“Бацькаву мілю” скарылі астраўчане

14:26 / 19.08.2026

На рэспубліканскім караваі-фэсце “Бацькава булка” астраўчане хутчэй за астатніх скарылі хлебную эстафету.

Наш раён прадстаўляла зборная моладзі мясцовага РАНС і вайсковай часці 7434.

Забаўляльная эстафета “Бацькава міля” складалася з гульнявых станцый.

– Конкурсы цікавыя прыдумалі: мы і зерне збіралі, і снапы малацілі, і мяшкі пераносілі, і чыгункі ў печ садзілі, і курэй у падворак заганялі… усміхаецца ўдзельнік каманды Вадзім Пугач.

Здавалася б, нічога складанага, але прадэманстраваць хуткасць і кемлівасць – гэта адно. А выканаць заданні якасна, каб не зарабіць штрафных балаў, – зусім іншае, і тут ужо патрэбна тактыка.

– На кожнай станцыі каманду прадстаўляў адзін удзельнік, мы адразу размеркаваліся, хто за які этап адказвае, – і пільна сачылі за гульнёй сапернікаў, працягвае малады чалавек.  Здавалася б, забаўляльная эстафета, а канкурэнцыя была сур’ёзнай: час адрыву паміж намі і камандай, якая заняла 2-е месца, быў усяго каля 15 секунд!

– За перамогу змагалася 20 каманд, і паводле жараб’ёўкі нашым хлопцам выпала стаць завяршаючым звяном гульні. З аднаго боку, доўгае чаканне – гэта цяжка. А з іншага, наадварот: паглядзелі на сапернікаў, прааналізавалі іх памылкі, як сапраўдныя прафесіяналы, зрабілі для сябе вынікі – і заваявалі 1-е месца. Калі падбіралі ўдзельнікаў, рабілі на іх высокія стаўкі – дзякуй, што дастойна прадставілі Астравеччыну! дзеліцца галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Таццяна Працук.

Асобную падзяку наша моладзевая каманда адрасуе групе падтрымцы: дзяўчатам з аддзела адукацыі. Іх крычалкі, падбадзёрваючыя словы і “суправаджэнне” на дыстанцыі (удзельнікі сцвярджаюць, набегаліся не менш за іх) стымулявалі стаць лепшымі!


Фота з архіва ўдзельнікаў.

Текст: Рита Дремо