Гервяцкі касцёл збірае сяброў

15:15 / 01.06.2010
12631

У мінулую нядзелю касцёл Святой Тройцы ў Гервятах традыцыйна, як бывае кожны год, сабраў пад сваім дахам усіх землякоў — ураджэнцаў гервяцкага краю, незалежна ад таго, куды закінуў іх лёс – і проста людзей, закаханых у прыгажосць і велічнасць храма, на сваё парафіяльнае свята – фэст з нагоды свята Тройцы.


Велічнай урачыстасці не перашкодзіла ні тая акалічнасць, што ў большасці касцёлаў астравецкага дэканату на гэты дзень былі прызначаны першыя камуніі для дзетак, ні тое, што ў самім касцёле Святой Тройцы цяпер ідуць маштабныя рамонтныя работы – па ініцыятыве няўрымслівага ксяндза-пробашча Леаніда Несцюка драўляная падлога ў храме, якая не адпавядае неагатычнаму стылю касцёла, мяняецца на родную для яго плітачную. Нягледзячы ні на што, людзі з розных куточкаў Беларусі і свету, для якіх Гервяцкі касцёл – не проста прыгожы і велічны храм, а вельмі важная часцінка душы, як заўсёды бывае ў гэты дзень, адлажылі самыя неадкладныя справы і паспяшаліся на спатканне з галоўнай у сваім жыцці святыняй.
Традыцыяй стала і тое, што, перш чым зайсці ў храм, людзі абходзяць яго тэрыторыю і прыкасцельную плошчу: каб палюбавацца той прыгажосцю, што створана навокал, адзначыць, якія новыя дрэўцы і кветкавыя кампазіцыі з’явіліся, паглядзець наколькі падраслі любімыя дрэўцы і кусты – у кожнага неаднаразовага наведвальніка Гервят ёсць такія.
А хто прыехаў сюды ўпершыню, не хавае свайго захаплення ад убачанага – як, да прыкладу, члены літоўскага сейма.
—Я ўпершыню ў Гервятах – і ў захапленні ад тых ландшафтных дзівосаў, што створаны тут рукамі ксяндза-пробашча, — гаворыць Кейстуціс Даўкшыс.
У яго калегі, старэйшага дэпутата сейма Віды Марыі Чагрнейне іншае захапленне.
—Не так многа на свеце мясцін, дзе людзі розных нацыянальнасцей і нават жыхары розных краін так з’яднаны ў адзінай малітве, і не маюць ніякай рознасці, — такую думку выказала яна падчас свайго выступлення.
І з гэтым нельга не пагадзіцца. Святочная імша, якую праводзілі ксяндзы з Літвы, Пелясы, Радуні і Дайлідак, ішла на традыцыйнай для касцёла латыні. А вось Святое Пісанне і пропаведзі святароў гучалі на трох мовах – польскай, літоўскай, беларускай – і не было ў храме чалавека, да сэрца якога б не дайшлі іх мудрыя словы.
А для парафіян касцёла і частых яго наведвальнікаў, для якіх ён ужо стаў часцінкай жыцця, цудам, своеасаблівым адкрыццём і падарункам стаў глыбокі голас аргана, які заўсёды ажывае падчас фэсту, і хор Акадэміі навук Літвы, спевы якога пад векавымі зводамі храма гучалі як галасы анёлаў, што спусціліся з нябёсаў, каб павітаць вернікаў са святам Святой Тройцы — і нават тых, хто не разумеў літоўскай мовы, прабіралі да самых патаемных глыбінь душы.
—Я неаднаразова бываў і ў саміх Гервятах, і ў навакольны вёсках, у прыватнасці, у Рымдзюнах – сказаў пасля заканчэння ўрачыстасці намеснік міністра замежных спраў Літоўскай Рэспублікі Шарунас Адамавічус. – Але на свята Тройцы трапіў упершыню. І ўвесь час знаходжуся пад уражаннем. Гэта не проста парафіяльнае свята – гэта цуд, казка, якую не хочацца пакідаць…
Але, нягледзячы на свята, журналісты “Астравецкай праўды” не маглі не скарыстацца момантам, каб закрануць у размове з высокімі літоўскімі гасцямі пытанні міждзяржаўнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Літвой.
—Лічу, што ў нашых краін-суседак шмат агульных інтарэсаў у сферы эканомікі, культуры, і мы пакуль недастаткова эфектыўна выкарыстоўваем гэты патэнцыял, — сказаў Кейстуціс Даўкшыс. – Пакуль што ён працуе не столькі на міждзяржаўным узроўні, колькі на міжасабовым: у многіх літоўцаў ёсць свой бізнес у Беларусі, шмат беларусаў працуе ў Літве. Але ж нашы народы ніколі не варагавалі – хіба што хлопцы з памежных вёсак біліся з-за дзяўчат, дык гэтая бяда лёгка выпраўляецца. І жыць у міры і добрасуседстве нам наканавана лёсам. Гэта відаць і на сённяшнім свяце, калі людзей розных нацыянальнасцей яднае агульная малітва. У хуткім часе будзе падпісана міжурадавае пагадненне аб безвізавым перасячэнні дзяржаўнай мяжы для жыхароў прыгранічных раёнаў, і гэта стане дадатковым стымулам для развіцця двухбаковых адносін.
…І тады касцёл Святой Тройцы ў Гервятах будзе збіраць на сваё парафіяльнае свята яшчэ больш гасцей і сяброў, і штогадовы фэст стане яшчэ больш масавым, прыгожым і велічным да радасці ўсіх вернікаў!


Ніна АЛЯКСЕЕВА.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений