Ён. Яна. Сям'я

13:39 / 17.04.2010
1
Яны нарадзіліся ў адзін год і адзін месяц у розных вёсках Астравеччыны. І так сталася, што хрысцілі іх хоць і ў розных касцёлах, але таксама ў адзін дзень – адразу пасля Вялікадня. А калі прыйшлі ў касцёл запісвацца на запаведзі да вяселля, ксёндз, адзначыўшы гэтыя супадзенні, сказаў: “Павінны быць шчаслівымі!”.
Так і сталася. Вікенцій Казіміравіч і Леанарда Юсцінаўна Букелі пражылі доўгае шчаслівае жыццё, выгадавалі дзяцей, дапамагаюць гадаваць унукаў і праўнукаў. У гэтым годзе яны адзначаюць свае 80-годдзі з дня нараджэння і 57-годдзе з дня шлюбу.


Ён
Нарадзіўся Вікенцій Казіміравіч Букель у вёсцы Груздоўшчына ў далёкім 1930 годзе. Сям’я была маленькая: бацькі, сястра і ён. Але гаспадарку трымалі вялікую, таму хлопец з дзяцінства быў прывучаны да працы – не цураўся хатняй мужчынскай работы, а калі прыходзілася, то і маці па дому дапамагаў.
Да вайны пайшоў у школу ў вёску Слабодка і паспеў закончыць тры класы. Школа была польская, але веды, закладзеныя маладой прыезджай настаўніцай Галінай Іванаўнай, засталіся і цяпер. І чытаць, і гаварыць па-польску ён умее.
Падчас вайны Вікенцій быў падлеткам, сядзеў дома.
– Помню, як партызаны папрасілі мяне падлажыць паміж Слабодкай і Дзягеневам пад рэйкі дзве самаробныя бомбы, – успамінае Вікенцій Казіміравіч. – А я і рады старацца: малы быў, хацелася подзвіг здзейсніць і адчуць сябе героем. Бомбу я падлажыў, спусціўся ў невялікі лясок каля чыгункі і стаў чакаць эшалон. Пачуўся гул паравоза, а потым, як грымне! – уцякаў, што ёсць сілы. Але для мяне ўсё закончылася добра.
Пасля вайны Вікенцій Казіміравіч уладкаваўся на чыгунку рабочым. А потым быў прызваны ў армію. Служыць давялося аж на Камчатцы. Тры гады праляцелі даволі хутка, тым больш што на радзіме яго чакала каханая дзяўчына, а на далёкай чужыне грэлі душу яе пісьмы...

Яна
А Леанарда Юсцінаўна нарадзілася ў вёсцы Радзюлі, і прозвішча ў яе таксама было Радзюль. Сям’я была вялікая і дружная. Бацька, Юсцін Фомавіч, быў добрым агароднікам – вырошчваў на сваім участку розныя расліны, сярод якіх самымі незвычайнымі на той час былі памідоры.
– Тату паважалі не толькі аднавяскоўцы. Добра памятаю, як з Астраўца прыязджалі да яго розныя людзі глядзець, што і як ён вырошчвае, – успамінае Леанарда Юсцінаўна. – Нягледзячы на тое, што сям’я была вялікая – у бацькоў шасцёра дзяцей, жылі мы добра, гаспадарку трымалі вялікую – кароў, каня, быка. Усю вупраж бацька рабіў сам – рукі меў залатыя. Праблем з ядой у нас таксама ніколі не было. Тата, калі служыў у арміі, быў там поварам, таму прыгатаваць мог шмат смачных страў. Помню, як мы ў дзяцінстве рабілі макароны – раскатвалі цеста так, што, калі пад яго падкласці газету, можна было прачытаць усё, што напісана. Бацька рэзаў яго, затым цеста сушылі, а потым мама варыла. Такіх смачных макаронаў ніколі больш не ела. З мяса рабілі смачныя каўбасы – частку прадавалі, другую пакідалі сабе.
Яшчэ да вайны Леанарда Юсцінаўна пайшла ў Альгінянскую школу. Навука дзяўчынцы давалася лёгка – старэйшыя брат і сястра ўжо вучыліся, і маленькая Лёня ў першы клас прыйшла з пэўнымі ведамі. І за год закончыла два класы – у першым ёй было сумна, усё, што вучылі, яна даўно ўжо ведала. А праз два гады пачалася вайна, і вучобу прыйшлося пакінуць.
– Не скажу, што ў нашых мясцінах былі моцныя баі. Былі партызаны і немцы, канешне, таксама. Часам бамбілі – тады мы хаваліся ў бункерах. Добра помню, як згарэла вёска Субялі, людзей тады загінула вельмі шмат.
Калі вайна закончылася, Леанарда зноў пайшла ў школу – на гэты раз у беларускую. Сярод вучняў асабліва выдзялялася Леанарда Радзюль – яна заўсёды ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, часта ездзіла на розныя мерапрыемствы і пры гэтым ніколі не забывала пра вучобу і была выдатніцай.
Але была ў дзяўчыны мара – з дзяцінства ёй вельмі хацелася навучыцца шыць. Таму, правучыўшыся ў школе яшчэ два гады, вырашыла яна стаць швачкай. Зімой брала ўрокі майстэрства ў швачкі-прафесіяналкі і ўзялася за работу. І так у яе ўсё цудоўна атрымлівалася – роўненька, акуратна, што вельмі хутка яе былыя настаўніцы пачалі заказваць у маладой швачкі ўборы. Плацілі, хто чым мог – грашамі, зернем, бульбай.

Знаёмства
Маладыя хлопец і дзяўчына былі знаёмы з дзяцінства. Цётка Леанарды выйшла замуж за дзядзьку Вікенція, таму іх сем’і часта сустракаліся.
– Вікенцій часта бываў у нас у гасцях, а мы ездзілі да іх. Прыглядваўся да майго бацькі, вучыўся, як ён вядзе гаспадарку, але планаў ніякіх не выдаваў. Бацька жартаваў: “Калі будзеш жаніцца, дам быка ў пасаг”, – расказвае Леанарда Юсцінаўна.
Тыя словы сталі прарочымі. У 1953 годзе Вікенцій Казіміравіч вярнуўся з арміі – і адразу ж зрабіў прапанову сваёй каханай. Праз некалькі месяцаў яны пажаніліся.

Сям”я
Вікенцій Казіміравіч прывёў маладую жонку ў сваю сям’ю. Бацькі сустрэлі нявестку з радасцю і любоўю – некалькімі месяцамі раней яны пахавалі сваю дачку і Леанарда стала для іх роднай вельмі хутка. Побач з бацькоўскай хатай ужо быў складзены зруб для сям’і сына – і жыллём маладыя былі забяспечаны з першых дзён.
– Мы засяліліся ў новую хату, бацькі засталіся ў сваёй. Але жылі ўвесь час адной сям’ёй: і есці варылі, і святы святкавалі разам – усё было агульнае, – расказвае Леанарда Юсцінаўна.
– І бацька, і маці шмат перажылі за свой век, – працягвае Вікенцій Казіміравіч. – У бацькі ад тыфу памерлі першая жонка і старэйшы сын, а праз некалькі гадоў – малодшы. Праз нейкі час ён ажаніўся з маладой дзяўчынай Альжбэтай, нарадзілася сястра, потым – я. Маці прыйшла ў вялікую сям’ю – дванаццаць чалавек. І большасць абавязкаў па гаспадарцы лягла на яе плечы. Але яна душа ў душу жыла са сваёй свякроўкай – таму, мабыць, і да маёй Леанарды, адносілася добра і любіла яе, як дачку.
Першыя сямейныя гады былі складанымі – адзін за другім пайшлі з жыцця бацькі Вікенція і Леанарды, і маладыя засталіся адны. Праўда, на той час у іх ужо была дачка Галіна, праз некалькі гадоў нарадзілася яшчэ адна – Яніна. І цяпер асноўная задача, якую ставілі перад сабой Букелі, – падняць дзяцей на ногі і вывучыць іх. Таму і працавалі з усіх сіл.
Вікенцій Казіміравіч – на чыгунцы. Да таго часу ён ужо атрымаў правы і стаў вадзіцелем. А пасля работы займаўся хатняй гаспадаркай. З дзяцінства прывучаны да працы, ён трымаў дзве каровы, свіней і розную дамашнюю птушку. А Леанарда Юсцінаўна займалася домам, дзецьмі і працавала ў калгасным падсобным цэху.
У Букеляў, у адных з першых у Груздоўшчыне, з’явіліся халадзільнік, тэлевізар, газ, радыё, а замест лазні – ванная з вялікім 500-літровым бакам, у якім грэлі ваду. Калі ў вёску яшчэ не было падведзена святло, хату асвятлялі пры дапамозе акумулятара – і пад Новы год на ёлачцы заўсёды гарэлі агеньчыкі, што асабліва радавала дзяцей.
Букелі не толькі працавалі – стараліся знайсці час і на адпачынак: кожны год Вікенцію Казіміравічу ад чыгункі выдзяляліся білеты на сям’ю, таму муж і жонка падарожнічалі па розных гарадах былога Савецкага Саюза і прывозілі дочкам шматлікія падарункі. Ёлачныя цацкі, прывезеныя з тых падарожжаў, захаваліся да цяперашняга часу. Такіх прыгожых і моцных цацак цяпер нідзе не знойдзеш!
А на ўсе святы вялікая сям’я збіраецца ў родным доме.
– З двух чалавек атрымалася пятнаццаць: выгадавалі дзве дачкі, чатыры ўнучкі і ўнука і ўжо чатырох праўнукаў дачакаліся. Мы вельмі рады, што ў нашых унучак нарадзіліся хлопчыкі, сапраўдныя баравічкі – крэпенькія, прыгожанькія, нарадавацца на іх не можам. У маладосці так хацелася сына, дык цяпер аж чатырох праўнукаў маем, – дзеліцца сваёй радасцю Леанарда Юсцінаўна.
Старанныя працаўнікі, добрыя работнікі і любімыя бацькі, яны і на пенсіі не могуць сядзець спакойна. Вікенцій Казіміравіч, як і раней, цікавіцца тэхнікай – многія маладзейшыя па ўзросту суседзі ідуць за дапамогай і парадай да яго – а ён і рады дапамагчы. Сам упраўляецца і з мотаблокам, і з “Масквічом”. А Леанарда Юсцінаўна яшчэ два гады назад была малаказборшчыцай – і ні аднаго наракання. А цяпер шые сваім праўнукам уборы, выпякае пірагі і садзіць агарод. Ні хвіліны не сядзяць яны без справы. А калі працуеш, то і гады не так ціснуць, і здаровым сябе адчуваеш, патрэбным і любімым.

Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота з сямейнага архіва.