Свята Божага Нараджэння сустракаюць католікі

11:37 / 24.12.2010
1

ДАРАГІЯ БРАТЫ І СЁСТРЫ Ў ХРЫСЦЕ!

У чарговы раз нам  выпадае шчасце перажыць таямніцу Нараджэння Сына Божага. Не  адно тысячагоддзе  людзі чакалі прышэсця Месіі, але думалі, што Ён з’явіцца інакш. Спадзяваліся ўбачыць Яго на троне, а не ў ясельках. Чакалі, што хор анёлаў заспявае на ўвесь свет, а іх песня была такой ціхай,  што не разбудзіла нават жыхароў Бэтлеема. І святло Бэтлеемскай зоркі не адолела спрадвечнай цемры. Месія прыйшоў, але замест таго, каб уладарыць і загадваць – на сене ўбогага хлевушка спавітае ў матчыну  хусціну ціхенька плакала бездапаможнае Неўмаўлятка.
Калі б Бог засвяціўся ў поўную сваю моц, свет у адзіным парыве ўпаў бы перад ім на калені. Але Гасподзь паступіў інакш – Ён, як заўсёды, пакінуў чалавеку права выбару.
Няхай жа наш выбар будзе на карысць будаўніцтва рэчаіснасці па запавету Божаму. Няхай жа Бэтлеем заўсёды жыве ў нашых сэрцах і дамах.
У часіну Божага Нараджэння яднаюся з вамі, дарагія браты і сёстры – католікі і праваслаўныя ўсёй Астравеччыны ў радаснай удзячнасці Богу Усемагутнаму за Яго бясцэнны дар. Нашы сэрцы, як і сэрцы хрысціян, якія жылі больш як дзве тысячы гадоў таму, поўняцца шчаслівым здзіўленнем, што Сын Божы стаў адным з нас. І калі ўжо Ён не пабаяўся прыняць людское  аблічча, хіба ж варта нам баяцца Яго заклікаў імкнуцца да дасканаласці на ўзор Айца нашага, які ёсць у небе!
Жадаю вам, улюбёныя ў Хрысце Пане нашым, гэтай непарушнай упэўненасці ў веры, што калі для Бога няма нічога немагчымага, то і для ўсіх, хто моцны верай у Бога і гатовы мяняць сябе і наш свет, – таксама.
Дзіцятка Езус няхай адорыць сваім бласлаўленнем нашы сем’і: жанатых умацуе ва ўзаемнай любові, дзецям дапаможа расці ў ласках і мудрасці. Людзі старэйшыя, нашы бабулі і дзядулі, няхай не ведаюць, што такое  адзінота. Хворыя і тыя, хто пакутуе, няхай атрымаюць здароўе і палёгку. У сэрцах моладзі – нашай будучыні – няхай запануе спакой.
Да сваіх пажаданняў я далучаю шчырую малітву і прашу Пана Бога, каб час Божага Нараджэння і Новы 2011 год стаў для ўсіх людзей добрай волі нагодай радаснага перажывання прысутнасці Хрыста, які хоча быць для нас Дарогай, Праўдай і Жыццём. Дзялюся з вамі, браты і сёстры, белай аплаткай.
Шчасці вам Божа!


З малітвай ксёндз-дэкан Астравецкага дэканату Здзіслаў ПІКУЛА.



ПАВАЖАНЫЯ ВЕРНІКІ КАТАЛІЦКАЙ КАНФЕСІІ!

Прыміце самыя шчырыя і цёплыя віншаванні са светлым найвялікшым хрысціянскім святам – Ражаством Хрыстовым!
Глыбокі духоўны сэнс падзеі, якая адбылася ў Віфлееме шмат стагоддзяў назад, застаецца важным і актуальным і ў наш час. Вялікі цуд нараджэння Ісуса Хрыстова сведчыць сабой перамогу веры, надзеі і любові, якія так неабходны чалавецтву сёння.
Гэтае цудоўнае свята аб’ядноўвае нас, дазваляе глыбей усвядоміць радасць жыцця, абуджае імкненне жыць сумленна, быць міласэрным, дапамагаць тым, каму  патрэбны клопат, суцяшэнне і падтрымка.
Шчыра жадаем, каб цяпло святочнай  каляднай ночы напоўніла дабрынёй, спагадай і любоўю вашы дамы, прынесла згоду і ўзаемаразуменне ў кожную сям’ю. Няхай заўсёды хапае натхнення і сіл на добрыя справы і ўчынкі.
Моцнага вам здароўя, шчасця і дабрабыту, вялікіх духоўных набыткаў і здзяйснення жаданняў!


А.Д. КАВАЛЬКА, старшыня раённага выканаўчага камітэта.
В.В. БАРТАШЭВІЧ, старшыня раённага Савета дэпутатаў.