Пра Астравец у 1881 годзе

17:01 / 12.01.2011

Што такое  рэчаіснасць? І дзе тая  мяжа, дасягнуўшы якой, яна становіцца мінулым? Не, сапраўды, колькі часу (гадзін, дзён, месяцаў, гадоў, стагоддзяў?) неабходна для таго, каб нейкая падзея стала мінулым? Прычым зусім неабавязкова, каб гэтая падзея насіла эпахальны характар, мела ўсепланетнае значэнне. Вось для нашага Астраўца 130 гадоў гэта мала ці шмат?
Параўноўваць найлепш канкрэтыку, таму давайце супаставім сённяшні раённы цэнтр з мястэчкам 130-гадовай даўніны, абапіраючыся на цалкам кампетэнтную крыніцу – на “Слоўнік геаграфічны Каралеўства Польскага і іншых Краін Славянскіх”.
Дазвольце толькі зрабіць невялікі адступ і расказаць пра тое, якім менавіта шляхам да мяне трапіла патрэбная старонка гэтага Слоўніка, дакладней, яе перадрукоўка.
У адным астравецкім доме, у якім жывуць не мясцовыя, а прыезджыя людзі, праводзілася генеральная ўборка. Так званы “дзень дракона”, калі гаспадыні вырашаюць у адначассе пазбавіцца ад усяго непатрэбнага. А вывезці хлам на сметніцу гэтыя гаспадыні папрасілі свайго знаёмага, уладальніка грузавога аўтамабіля. І быў сярод непатрэбных рэчаў драўляны куфэрак, поўны папер і кніг. Неабыякавы да гісторыі вадзіцель не змог яго выкінуць – прывёз дадому. А праз нейкі час Іосіф Антонавіч Мароз патэлефанаваў мне…
Куфэрак аказаўся асабістым архівам пані Галіны Туронак. Памятаеце, жанчыну з бясконца добрымі вачыма, якая шмат гадоў працавала ў нашым касцёле і якую ўсе – і старыя, і малыя – звалі аднолькава “Галінка”? Дык гэта яе дакументы.  Калі пані Галінка састарэла, расхварэлася і не змагла больш працаваць у касцёле, ёй прыйшлося выехаць да брата на Браслаўшчыну. Там яна, дарэчы, жыве і сёння. Забраць свой цяжкі куфар пані Галінка не змагла. І дзякуючы гэтаму, у нас з’явіліся звесткі, фатаграфіі, перапіска ксяндзоў Войнюша і Інгялевіча. Адтуль з куфэрка пані Галінкі і гэтая старонка, якую мы друкуем сёння ў газеце. Свайго часу чакаюць і іншыя цікавыя дакументы, частцы якіх месца – у музеі.


Выпіска са “Слоўніка геаграфічнага Каралеўства Польскага і іншых Краін Славянскіх”, выдадзенага пад рэдакцыяй Ф. Сулімерскага, Бр. Хлябоўскага і Ул. Валеўскага ў Варшаве, 1881 год.
Том УІІ, стар. 718 і далей:
Астравец
Мястэчка і фальварак прыватны ля ўпадзення рэчак  Кегны і Кавалькі ў Лошу, павет Віленскі, гміна і парафія каталіцкая Варняны, сельская акруга Астравец, 12  вёрст ад Варнян, 66 вёрст да Вільні, 5 вёрст да чыгуначнай станцыі Слабодка, на мяжы з паветам Ашмянскім.
Само мястэчка мае мураваную царкву, 22 дамы і 176 жыхароў (93 мужчыны і 83 кабеты), фальварак жа – 1 дом і 14 жыхароў, віна-гарэлачны завод, бровар, тартак, вялікую паравую цагельню і фабрыку па выпуску дрэнажных труб. Конная чыгунка даўжынёй 5 вёрст злучае Астравец са станцыяй Слабодка.
Мястэчка і маёнтак таму былі названы Астраўцом, што ляжаць быццам на выспе, створанай рэчкамі Лоша, Кегна і Кавалька. Гэта адзіная славянская назва ў навакольнай мясцовасці, заселенай літоўцамі. Над рэчкай Кавалькай ляжыць вёска Кавалі, паводле падання названая так таму, што некалі былі тут велізарнае металургічнае прадпрыемства, ад якога  засталіся толькі акопы. У межах астравецкіх зямель па-над берагамі рэчкі Кегна маецца цэлая сістэма земляных валоў, вышыня якіх дасягае 12 сажняў, а агульная даўжыня – каля двух вёрст. Праўдападобна, што служылі валы для арашэння палёў, а таксама для нейкіх мэтаў прамысловага характару, як на гэта ўказвае знойдзены ў тых мясцінах кавалак вялізнай шасцярні. Наогул гэты край быў некалі значным пунктам прамысловасці і багацця, што пацвярджае факт існавання тут адразу двух кляштараў: адзін – у Астраўцы, другі – у Слабодцы. Адлегласць паміж імі складала толькі дзве вярсты.
Астравец – паселішча старажытнае. У 1474 годзе залажыў тут ваявода кіеўскі Марцін Гаштольд касцёл і кляштар дамініканаў. Прывілеем караля Жыгімонта Аўгуста дня 9 мая 1537 года маёнтак пераходзіць да Станіслава Гаштольда, ваяводы наваградскага, пазней – віленскага і троцкага, першага мужа Барбары Радзівілянкі. Пасля смерці Гаштольда Астравец становіцца ўласнасцю Карыцкага, прычым Жыгімонт Аўгуст прывілеям ад дня 6 чэрвеня 1546 года зацвярджае спадчыннасць уладання мястэчкам Карыцкімі. Наступныя два стагоддзі Астравец быў спадчынай і рэзідэнцыяй заможнага роду Корсакаў. У 1616 годзе Ян Мікалай і Гэлена з Гнаінскіх Корсакі адбудоўваюць нанова касцёл дамініканаў, які носіць імя святых Космы і Даміяна, і запісваюць для ўтрымання кляштару дзве вёскі – Вавяраны і Прудзішча. Калі і гэты будынак касцёла састарэў, пабудаваў у 1787 годзе ксёндз Гілярый Цішэўскі мураваны касцёл і кляштар для дамініканаў. У пачатку 19 стагоддзя Астравец перайшоў ва ўласнасць Кастравіцкіх. Пасля смерці бяздзетнай Аляксандры з Кастравіцкіх Брахоўскай па праву спадчыннасці ён дастаўся Казіміры з Кастравіцкіх Рышардовай, баранэсе Ромеравай, пасля яе ўнаследавала маёнтак яе дачка Ванда з Ромераў Рышардова Сыцянкова. У 1866 годзе касцёл і кляштар дамініканаў быў ліквідаваны, будынак кляштарны знесены, касцёл жа перароблены пад царкву праваслаўную. Да парафіі Астравецкай каталіцкай адносілася і капліца ў Дубнічках.
Парафія праваслаўная дэканату (благачынная) Шумскага мае 573 верных (300 мужчын і 273 кабеты). У склад акругі Віленскай ўваходзіць мястэчка Астравец і вёскі: Малі, Ліпнішкі, Кавалі, Пламняны, Альгіняны, Навікі, Кялёйці, Ізябаліна, Індрупка, Радзінлі, агульнай колькасцю 459 душ вызваленых ад прыгону сялян.


Пераклала з польскай мовы Ганна ЧАКУР.