Определились победители на жатве среди молодых комбайнеров и водителей: ими стали хлеборобы КСУП “Гудогай”

17:02 / 07.08.2026

Жніво на Астравеччыне набрала магутны ход. Галоўнымі героямі гарачых працоўных будняў сталі маладыя хлебаробы: вызначыліся пераможцы прафсаюзнага спаборніцтва сярод камбайнерскіх экіпажаў і вадзіцеляў узростам да 35 гадоў.

Працаўнікі КСУП “Гудагай” змаглі апярэдзіць калег і замацаваць за сабой лідарскія пазіцыі ў раённым рэйтынгу: першымі жаданую тысячу тон збожжа на свой рахунак запісалі Руслан Маргентал і Вадзім Шаблоўскі, а найхутчэйшым на адвозе збожжа стаў Віталь Матыяшкойць.

На нівах за вёскай Едаклані кіпела работа: камбайны няспешна абмалочвалі азімы трыцікале, аўтамабілі на ўсіх парах адвозілі збожжа з поля да зернесушылак, а некалькі прэс-падборшчыкаў спрытна круцілі салому, якая яшчэ ўчора была збажыной. Літаральна на некалькі хвілін лідары жніва спынілі сваю тэхніку, каб прыняць заслужаныя віншаванні ад гасцей: першага намесніка старшыні райвыканама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянціна Чырыцы, старшыні райкама Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Юрыя Адулы і намесніка дырэктара КСУП “Гудагай” па вытворчасці Андрэя Вінчы.

Першы малады вадзіцель-тысячнік Віталь Матыяшкойць прызнаўся, што зусім не думаў пра рэкорды, а проста выконваў сваю штодзённую работу.

– Нават і не спадзяваўся на такі высокі вынік, – усміхаецца малады чалавек. – Нам, вадзіцелям, падчас жніва няма калі лічыць тоны: кожная хвіліна важная пакуль надвор’е спрыяе. Я проста стараўся працаваць сумленна і якасна, не збаўляючы тэмпу, каб не падвесці ні камбайнераў, ні сваю гаспадарку. А яшчэ важна глядзець за тэхнікай. Як яе абслужыш, так будзеш і вазіць!

Працоўны шлях гэтага юнака ў КСУП “Гудагай” пачаўся некалькі гадоў назад, да службы ў арміі, калі ён шчыраваў на трактары. Аднак менавіта армейскія будні змянілі яго прафесійныя прыярытэты: хлопцу прыйшліся даспадобы магутныя МАЗы; а таксама ён атрымаў пасведчанні на ўсе вадзіцельскія катэгорыі. Пасля дэмабілізацыі Віталь сеў за руль магутнага аўтамабіля – і перамога ў жніўным спаборніцтве даказвае правільнасць гэтага рашэння.

На Астравеччыне на жніве працуе дастаткова шмат маладзёжных экіпажаў. Нягледзячы на канкурэнцыю, першымі сярод іх запаветную тысячу тон збожжа ўзялі старшы камбайнер Руслан Маргентал і яго памочнік Вадзім Шаблоўскі. Абодва мясцовыя, з дзяцінства прывучаныя да вясковых спраў. Таму працавітасць у тандэме з узаемавыручкай дапамаглі ім узысці на жніўны п’едэстал пераможцамі.

– З 18 гадоў у гаспадарцы. Калі пачынаў, тады гэта быў яшчэ калгас імя Гашкевіча, – узгадаў Руслан. – Звычайна ўношу “хімію” на самаходным апрысквальніку. Другое лета “камбайнёру” – і, ведаеце, падабаецца. Настрой цудоўны!

Памочнік камбайнера Вадзім Шаблоўскі па мэтавым накіраванні ад гаспадаркі адвучыўся ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. Пайшоў другі год яго адпрацоўкі ў якасці загадчыка аўтагаражом у Малях. Малады чалавек не ўтойваў радасці, што яму прапанавалі паспрабаваць свае сілы на жніве.

– Мне падабаецца мая работа. Сустрэлі вельмі прыязна: спярша дапамагалі і ўсё падказвалі, а потым уцягнуўся. Найбольш удзячны інжынеру-механіку Казіміру Масальскаму, – далучыўся Вадзім. – Вельмі чакаў лета, каб нарэшце пачалося жніво. Хацелася мець непасрэднае дачыненне да гэтай вялікай і значнай справы, як уборка. Радасна, што з Русланам у нас усё атрымалася!

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич