Прыцягненне сямейнага таленту – выстава Тарэсы і Вікторыі Варановіч

14:09 / 29.04.2011
1

У фае кінаканцэртнай залы “Астравец” адкрылася выстава таленавітых мастачак Астравеччыны – маці і дачкі Тэрэсы Іосіфаўны і Вікторыі Варановіч.


Спектр жанраў прадстаўленых работ самы шырокі – тут і партрэты, і нацюрморты, і жанравыя карціны. Але галоўнае месца ў творчасці мастачак займае ўсё ж пейзажны жывапіс. Яны не проста капіруюць хараство роднай прыроды – яе рачулак, азёр, лясоў, залатых ад сонца і спелага калосся палёў, сцяжынак і сцежкаў, але падаюць яго скрозь прызму ўласнага бачання і светаадчування. Таму ў кожнай карціны ёсць душа – трапяткая і моцная адначасова.
Выстава адбываецца пад эгідай Астравецкага музея. Яго дырэктар Алена Клімянок змагла не толькі прыгожа аформіць экспазіцыю, прадумаць сцэнарый, выпусціць упаўне прафесійныя буклеты, але і здзейсніць, здавалася б, немагчымае – сабраць на адкрыцці выставы шмат гледачоў.
Цікава, гэта ў нас спакваля прачынаецца страчаны было інтарэс да жывапісу, класічнай музыкі і г.д.? Ці высокі мастацкі ўзровень Тэрэсы Іосіфаўны і Вікторыі Варановіч прыцягвае да сябе – як магнітам?
Хутчэй за ўсё спрацавалі абодва фактары.


Францішка КРАСКО.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.