Гервятская школа: история в фотоснимках
12:00 / 08.11.2015

Хаця Мікалай Рыгоравіч і Вольга Юльянаўна не мясцовыя, аднак за больш чым паўстагоддзя жыцця ў Гервятах і настаўніцкай дзейнасці яны імі сталі. Колькі хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх навакольных вёсак прайшло праз іх рукі, падлічыць складана. Колькі “разумных, добрых, вечных” зярнят яны шчодра пасеялі ў душах і сэрцах жыхароў гервяцкага краю – не злічыць. Напэўна, таму і карыстаюцца яны заслужанай павагай у сваіх аднавяскоўцаў.
У далёкія пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя вёсачка Гервяты не была такой знакамітай, як сёння, аднак не была яна і глухой: тут ладзіліся святы, праводзіліся вечарыны. Шырокі шматнацыянальны склад Гервяцкага краю – а жылі тут на той час беларусы, літоўцы, рускія, яўрэі – ствараў вялікую прастору для народнай творчасці. Выкладанне ў школе, якая тут працавала, вялося ў асноўным па-руску з дадатковымі заняткамі на роднай мове.
Акрамя вучобы ў школе, на плечы дзяцей і, безумоўна, іх настаўнікаў лажылася шмат іншых спраў: збор металалому, работа на палях калгаса і прышкольным агародзе, дапамога леснікам у пасадцы дрэў… А яшчэ ж былі і хатнія абавязкі, якія ніхто не адмяняў…
Аднак спраўляліся. І прымалі штодзённыя турботы, праблемы і хваляванні як выпрабаванні лёсу – выпрабаванні, якія трэба годна прайсці і вытрымаць, каб стаць сапраўдным Чалавекам.
-----------------------------------
Антон Мальшэўскі.






