Сюрпрыз ад школы мастацтваў

18:36 / 30.05.2011

Астравецкая дзіцячая школа мастацтваў любіць рабіць сюрпрызы  і не толькі сваім выхаванцам, але і жыхарам райцэнтра. Чарговы быў нядаўна – на сцэне кінаканцэртнай залы “Астравец” выступіў аркестр народных інструментаў Лідскага музычнага вучылішча.


Калектыў добра вядомы і ўвянчаны шматлікімі лаўрамі. У яго складзе – выкладчыкі і студэнты, мастацкі  кіраўнік – Алена Эдуардаўна Сячко. Усе – выключна таленавітыя, што і паказала канцэртная праграма з мелодый рускіх, беларускіх і замежных кампазітараў. Асабіста для мяне гэта было першае знаёмства з творам вядомага грэчаскага кампазітара Мікіса Тэадаракіса.
 З аркестрам выступаюць салісты, так што слухачы, а іх на гэты раз была амаль поўная зала, мелі магчымасць  паслухаць цудоўны вакал.   А юных музыкаў зацікавіў незвычайны музычны інструмент, што стаяў наперадзе аркестра: арыгінальнае ўвасабленне “два ў адным” фартэпіяна і цымбал. Аказалася, гэта адзін з узораў старадаўніх гусляў.
Сцэна кінаканцэртнай залы “Астравец” была для гасцей з Ліды своеасаблівай стартавай пляцоўкай: літаральна праз пару дзён аркестр адправіўся ў гастролі па Францыі.  Удалых выступленняў і захопленых слухачоў!


Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.