Заўвагі прафесара Гэлены Глагоўскай на палях "Выбраных твораў К. Сваяка"

15:03 / 15.10.2010

Яшчэ перад Другой Сусветнай вайной пісалася пра неабходнасць сабраць у адну кнігу рукапісную спадчыну Казіміра Сваяка.
Яго сябар ксёндз Адам Станкевіч праз пяць гадоў пасля смерці Сваяка пісаў у “Хрысціянскай думцы”: “Пасмяротная спадчына Сваяка агулам вельмі значная. Многа твораў ягоных ужо вышлі друкам і сталі ўласнасцю беларускага грамадства і народа, а многія яшчэ ляжаць спакойна ў рукапісах і чакаюць свайго выдаўца. (…) Да ненадрукаваных дагэтуль твораў Сваяка адносяцца: “Дзея маёй мыслі…”, аб рэлігійнай уніі на Беларусі (філасофскія і гістарычныя нарысы), вершы, філасофска-рэлігійныя разважанні, праекты і спробы вершаў і г.д. Нарэшце карэспандэнцыя на польскай мове з пані Ядвігай Банцэр на тэмы філасофскія і рэлігійныя. Калі ўсе творы Сваяка ў цэласці пакажуцца свету, тады можна будзе намаляваць сапраўдны поўны духоўны партрэт паэта з усімі яго асаблівасцямі, з усімі падрабязнасцямі; хаця пазнаёміцца з асноўнымі рысамі духоўнага вобліку Казімера Сваяка можна на падставе адной толькі Сваяковай “Маёй Ліры”, у якой цалкам ясна ён сябе выказаў, як беларускі паэт і ідэолаг, як глыбокі хрысціянін і філосаф”.
Хаця нешта са спадчыны Казіміра Сваяка і публікавалася ў міжваенны час – некаторыя вершы, п’еса “Купалле”, дзённік “Дзея маёй мыслі…”, але так і не была сабрана ў адну кнігу яго спадчына. Галоўным чынам, з-за адсутнасці сродкаў на выданне. Набыткам заставаўся сярмяжна выдадзены зборнік “Мая Ліра” і малітоўнік “Голас душы”, якому пашчасціла намаганнямі сяброў дачакацца яшчэ і перавыдання. Кс. Адам Станкевіч выдаў дзве брашуры, прысвечаныя К. Сваяку: “Казімір Сваяк. Нарысы аб ягонай ідэалогіі” (Вільня, 1931) і “З жыцця і дзейнасці Казімера Сваяка (у дзесятыя ўгодкі яго смерці) 1926-1936” (Вільня, 1936). У апошняй ён яшчэ раз пералічваў творы Сваяка, якія чакаюць свайго часу.
Спадчына паэта захоўвалася часткова ў ягонай сям’і, часткова ў кс. Адама Станкевіча. Адно і другое месца ва ўмовах ваеннага і пасляваеннага рэжымаў аказаліся ненадзейнымі.
Ян Стэповіч, які захоўваў у Вільні спадчыну сваіх братоў – Кастантага і Альбіна, перажыў пажар свайго дому (ад бамбардзіроўкі), пасля якога ўдалося выратаваць няшмат. Тым не менш, нягледзячы на пажар, пераезд у Польшчу ды кароткае сваё жыццё (памёр у Сопаце 10 ліпеня 1978 года), змог зберагчы сямейныя рэліквіі – м.інш. карэспандэнцыю з 1913-1925гг., у тым ліку перапіску Кастантага і Альбіна, “Маю Ліру” і “Голас душы”. А дзе знаходзіцца спадчына Казіміра Сваяка, якой валодаў кс. Адам Станкевіч, якога савецкія ўлады арыштоўвалі ў Вільні двойчы (у 1944 і 1949гг.)?



Пасля Другой Сусветнай вайны амаль уся сям’я Стэповічаў пакінула родныя мясціны і падалася ў Польшчу. На Бацькаўшчыне ў Баранях засталіся толькі дзеці Аляксандра – сыны Ян, Зыгмунт, Альфонс, Генрык і дачка Гэлена. Толькі што яны маглі зрабіць для захавання памяці пра дзядзьку? Добра, што ўлады не чапалі іх у родных Баранях. Зберагалі дзедаўскую хату ды перадавалі памяць пра сям’ю сваім дзецям і ўнукам, якія цяпер жывуць у Вільні.
Браты Ян і Бярнард з сем’ямі пераехалі ў Сопат, Стэфан з сям’ёй пасяліўся ў Свёнтках пад Ольштынам. У Польшчу пераехалі і сёстры Казіміра Сваяка – Зузанна Слізкая і Кацярына Ліпінская з сем’ямі, якія пасяліліся ў Добрым Месцы пад Ольштынам. Усе іх нашчадкі разбрыліся па Польшчы і расплыліся па моры польскасці. Толькі Бярнард (нарадзіўся 30 жніўня 1909 г., закончыў Віленскую Беларускую гімназію і дзейнічаў у Беларускім студэнцкім саюзе да 1939 г.), займаючы высокія пасады ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі Польшчы, даражыў сваёй беларускасцю і пасля таго, як выйшаў на пенсію, удзельнічаў у жыцці Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Варшаве. У 1970-ыя гады ён напісаў успаміны пра Казіміра Сваяка, якія Юры Туронак пасля смерці Бярнарда перадаў у Цэнтральны дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР у Мінску. У 1990 годзе з нагоды 100-ых угодкаў з дня нараджэння Казіміра Сваяка Янка Саламевіч і Ганна Сурмач апублікавалі іх з невялікімі скарачэннямі ў “Полымі”. Гэты крыху скарочаны варыянт успамінаў Бярнарда Стэповіча ўвайшоў шчасліва і ў “Выбраныя творы” Казіміра Сваяка.
Але калі б выдаўцы гэтай кнігі зазірнулі ў поўны тэкст успамінаў, яны, напэўна, знайшлі б для сябе нямала цікавага. Бярнард Стэповіч, да прыкладу, звяртаў увагу на адгалоскі на смерць Сваяка ў польскім друку. У публікацыі прапушчаны наступны тэкст Бярнарда: “Пішучы аб хаўтурах Сваяка, на якіх спаткаліся нават варожыя і змагаючыеся між сабой дзеячы віленскага беларускага руху, “Пшэглёнд Віленскі” так падсумаваў гэту справу: “Так нягледзячы на вострыя рознагалоссі пасярод беларусаў, смерць маладога паэта беларускага змагла аб’яднаць хоць літаральна на хвіліну ўсіх – хаця б дзеля таго, каб аддаць даніну павагі яго ценю. Часам смерці ўдаецца здзейсніць тое, што не можа зрабіць жыццё”.
У машынапісным варыянце Бярнарда ёсць УІІ частка, якая носіць пераважна бібліяграфічны характар: “Даволі значная частка нядрукаваных перад смерцяй твораў Каз. Сваяка асталася ў рукапісах, каторыя маглі безпаваротна загінуць у часы вайны. Аб пасмертнай спадчыне К. Сваяка ўспамінаў і пісаў у сваіх творах кс. Адам Станкевіч. Гаварыў Альбін, што ўсе рукапісы К. Сваяка перахоўваліся ў кс. Адама Станкевіча, каторы прыгатоўліваў творы да друку. (…) Сярод прапаўшых рукапісаў вельмі цікавай была пісаная ў 1915 – 1919 гадах – “Кроніка арганізацыі “Хаўрусу Сваякоў у Клюшчанах”, аб якой успамінаў у сваіх працах кс. Адам Станкевіч. Няведама таксама, ці існуе яшчэ, а калі так – дзе знаходзіцца “Кроніка Засьвірскага касцёла”, каторую Сваяк кончыў пісаць у лютым 1924 года. Магчыма, што гэтыя матэрыялы, якія знаходзіліся ў руках кс. Адама Станкевіча, маглі быць пераданыя ім у музей ім. Івана Луцкевіча ў Вільні, а пасля канца вайны можа трапілі ў Мінск (магчыма, што ў Беларускую Акадэмію Навук), або можа яшчэ знаходзяцца ў Вільні, у літоўскіх музэальных архівах?..”
Гэта значыць, што Бярнард Стэповіч, жывучы ў Варшаве, перагледзеў беларускую перыёдыку даваеннага часу (…) і падрыхтаваў бібліяграфію твораў Казіміра Сваяка, раскіданых па гэтых выданнях. Пры нагодзе знайшоў адказы рэдакцый на лісты К. Сваяка, як напр.: “За ўсё прысланае шчыра дзякуем. Што зможаце тое і прысылайце. За вашу глыбокую міласьць да Беларусі Народ наш будзе вечна ўдзячны” (“Крыніца”, № 8, 2.11.1919г.). У адным з наступных нумароў “Крыніцы” ў “Сваёй пошце” паведамлялася К. Сваяку: “Клапоцімся каб кніжку выдаць. Мо’ удасца нам. Дужа нам сумна, што вы ўсё хварэеце. Рэдакцыя пасылае Вам шчырую спагаду”. Як напісаў ва ўспамінах Бярнард Стэповіч, “з гэтага вынікае, што ў рэдакцыі “Крыніцы” думалі аб выданні зборніка вершаў Каз. Сваяка ўжо ў 1919 годзе. Але паказаўся ён у друку ў відзе “Маёй ліры” толькі ў 1924 годзе”.
Вяртанне з забыцця імя і творчасці Казіміра Сваяка ў Беларусі пачалося ў канцы 1960-ых гадоў, дзякуючы Уладзіміру Калесніку. Аднак толькі гады перабудовы прынеслі поўнае вяртанне памяці. Загучала імя Казіміра Сваяка і на ягонай Бацькаўшчыне. Публікаваліся вершы, перавыдаваліся асобныя кніжачкі: у 1992 годзе ў Мінску па замове Беларускай Каталіцкай Грамады тыражом 1000 экземпляраў быў перавыдадзены яго дзённік “Дзея маёй мыслі…”, а ў 1993 г. у выдавецтве “Мастацкая літаратура” (тыраж – 6000 экз.) – зборнік “Мая ліра”. А на “Выбраныя творы” Казіміра Сваяка прыйшлося чакаць 74 гады пасля смерці паэта. Гэта цэлае пакаленне.
Пры ўсёй прыгажосці гэтага выдання сур’ёзным яго недахопам лічу адсутнасць бібліяграфіі пра Казіміра Сваяка, а пісалася пра яго даволі шмат не толькі ў Беларусі. “Сын Вёскі” – так называўся артыкул Станіслава Грынкевіча, вядомага лекара і публіцыста, змешчаны ў “Бел. Крыніцы” (1926, №31), у якім аўтар, як у свой час напісаў кс. Адам Станкевіч, “аказаўся бадай найбольш глыбокім і праўдзіва ўсестаронне малюючым духовы воблік Сваяка”. Дарэчы, кс. Станкевіч, пішучы пра Казіміра Сваяка, згадвае і пра іншыя прысвечаныя яму артыкулы: Р.С. – “К. Сваяк” у “Сялянскай Ніве” (1926, №19) ды ў “Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры” (Вільня, 1927) Ігната Дварчаніна, па якой вучыліся навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі.
Дапаможную ролю адыгрываюць у кнізе кароткія, але змястоўныя каментарыі, адносячы твор да канкрэтнага месца і часу іх апублікавання або напісання. Узбагачаюць іх таксама дапаўненні наконт асобаў і паняццяў. Хаця ў адным месцы хочацца выправіць каментар наконт расшыфроўкі крыптаніму “ех” з верша “Аб маіх крытыках”. Пад ім скрываецца публіцыст “Пшэглёнду Віленскего”, які між іншым пасля смерці Казіміра Сваяка напісаў аб ім у тым жа часопісе. Мог ім быць кс. Уладзіслаў Талочка, добры знаёмы паэта, які пісаў у “Пшэглёнд…” таксама як “Адам Солодух”. Вось як гэты “ех” пісаў пра паэта пасля яго смерці:
“Непадалёк ад месца, дзе найшлі сабе апошні спачын Сыракомля і Чурлёніс, быў пахаваны малады беларускі паэт, с.п. кс. Канстанты Стэповіч, вядомы ў айчыннай літаратуры пад псеўданімам: Казімір Сваяк. Пасля смерці паэта с.п. кс. Астрамовіча, гэтая страта – вельмі адчувальная прарэха ў радах беларускіх ксяндзоў-паэтаў. Сёння лютню з рук беларускага Бэкварку ўнаследаваць можа хіба што Янка Быліна.
С.п. кс. Стэповіч нарадзіўся ў 1890 годзе пад Свянцянамі, у сям’і сапраўдных беларусаў. Вельмі рана ён горача палюбіў свой край і народ, рана ўсвядоміў свае абавязкі перад імі. І праз усё сваё жыццё ён застаўся верным сынам сваёй краіны і народа. Пасля заканчэння школы ў Свянцянах уласнай працай здабыў ён у Пецярбургу навуковы цэнз, неабходны для далейшага навучання. Наколькі ўжо тады, нягледзячы на юны ўзрост, ён быў духоўна сталым чалавекам, сведчыць яго дзённік – занатаваныя ў ім ўражанні ад побыту ў царскай сталіцы. Якраз у гэты перыяд Канстанты вырашыў стаць святаром – служыць касцёлу і людзям. З-за хворых лёгкіх высвенціцца на ксяндза ён змог толькі ў 1915 годзе, пасля чаго працаваў вікарыем у Карыціне і Камаях, пробашчам у Клюшчанах і нарэшце – у Засвіры. Пераадольваючы прыступы хваробы, ён шмат і цяжка працаваў на душпастарскай ніве. Аднолькава моцна любіў беларусаў і каталіцкага, і праваслаўнага веравызнанняў і горача марыў аб іх аб’яднанні ў адно цэлае. С. п. кс. Стэповіч быў гарачым прыхільнікам гэтай ідэі і прапаведаваў яе ў жывым слове, так і ў друкаваным.
Адораны чуллівай паэтычнай душой с.п. кс. Канстанты рана ўзяўся за пяро і пачаў пераліваць на паперу свае думкі і летуценні. Дэбютаваў на старонках каталіцкага штотыднёвіка “Беларус”. Уся яго творчасць, асабліва гэта тычыцца паэзіі, выйшла наўпрост з сэрца, палымнеючага любоўю да Беларусі – да такой, якою ён яе бачыў і адчуваў. І што з таго, што падобна большасці паэтаў, ён ідэалізаваў сваю Айчыну, што ўзбагаціў яе прошласць старажытнымі міфамі?..
Шэраг сваіх паэтычных і празаічных твораў с.п. кс. Канстанты друкаваў, галоўным чынам, у “Крыніцы”, затым у “Беларускай Крыніцы”. Не цураўся ён народнай палітыкі і на старонках “Пшэглёнду Віленскего” колькі разоў паўставаў у абарону беларускай ідэалогіі. Вялікі след пакінуў паэт у беларускай літаратуры зборнікам сваёй паэзіі “Мая ліра”, а таксама малітоўнікам “Голас душы”. Пісаў, пакуль дазваляла здароўе.
Тая спадчына, якую пакінуў нам паэт, здабыўшы яе ў цяжкай працы, хворы, без ніякай падтрымкі звонку, наадварот – цкаваны і пераследаваны адміністрацыйнай уладай, сведчыць: Казімір Сваяк зрабіў ўсё, што мог.
Сышоў з гэтага свету, выканаўшы сваё заданне так, як патрафіў бы на яго месцы далёка не кожны.
Дзень 6 мая быў апошнім днём яго жыцця, прадоўжыць якое не ў стане было і лячэнне ў Закапаным.
* * *
7 мая Я.Э. біскуп Міхалкевіч арганізаваў пахавальную працэсію, падчас якой цела памерлага паэта было перанесена з Літоўскай Клінікі ў Вільні ў касцёл святога Мікалая. І па дарозе да касцёла, а пазней і на могілкі Роса хор моладзі з беларускай гімназіі выконваў беларускія касцельныя песні. 8 мая ўрачыстую жалобную імшу, для ўдзелу ў якой паз’язджаліся ледзь не ўсе беларускія святары, адслужыў ксёндз Дэкан Галяк. Узнёслыя і добрыя словы сказаў пра Казіміра Сваяка ксёндз Дэпутат Адам Станкевіч. “Лібера” артыстычна адспяваў кс. Пралат Абрантовіч. Над адкрытай магілай прагучалі прамовы ксяндзоў Гадлеўскага (па-беларуску), Чыбіраса (па-літоўску), Рэшэця (па-польску)… Просьбу аб тым, каб над яго магілай “адазваліся ў згодзе ўсе тры мовы краіны”, Казімір Сваяк выказаў у сваім тэстамэнце.
Потым выступалі дэпутат Рагуля (ад Сельскага Саюза), доктар Паўлюкевіч (ад імя Беларускай Рады), а напрыканцы – прадстаўнікі моладзі: ад акадэмічнай – Гагалінскі, ад гімназічнай – Грышкевіч.
Труну амаль поўнасцю пакрывалі вянкі і кветкі.”
З творчасці Казіміра Сваяка, што не ўвайшла ў зборнік, мне вядомы яшчэ тры вершы. Яны перапісаны Бярнардам Стэповічам у дадатку да ўспамінаў пра брата ў машынапісным варыянце.

Калі чужак твае парогі
Зьняважыць будзе мець адвагу,
Ня будзь дзіцям, давай нарогі
На меч каваць і браць брадзягу.
“Сялянская Ніва” №33, 14.10.1926г.

Заледзь-зараніца
Заледзь-зараніца на небе бліснула.
Раздаўся пераклік званоў,
Аж радасць усюды людцоў агарнула:
То голас царквоў і касьцёлоў.

Вяселься, зямліца, вясельлем анёлаў,
Бо з гробу ўжо Хрыстус паўстаў,
Усьцешыў люд Божы, усіх апастолаў,
І споўніў усенька, за што аддаў голаў.
Збаўлення ўсіх даканаў.

І ты, Беларусе, хоць развесяліся,
Па горы – нядолі – крыжы,
На Змёртвыхпаўстанне і ты разбудзіся,
Ты, Хрысьце, ей устаць памажы!
(З пасмяротнай спадчыны).
“Хрысціянская думка”, №7, 8.03.1928 г.

Язэпаў сын
Язэпаў сын Язэпам зваўся.
Быў у бацькі ён адзін.
І да бацькі надта ўдаўся,
Як з таго-жа дрэва клін.
У дзеўках рана ён кахаўся
І гарэлку нават піў.
Дый спрытнасць у ім з’явілась:
Тут сядзіць, а бачыць там,
Дзе калі і што зрабілась
Ён праўдзіва скажа вам.
———————————————
Раз так матцы за абедам
Ляпнуў з прастаты:
Мама, помніш, як з суседам
Цалавалась ты?
Госьці змоўклі, але бацька
Пасварыў рукой.
А матка крычыць зьненацка:
Ах, ты, жэўжык мой!
Бацька раз на імяніны
Шмат гасьцей сабраў,
Частаваў ды ў тры гадзіны
У карты абыграў.
У мамэнт той, як пусьціўся
Выйгрыш свой зьбіраць,
Раптам сын яго з’явіўся,
Ды стаў рагатаць.
І крычыць: “Ура, матулька!
Ура, сьвята ўсім.
Усіх абчысьціў наш татулька,
Усіх гасьцей саўсім.
Я ўсё зранку гэта бачыў,
У шчэлку наглядаў,
Як ён карты хварбай значыў,
Як іх паўкладаў.
Змоўклі ўсе – бацька трасецца,
Бедны – сам не свой…
Не сваім сьмехам смяецца
–Ах, ты злодзей мой!
Усіх знаёмых сваевольна
Коліць булаўнік.
Адзін раз і я нявольна
Стаў прад ім утупік…
Стоячы блізка ля бацькі,
Ён гасцём сказаў:
–Піша песні гэты дзядзька,
Я-жа іх чытаў.
Ён сьмешнымі выстаўляе
Адных бедных мужыкоў,
Быдта-бы ў нас не хапае
Бязлепіц-паноў.
Вось наш войт із медалямі
Важна так крычыць,
А ў гміне за дзяламі
П’ян заўсёды спіць.
Вось такога то спрыцягу
У вершах прапішы –
Будзем шчыра мець падзяку,
Хоць не барышы.
С-к “Авадзень”, №4, 4.02.1925


Не ўвайшла ў “Выбраныя творы” і частка карэспандэнцыі Казіміра Сваяка, якую ён адрасуе свайму бацьку, брату Альбіну, сястры Зузанцы і яе мужу.