Пра сутнасць Вялікадня і падрыхтоўку да яго, хрысціянскія ісціны разважае ксёндз Аляксандр Сямінскі

12:00 / 31.03.2024


Нездарма Вялікдзень называюць святам свят. Гэты дзень напоўнены непадробнай радасцю і непрыхаваным шчасцем, якімі, як і некалі ў дзяцінстве, хочацца дзяліцца з блізкімі, суседзямі, мінакамі – з усім светам! Ад душы прамоўленае «Хрыстос уваскрэс!» верне не менш шчырае «Сапраўды ўваскрэс!».  І дзесьці ўнутры паселяцца ціхая радасць і ўпэўне­насць, што дабро па-ранейшаму перамагае зло, а святло – цемру; што, нягледзячы на штодзённыя турботы і праблемы, няма нічога даражэйшага ў свеце за родных, блізкіх і сям’ю. 

Ксёндз Аляксандр Сямінскі, пробашч парафій Нараджэння Панны Марыі ў Кемелішках і Святога Юрыя ў Вялікіх Свіранках:

– Уваскрэсенне Езуса – гэта перамога Хрыста над смерцю, грахом, д’яблам; сэнс нашай веры; галоўнае свята хрысціян і найважнейшая падзея ў гісторыі ўсяго чалавецтва.

У святкаванні гэтага дня важна не згубіць яго сутнасць за асвячэннем вербачак і велікодных страў. Безумоўна, гэта важныя касцёльныя традыцыі, асвячоная рэч таксама служыць на карысць чалавека, прыносіць ласку, але заўсёды варта памятаць, што сыходзіць яна ад уваскрэслага Хрыста. 

З рэлігійнымі традыцыямі Вялікадня, як і свята Божага Нараджэння, непарыўна звязаны народныя. Апошнія ніхто не аспрэчвае і не адмаўляе, наадварот, яны засталіся нам у спадчыну ад продкаў і з’яўляюцца важнай часткай нашага жыцця. Тым не менш да любой урачыстасці трэба рыхтавацца, у тым ліку ўнутрана, а не толькі штосьці рабіць, бо так вучыла маці ці бабуля, ці таму, што так робяць усе. 

З сутнасці хрысціянства выплываюць абрады, літургія, запаведзі. У першую чаргу наша вера праяўляецца ва ўяўным прыпадзенні да ўваскрэслага Хрыста як да Госпада, Збаўцы, Сябра, Дарадцы. 

Сэнс духоўнай падрыхтоўкі да свята – не толькі зрабіць смачны стол, але найперш падрыхтавацца ўнутрана. Згодна з вучэннем Касцёла, мінімум раз на год – у велікодны перыяд чалавек павінен паспавядацца і прыняць святую камунію. І зрабіць гэта не толькі таму, што так патрабуюць запаведзі, а па ўласным жаданні. Варта памятаць, што гэта патрэбна менавіта нам, а не камусьці. 

Каб адчуць радасць Вялікадня і зразумець яго глыбінны сэнс, трэба разам з Хрыстом прайсці яго крыжовую дарогу. Трэба паразважаць пра любоў Божую да кожнага з нас, якая сканцэнтравана ва ўваскрэслым Хрысце. У касцёле, асабліва на разважаннях падчас крыжовага шляху ці песняў жальбы, прыходзіць разуменне, што з вялікай любові да чалавека Бог ахвяраваў свайго Сына для яго збавення. Хрыстос аддаў жыццё, каб уратаваць нас. 

Чатырнаццаць стацый, якія мы абыходзім, я б назваў уяўнымі імгненнямі-адлюстраваннямі га­лоўных момантаў жыцця Езуса падчас яго крыжовай дарогі. Дзякуючы ім, мы можам адчуць, што перажываў Хрыстос у апошнія гадзіны жыцця. Гэта практыка патрэбна, каб кожны з нас прыпыніўся і задумаўся: а чым я магу дапамагчы Сыну Божаму? Што я зрабіў, каб яго крыж стаў лягчэйшым? Думаю, адказы ў кожнага будуць свае. 

За матэрыяльным мы часта забываем пра духоўнае. Чалавек прызначаны для чагосьці большага: Бог стварыў яго для любові. А яна шматаблічная: гэта і ахвяра, і спачуванне, і самаадданасць. Калі хочаце даведацца,  што такое сапраўдная любоў, паглядзіце на крыж. 

Памятайце, што самая галоўная асоба – уваскрэслы Хрыстос. У гэты дзень Ён збірае нас вакол сябе і нагадвае пра вяршэнства веры, дабрыні, святла. Усё астатняе – гэта прыемны дадатак. 
Нават калі чалавек не рыхтуецца да гэтага вялікага свята, але ў яго ёсць хоць драбінка веры – не ўсё страчана. Некаторыя лічаць сябе веруючымі, але не ходзяць у касцёл. Хрыстос устанавіў сак­рамэнты споведзі, эўхарыстыі і праз словы «Гэта цела маё,.. гэта кроў» праяўляе сваю прысутнасць. Ён заўсёды чакае нас любых: здаровых і хворых, шчаслівых і засмучаных. Задумайся, можа гэты час настаў менавіта для цябе і варта праз пакаянне прыйсці да Таго, хто два тысячагоддзі назад аддаў на крыжы сваё жыццё. І шчыра прамовіць знаёмыя з дзяцінства словы: веру ў Цябе, Божа, Ойча ўсемагутны, веру ў Айца, і Сына і Духа Святога…

Гэтыя крокі рабіць ніколі не позна, бо Божая любоў доўгацярплівая, ласкавая, не зайздросціць, не пыхлівая, не ганарыцца… 
Малітва, пост і міласціна – тры галоўныя складнікі падрыхтоўкі да сустрэчы з уваскрэслым Езусам. 
Вера патрабуе ўчынкаў, без іх яна мёртвая, і яна праяўляецца толькі ў практыкуючым хрысціянстве. Прытрымлівацца посту – гэта касцёльная запаведзь, выконваючы якую, мы атрымліваем Божую ласку. Але трэба памятаць не толькі пра пэўныя абмежаванні ў ежы, але і пра стасункі і паводзіны з бліжнімі, аб міласэрнасці ў адносінах да іх. 

Як Хрыстос змагаўся за нас да апошняй кроплі крыві, так і мы павінны змагацца, наколькі можам, са слабасцямі, схільнасцямі да граху, заганамі характару, словам, – за сваё збавенне. Каб у гэтым свеце дабро памнажалася і ўзрастала праз нашы ўчынкі, зробленыя з любоўю да Хрыста і верай у Бога. Змяняючы сваё жыццё, мы мяняем свет навокал. 

Уваскрэсенне Хрыста для мяне будзе трэцім на Астравеччыне. Мая парафія, думаю, не адрозніваецца ад іншых. Ёсць людзі, якія складаюць яе ядро, якія перажываюць за справы касцёла, прыходзяць у святыню пастаянна. Ёсць далейшае кола, якія бываюць у храме на вялікія святы. Ёсць і тыя, хто б хацеў, магчыма, прыйсці на імшу, але з-за работы ці запрацаванасці не можа гэтага зрабіць... Езус ніколі не адкідаў чалавека, таму кожны мае магчымасць навярнуцца і самы лепшы для гэтага час – Вялікдзень…

У час, калі храм поўніцца дарослымі, моладдзю, дзецьмі, сем’ямі, калі гучыць радаснае «Алелюя!», мая душа радуецца і цешыцца, што ўваскрэсенне Хрыста, гэту найважнейшую падзею, я перажываю са сваімі парафіянамі, што ў перамозе Сына Божага над смерцю ўдзельнічае столькі людзей. 

Жадаю кожнаму радасці ад спаткання з уваскрэслым Хрыстом – жывым Богам, яна змяняе жыццё чалавека. Не бойцеся рабіць крокі да Бога і ўзрастаць у веры. 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич