“Чаромушкі” на фестывалі ў Мастах
У фестывалі “Музыка восені” ў Мастах прыняў удзел танцавальны калектыў “Чаромушкі”, які дзейнічае пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Фестываль стаў заключным акордам дэкады “Сярэбраны ўзрост”, прысвечанай Сусветнаму дню пажылых людзей. Дэкада была насычана мноствам цікавых, карысных, пазнавальных мерапрыемстваў, якія прайшлі ў тым ліку і ў нашым раёне. А фінальнай яго кропкай стала дэманстрацыя талентаў заўсёды маладых душой ветэранаў працы.
“Музыку восені” кожны раён чуў і ўвасабляў па-свойму: нехта ў песні, нехта – у вершах ці сцэнічных пастаноўках. Нашы “Чаромушкі” пад кіраўніцтвам Тамары Батуры паказалі лірычную кампазіцыю “Ад Астраўца і Смаргоні сэрца сваё нясу ў далонях”. У суправаджэнні цудоўнай відэапрэзентацыі з выявамі адметных мясцін Астравеччыны яна кранула сэрцы гледачоў: выступленні нашых артыстаў было адзначана гарачымі апладысментамі.
Усе ўдзельнікі фестывалю атрымалі на памяць каштоўныя падарункі.
А старшыні раённага савета ветэранаў Ірыне Шляхтун падчас фестывалю была ўручана Ганаровая грамата абласнога выканаўчага камітэта – такой высокай узнагародай адзначана яе шматгадовая плённая праца і актыўная грамадская дзейнасць.