Пра дзяржаўныя мовы вялася размова на дыялогавай пляцоўцы ў шматфункцыянальным культурным комплексе

18:00 / 23.04.2024


Па ініцыятыве сектара культуры райвыканкама ў шматфукцыянальным культурным комплексе адбылася дыялогавая пляцоўка на тэму “Дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь. Культура мовы – абавязак патрыёта”. Яна прайшла ў межах мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гады.

У Астравец завіталі дырэктар інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Капылоў і загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі гэтай установы Вераніка Курцова. Дарэчы, двухмоўе вытрымлівалася на сустрэчы: выступалі госці па-беларуску, а мультымедыйныя прэзентацыі былі аформлены на рускай мове.

Мадэратар дыялогавай пляцоўкі Наталля Ачарэтава напачатку зазначыла, што ўзнятая тэма вельмі актуальная. На думку дырэктара раённай бібліятэкі, з рускай мовай у грамадстве ўсё выдатна, чаго не скажаш пра беларускую:

– Можна задаць два рытарычныя пытанні: хто вінаваты і што рабіць? Думаю, мы самі вінаваты, што склалася такая сітуацыю. А на другую частку пытання, спадзяюся, адкажуць госці.

З выступленняў Ігара Капылова

Развіццё культурнай прасторы

– Мінулым летам на базе Міністэрства культуры распрацоўвалася канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024-2026 гады, якую зацвердзіў Савет Міністраў напрыканцы снежня.


Асноўная задача і мэта гэтага дакумента – развіццё нацыянальнай прасторы, накіраванае на захаванне гістарычнай памяці беларускага народа і яго самабытнасці, інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу нацыі. Да яе прыкладаецца план, дзе шмат мерапрыемстваў прысвечана моўнаму пытанню. Іх рэалізацыя накіравана на павышэнне культуры вуснай і пісьмовай мовы, а таксама захаванне нацыянальнай самабытнасці, а мова – гэта адзін з важнейшых элементаў.

Сутнасць дзяржаўнага двухмоўя

– Мы далёка не адзіная краіна ў свеце, дзе дзве дзяржаўныя мовы. Дастаткова цікавая ў гэтым сэнсе Швейцарыя: у нас вобласці, а там падзел па кантонах. У кожным з іх свая дзяржаўная мова – агулам чатыры. Самая распаўсюджаная – нямецкая, а самая малалікая па колькасці носьбітаў – раманская. Адметнасць у тым, што жыхары аднаго кантона могуць не ведаць дзяржаўную мову іншага.

У Фінляндыі, як і ў нас, двухмоўе. Назвы вуліц на шыльдах даюцца на двюх дзяржаўных мовах: на фінскай больш буйным шрыфтам, на шведскай больш дробным.

Індыя ўвогуле цікавая краіна ў многіх сэнсах. Хіндзі і англійская лічацца дзяржаўнымі, акрамя гэтага яшчэ многія мовы адносяцца да гэтага ліку: ханджабі, бенгалі.

Варта звярнуцца да гісторыі. З 14 па 18 стагоддзе ў нас існавала старабеларуская мова ў якасці дзяржаўнай. Гэта быў залаты век, таму што ўсё справаводства вялося на ёй. Варта разумець, што яна вельмі адрозніваецца ад сучаснай: у яе аснове царкоўнаславянская пісьмовая мова і мясцовыя гаворкі.

Пісьмовы помнік – наша першая канстытуцыя – статут Вялікага княства Літоўскага – напісаны на старабеларускай мове, якая ў тыя часы называлася “рускі язык”. Не блытайце з сучаснай рускай мовай.

Зазначу, што ў рускай мовы бесперапынная пісьмовая традыцыя. Беларускай у гэтым сэнсе не пашчасціла. З 1696 года, калі варшаўскім соймам было забаронена ўжыванне старабеларускай мовы як афіцыйнай, таму больш чым на 200 гадоў, фактычна да пачатку 20 стагоддзя, была перарвана пісьмовая традыцыя. Але ўжо больш за 100 гадоў гэта ўстойлівая пісьмовая традыцыя.

На мой погляд, цікавы вопыт моўнага будаўніцтва ў пачатку 20 стагоддзя. Газеты, універсітэты, школы працавалі на беларускай мове. Яна была дзяржаўнай, але, паводе канстытуцыі 1927 года, дзяржаўнымі таксама лічыліся польская, руская, ідыш. Прадстаўнікі кожнай нацыянальнасці маглі выкарыстоўваць ва ўсіх сферах сваю нацыянальную мову.

Моўнае пытанне рэгулявалася паводле канстытуцыі 1937 года – 4 дзяржаўныя мовы захоўваліся. На жаль, падчас вайны яўрэйскае насельніцтва катастрафічна скарацілася, і зразумела, што выкарыстанне дзяржаўных моў было не такім, як у папярэдні перыяд.

У наступнай канстытуцыі 1978 года менш надаецца ўвагі моўнаму пытанню. Але публікацыя законаў, іншых актаў Вярхоўнага Савета вялася на дзвюх дзяржаўных мовах – беларускай і рускай.

Пасля рэферэндуму 1995 года ў нас у канстытуцыі замацаваны дзве дзяржаўныя мовы. Прапісана права грамадзян карыстацца любой з іх. Каб яго забяспечыць, кожны супрацоўнік дзяржаўных устаноў павінен валодаць у аднолькавай ступені абедзвюма.

Лічу, што самы дэмакратычны шлях – калі на дзяржаўным узроўні замацоўваецца функцыянаванне дзяржаўных моў; калі кожны свабодна можа камунікаваць на рускай і беларускай мовах.

Усе ўмовы для гэтага ў нашай краіне  створаны. Як сказаў Прэзідэнт: важна зрабіць так, каб нашы дзеці і ўнукі сталі захавальнікамі культурнага кода нацыі. А мова – найважнейшы яго элемент.

Веранікі Курцовай

Даследчыца расказала пра вялікую работу па зборы матэрыялаў і складанні “Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі”. Так, да прыкладу, на Астравеччыне імжу (дробны дождж) называлі міглой, іней – шаццю, а ледзяшы – соплямі.


А ВЫ ВЕДАЛІ?

* Нашым першым букваром можна лічыць буквар Спірыдона Собаля, які выдадзены на Аршаншчыне ў 17 стагоддзі.

* Інстытут мовазнаўства падрыхтаваў 37 выпускаў гістарычнага слоўніка беларускай мовы. Яго стварала не адно пакаленне вучоных на працягу 60 гадоў. У шматтомніку адлюстравана мова 500-гадовага перыяду нашай гісторыі. Там можна адшукаць словы Скарыны, Цяпінскага і іншых дзеячаў.

* У 19 стагоддзі ў пісьмовай форме беларуская мова не існавала. Былі рупліўцы, якія працавалі над зборам і сістэматызацыяй лексікі, стварэннем і падрыхтоўкай слоўнікаў. Многія ведаюць слоўнік беларускай мовы Насовіча (1870 год). А вось пра “Словарь белорусского наречия Паўла Шпілеўскага чулі далёка не ўсе. У мінулым снежні Ігар Капылоў і Вераніка Курцова адшукалі ў архівах Санкт-Пецярбурга рукапіс беларускай граматыкі Шпілеўскага, які фактычна праляжаў там 200 гадоў.

* Невялікі калектыў Інстытута беларускай культуры за 7 гадоў дзейнасці падрыхтаваў і выдаў 24 тэрміналагічныя выпускі па розных галінах.

* У Заходняй Беларусі, куды ўваходзіла і Астравеччына, калі яна была пад Польшчай, не было ніводнай беларускамоўнай школы, установы, выдання.

* У свеце налічваецца больш за 7 100 моў, з улікам мёртвых. Беларуская ўваходзіць у топ-180 высокаразвітых моў свету, і ёй пагражае выміранне.

* У інстытуце мовазнаўства была сустрэча з прадстаўніком баскаў (аўтаномная тэрыторыя Германіі). Пабываўшы на Палессі, гэты мужчына вывучыў не толькі беларускую мову, але і няпростыя заходне-палескія гаворкі, пазней напісаў па гэтым матэрыяле дысертацыю.

* Японка за 2 месяцы на базе БДУ вывучыла беларускую мову. Па вяртанні ў Токіа яна заснавала моўныя курсы.

* У Кітаі 14 цэнтраў па вывучэнні беларускай мовы і культуры.

* Беларусь (адна з нямногіх краін у свеце) мае правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі ў выглядзе Закона, падпісанага кіраўніком дзяржавы.

* Па распараджэнні Прэзідэнта цяпер вядзецца работа па перакладах шматлікіх кодэксаў на беларускую мову.

* У 2013 годзе прайшоў першы ў гісторыі Беларусі з’езд славістаў, у якім паўдзельнічала звыш 600 навукоўцаў з 25 краін свету.

Узнагароды землякам

За актыўную работу па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Астравецкага раёна, развіцці турыстычнага патэнцыялу і значны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі граматай аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адзначылі загадчыка сектара культуры райвыканкама Вольгу Баяровіч.


Метадыст аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Астравецкай раённай бібліятэкі Галіна Францкевіч атрымала грамату за шматгадовую плённую працу па даследаванні, захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны.


На памяць аб трэцяй сустрэчы ў Астраўцы ў фонды раённай бібліятэкі былі перададзены “Слоўнік новых запазычаных слоў беларускай мовы” і “Беларуска-рускі слоўнік”. 


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич