ўзбагачаюцца, жывуць побач беларусы, літоўцы, палякі, рускія (унікальная гісторыя завілейскай абшчыны старавераў). Свой значны уклад у культуру прыўнеслі яўрэі, украінцы, шведы (род Сволькенаў адыграў выключную ролю ў развіцці культуры завілейскай часткі раёна). Разам атрымліваецца магічная лічба сем – сем колераў вясёлкі. І кожны этнас прадстаўлены цікавымі людзьмі, багатай гісторыка-культурнай спадчынай. А як усё гэта паказаць – гэта ўжо справа музеязнаўцаў і дызайнераў.
Канцэпцыя музея “Сем колераў вясёлкі” летам 2008 года была разгледжана ў Астравецкім райвыканкаме на пасяджэнні дзяржаўна-грамадскай камісіі і ў цэлым знайшла адабрэнне. Толькі галоўны рэдактар газеты “Астравецкая праўда” Ніна Рыбік зрабіла істотнае дапаўненне “Сем колераў нацыянальнай вясёлкі”. Тут жа мною быў зроблены першы “ўклад” у музейную экспазіцыю ў выглядзе кніг па гісторыі і карцін.
Тая ж канцэпцыя была вобразна выкладзена ў артыкуле “Цудоўная сямёрка: цуды зямлі Астравецкай”, “СБ”, 30 верасня, 2008 год, “Астравецкая праўда” 15,18, 25 кастрычніка, 1, 15 лістапада), прымеркаванай да 540-годдзя Астраўца. Вось толькі некаторыя назвы раздзелаў: “Сем колераў нацыянальнай вясёлкі”, “Сем гістарычных падзей”, “Сем цудаў дойлідства”, “Сем цудаў прыроды”, “Сем каменных скульптур”.
Мне ўвесь час здавалася, што мастацкі музей (ці цэнтр?) імя Мар’яна Богуша-Шышкі будзе філіялам раённага музея, аб’яднаным з ім некаторымі прынцыпамі – да прыкладу, той жа магічнай лічбай сем. Гэткім жа філіялам бачыўся і гісторыка-этнаграфічны музей, адкрыты нядаўна ў вёсцы Барані, на радзіме вядомага святара і паэта Казіміра Сваяка. Для раёна, дзе будзе пабудавана першая беларуская АЭС, – гэта музейная праграма-мінімум.
Што прапанавала Гродна?
Мінула два з паловай гады. Наблізілася 110-я гадавіна з дня нараджэння Мар’яна Богуша-Шышкі. Цікава, што ж робіцца ў Трокеніках? Тэлефаную ў Астравецкі райвыканкам. Там мяне парадавалі навіной: нарэшце падабралі дырэктара Астравецкага музея, яна ў курсе усіх спраў.
—Ніякага Богуша-Шышкі я не ведаю, — адразу ж засмуціла мяне дырэктар Астравецкага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Аляксандраўна Клемянок. – Бо ні яго самога, ні філіяла ў Трокеніках няма ў канцэпцыі, якую распрацаваў для нас Гродзенскі абласны музей. А яна для нас – кіраўніцтва для дзеяння.
—Што за канцэпцыя? Дзе з ёй можна пазнаёміцца?
—Яна ў агульных рысах выкладзена ў маім інтэрв’ю раённай газеце ў нумары за 26 студзеня.
“Як жа так можна забыць пра Богуша-Шышку?” — не мог зразумець я. На ўсякі выпадак зазірнуў у толькі што дасланы з Астраўца даведнік “Астравеччына турыстычная”. Ды не, усё ж памятаюць – на старонцы 18 ёсць здымак дома ў Трокеніках і рэпрадукцыя карціны нашага земляка “Сонейка”.
А вечарам я атрымаў чарговыя нумары “Астравецкай праўды” (дзякуй рэдакцыі) і знайшоў там інтэрв’ю пад назвай “Якім будзе астравецкі музей?” Прызнаюся, даўно не адчуваў такога шоку, як пры чытанні гэтага інтэрв’ю з дырэктарам музея. Аказваецца, асноўнай экспазіцыяй на першым паверсе будзе “Рака Вілія”. Акварыумы запоўняцца рознымі відамі рыб, а таксама “чучаламі жывёл вадаёмаў і пабярэжжаў, гербарыямі раслін вадаёмаў і лугоў”. І адразу ўзнікла пытанне: прычым тут Вілія? Астравец жа і трохпавярховы будынак былога млына, у якім мяркуецца пасля рамонту размясціць музей, знаходзяцца на не менш каларытнай Лошы! Вілію, мясцовую флору і фаўну работнікам і наведвальнікам АЭС лепш аглядаць у натуры – рака ж знаходзіцца непадалёк ад будаўнічай пляцоўкі станцыі. Ды і маршрут для знаёмства з мясцовай флорай і фаўнай спецыяльна прадугледжаны – па Сарачанскіх азёрах.
Не менш пытанняў выклікае і экспазіцыя, прапанаваная абласным музеем, якая называецца “Ад зажынак да Багатухі”. Ну, па-першае, “Багатуха” – гэта не мясцовая традыцыя, па-другое, як можна звесці ўвесь гадавы цыкл толькі да жніва і малацьбы? Па-трэцяе, у экспазіцыі не прадугледжаны Чалавек, канкрэтныя людзі, а толькі прылады іх працы. І, па-чацвёртае, такую этнаграфічную экспазіцыю больш мэтазгодна размясціць у Баранях, у хаце Казіміра Сваяка.
Затое ў экспазіцыі, прапанаванай распрацоўшчыкамі канцэпцыі для трэцяга паверха, ёсць рацыянальнае зерне. Паколькі музей будзе знаходзіцца ў будынку млына, лагічна паказаць тут “перапрацоўку збожжа на муку”, “адпаведныя прылады працы”. Але наступныя фразы насцярожваюць: “У нас будзе і млынар. У беларусаў млынар заўсёды(?) лічыўся сябрам нячыстай сілы (??), асабліва вадзяніка і русалкі(???), якім ён нават прыносіў ахвяры. Перад замаразкамі, напрыклад, забіваў і кідаў у ваду гусака. Гэта рабілася ў дзень святога Марціна, які млынары адзначалі святочна, частаваліся гарэлкай на млынарскім кругу. Пагэтаму ў экспазіцыі павінны быць скульптурныя выявы Марціна, вадзяніка, русалкі, чарцей і г.д.”
Уф-ф! Пасля гэтай фразы ахоплівае чорная меланхолія. Ну не адзначаюць на Астравеччыне дзень святога Марціна! І гусакоў у раку ніхто не кідае, і праца мукамолаў лічыцца высакароднай і не мае ніякага дачынення да нячыстай сілы.
Прыведзеную цытату я прачытаў па тэлефоне некалькім кампетэнтным фалькларыстам. Яны пацвердзілі мае назіранні дзіцячых і юнацкіх гадоў: не было такога на зямлі астравецкай і быць не магло!
У мяне склалася ўстойлівае перакананне, што гэтую, з дазволу сказаць, “канцэпцыю” падарыў Астравецкаму раёну (вядома, не бясплатна) мякка кажучы, фантазёр, які ў раёне ніколі не быў, нічога не ведае ні пра Астравеччыну, ні пра яе гісторыю і людзей, а свой “аб’ект” вывучаў толькі па карце, дзе толькі і ўбачыў, што раку Вілію. Тады зразумела, чаму ў канцэпцыі няма той этнічнай, канфесіянальнай, культурнай разнастайнасці, якая ўласціва зямлі астравецкай.
Апошняя інстанцыя
Якое ж выйсце бачыцца мне з усёй гэтай парадаксальнай сітуацыі? Я далёкі ад думкі, што гродзенскую канцэпцыю трэба безумоўна замяніць на “Сем колераў нацыянальнай вясёлкі”. Як і кожны чалавек, я магу ў нечым памыляцца. Ды і ў гродзенскай канцэпцыі ёсць рацыянальнае зерне. Пагэтаму тут патрэбен, што называецца, трацейскі суд. І ў гэтай ролі можа выступіць нядаўна створаны Рэспубліканскі грамадскі савет па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, яго секцыя “Ахова гісторыка-культурнай спадчыны і музейная дзейнасць”. Туды ўваходзяць кіраўнікі музеяў, дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук. Спадзяюся, што на грамадскіх пачатках, магчыма, і з дапамогай Інстытута Гісторыі НАН Беларусі яны вызначаць твар будучага астравецкага музея, яго філіялаў (Трокеніцкі можна адкрыць на працягу года). Унікальны раён з унікальнай будоўляй варты асаблівай увагі, абмеркавання з удзелам зацікаўленых бакоў, а таксама ўсялякай дапамогі.
Што ж тычыцца мяне, то я палічу выкананнем свайго грамадзянскага абавязку перадачу Алене Аляксандраўне часткі экспанатаў, якія за апошнія трыццаць гадоў сабраліся ў міні-музеі, што знаходзіцца ў вёсцы Палушы ў доме маёй нябожчыцы жонкі. Экспанаты гэтыя збіраліся шляхам падворнага абходу, які рэкамендую і работнікам астравецкага музея. Я пераканаўся, што калі гаворыш з людзьмі на іх матчынай мове, яны адчыняюць для цябе і куфры, і каморы, і гарышчы.
Адам МАЛЬДЗІС.