У Свіранскай парафіі з'явіўся ксёндз-пробашч

15:08 / 22.10.2010

У Свіранках, як і ў большасці аддаленых ад райцэнтра населеных пунктаў, жывуць галоўным чынам людзі старэйшага ўзросту. Жыццё ў такіх вёсачках коціцца спакваля – як рэчка на раўнінных участках свайго шляху да мора. Пройдзеш па вуліцы з канца ў канец, як па зачараваным каралеўстве – ні душы. Як раптам…


Ля Свіранскага дома сацыяльных паслуг віравала жыццё: адны зграбалі апалае лісце ў кучы, другія збіралі іх у мяшкі і закідвалі на воз, крыху ў баку разгружаліся сеткі з бульбай…
–Вы ўжо ведаеце пра нашы навіны? – нас сустракаюць пытаннем. – Пачуў Божанька нашы малітвы! Столькі гадоў мы ўсёй парафіяй маліліся, каб добры Бог паслаў нам свайго ксяндза… Споўнілася! Выслуханы нашы малітвы! Значыць, і мы нечага ў нябёсаў вартыя…
Свіранская парафія асаблівая, другую такую яшчэ пашукаць трэба. Самі, без нічыёй падтрымкі, з руін паднялі людзі сваю святыню – аднавілі храм і яго ўбранства, пашылі новыя харугвы для працэсій, добраўпарадкавалі тэрыторыю. І ўсё не за страх – дзеля ўласнага сумлення, у імя Хрыста.
Вось толькі святара ў касцёле не было. Не, імшы праводзіліся рэгулярна – прыязджалі спачатку ксёндз з Міхалішкаў, потым – з Кямелішкаў. Але адна справа прыезджы ксёндз, а зусім іншая – свой, якому баліць сэрца і за храм, і за парафію.
І вось мара вернікаў Свіранскай парафіі здзейснілася: у ёй з’явіўся свой пробашч – ксёндз Казімір Ляховіч. Пад жыллё яму выдзелілі былы касцельны будынак, які шмат гадоў выкарыстоўваўся ў якасці бібліятэкі, а затым стаў Домам сацыяльных паслуг. Стары, падуладны вятрам і марозам будынак з прагніўшай падлогай… Але хваля любові, веры і надзеі, якая ксяндза Казіміра сустрэла ў Свіранках, не дазволіла яму вось так узяць і “атрэсці пыл з падэшваў” – ён застаўся. І, як высветлілася, будзе служыць яшчэ ў Падольскай капліцы і Клюшчанскім касцёле святога Яўхіма.



З ксяндзом Казімірам Ляховічам у нас адбылася кароткая размова.

–Калі ласка, раскажыце крыху пра сябе.
–Я – беларус, нарадзіўся і вырас у парафіі непадалёк ад Гродна – амаль на самай мяжы з Польшчай. Дарэчы, не магу гэтым не ганарыцца – з нашай парафіі выйшаў і мітрапаліт Кандрусевіч… Я з вялікай сям’і – у бацькоў было сямёра дзяцей. Я па ліку – шосты. Мама рана засталася ўдавой, таму жылося не асабліва лёгка. Рашэнне стаць святаром прыйшло рана – у школьныя гады. Але ў часы майго юнацтва рэлігія была ў загане, духоўныя семінарыі дзейнічалі ледзь не падпольна. Мне пашчасціла – удалося паступіць у Рыжскую семінарыю, якую закончыў у 1989 годзе. Першая парафія, у якую я атрымаў накіраванне, знаходзілася ў Расіі. Працаваў там. Потым… Ксёндз, як салдат, – атрымаў загад ад біскупа, узяў сакваяж у рукі – і пайшоў. На працягу 19-ці гадоў я служыў у Мінскім касцёле Маці Божай Несканчонай Дапамогі. Спецыфіка гэтага храма ў тым, што там існуюць адначасова два адгалінаванні каталіцызму – рымскае і грэчаскае. Працаваць даводзілася ў абодвух накірунках.
–Якія ўражанні пакінула знаёмства з новым месцам службы?
–Калі адным словам, то – цёплыя. Адчуваецца, што вера тут жывая і моцная – гэта самае галоўнае, а ўсё астатняе можна паправіць. На Свіранскім касцёле трэба тэрмінова ўстанавіць сцёкі, а то дажджамі залівае частку сцяны, і дошкі часткова ўжо папсаваліся. Падольская капліца моцна ўразіла змрочнасцю сваёй афарбоўкі – яе трэба перафарбаваць як мага хутчэй. У Клюшчанах – прыгожы касцёл і плябанія, але апошняя не запатрабавана і год за годам прыходзіць у нягоднасць. Ды і прыкасцельную тэрыторыю там трэба было б добраўпарадкаваць. Словам, працы хопіць.
–Але не толькі гаспадарчы накірунак вы збіраецеся распрацоўваць?
–Безумоўна. Сэнс святарскай працы – у развіцці веры, у данясенні да людзей прарочых Слоў Хрыста. Каб раслі і шырыліся паміж вернікаў тры “кіты”, на якіх трымаецца існаванне чалавецтва – вера, надзея, любоў. Каб людзі жылі з усведамленнем, што іх жыццё – час заслуг, з якімі кожны з нас стане некалі перад Богам. Нярэдка даводзіцца чуць: “Я не краў, не забіваў – мае рукі чыстыя. Чаго мне баяцца Божага Суда?” Чыстыя – гэта добра, але трэба, каб не былі нашы рукі пустымі. Таму што вартасць нашага жыцця вымяраецца дабром, якое кожны з нас паспеў стварыць.
–Ксёндз Казімір, сумясціць службу адразу ў трох касцёлах не проста. Які распарадак правядзення літургій вы склалі для сваіх парафіян?
–Нядзеля будзе пачынацца з набажэнства ў Свіранскім касцёле – у 10 гадзін. У 12.00 будзе распачынацца імша ў Падольскай капліцы і ў 14.00 – у касцёле ў Клюшчанах.


Гутарыла Ганна ЧАКУР.