Конкурс “ Сваё, астравецкае”: Часлаў Рынкевіч – легендарны старшыня
Ужо пасля таго, як выйшла газета з матэрыялам пра Героя Сацыялістычнай Працы, якога ўсе ўдзельнікі конкурсу пазналі і назвалі, у асабістых паведамленнях у адной з сацыяльных сетак мне напісаў Уладзіслаў Замара і падзяліўся сваімі ўспамінамі пра Паташкевіча.
«Мне пашчасціла працаваць памочнікам экскаватаршчыка ў Франца Іосіфавіча. Гэта быў не проста начальнік ці старэйшы калега, а сапраўдны настаўнік, які пакінуў глыбокі след у маім лёсе».
Франц Іосіфавіч быў цудоўным настаўнікам. Ён не проста паказваў, як пераключаць перадачы ці маніпуляваць каўшом, а вучыў адчуваць шматтонную машыну як працяг самога сябе, разумець яе характар, прадчуваць, як павядзе сябе той ці іншы грунт. Памятаю, як цярпліва тлумачыў ён тонкасці работы з гідраўлікай, дзяліўся сакрэтамі дакладнай і хуткай выемкі грунту, якія сам спасцігаў гадамі. Яго спакой і ўпэўненасць дапамагалі пазбягаць памылак у крытычных сітуацыях.
У перапынках паміж зменамі мы з ім часта гутарылі «за жыццё». Ён ніколі не скардзіўся на цяжкасці, заўсёды для кожнага знаходзіў добрае слова і валодаў цудоўным пачуццём гумару, якое магло разрадзіць напружаную сітуацыю.
Урокі Паташкевіча – гэта не толькі ўменне ўпраўляць экскаватарам, а перш за ўсё ўрокі мудрасці і чалавечай годнасці. Памяць пра Франца Іосіфавіча я захоўваю на працягу ўсяго жыцця, ён для мяне – прыклад для пераймання».
Пагадзіцеся, такія словы пра свайго настаўніка варты таго, каб прывесці іх, хоць і са спазненнем.
Але ёсць і яшчэ адна нагода для вяртання да мінулага этапу конкурсу: рыхтуючы матэрыял да друку, сярод пераможцаў прапусцілі прозвішча нашай актыўнай удзельніцы Ірыны Пунько. Жанчына своечасова даслала правільны адказ, ёй было налічана 3 балы, але імя ў выніковым «рэестры» страцілася. Прыносім прабачэнні Ірыне Пунько і спадзяёмся, што гэтая памылка не стане падставай для спынення стасункаў з рэдакцыяй. Вельмі прыемна, што Ірына, нарадзіўшыся за межамі Астравеччыны, цікавіцца гісторыяй і сучаснасцю краю, дзе ёй выпала жыць. Гэта дарагога каштуе!
Ну а цяпер вернемся да новага этапу конкурсу, які для адных аказаўся лёгкім, а іншым толькі падаўся такім. З апошніх – Марыя Васілёнак, якая актыўна ўдзельнічала ў конкурсе з самага пачатку, затым прапусціла некалькі этапаў, цяпер, да нашай радасці, вярнулася, але, на вялікі жаль, адказ дала няправільны. Хоць сама ж Марыя Карлаўна піша:
«Была ўпэўнена, што ведаю адказ на пытанне, пастаўленае ў заданні. Але калі пачала ўжо працаваць, засумнявалася. Сказана, што герой, аб якім мы павінны напісаць, узначальваў сельгаспрадпрыемства 44 гады. Я ж з першых вуснаў ведаю, што Мечыслаў Аляксандравіч Валуевіч – менавіта аб ім я хачу расказаць – з’яўляўся старшынёй калгаса 40 гадоў».
Так вось: сумненні ў правільнасці адказу ў Марыі Карлаўны ўзніклі, але яна з імі не разабралася…
Да слова сказаць, на тыя ж «граблі» наступіў яшчэ адзін пастаянны ўдзельнік нашага конкурсу Вячаслаў Саковіч, які, адказваючы на восьмае заданне, таксама ўзгадаў Мечыслава Валуевіча.
Так, Мечыслаў Аляксандравіч таксама ўраджэнец Астравеччыны, ён шмат гадоў працаваў старшынёй калгаса, які называўся перш «Маладая гвардыя», а затым – «Шлях Леніна», вывеў яго з адсталых у перадавыя, мае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі» і шэраг дзяржаўных узнагарод. Тым не менш, ён не з’яўляецца рэкардсменам работы на кіруючай пасадзе, а менавіта гэты стаж – 44 гады, як справядліва заўважыла Марыя Васілёнак, і быў, гаворачы мовай знатакоў, «адсечкай», ключавым момантам, па якім браўся адказ.
Між тым, чалавек, які амаль паўстагоддзя працаваў кіраўніком сельгаспрадпрыемства, быў у гісторыі Астравецкага раёна. Гэта старшыня калгаса «Чырвоны Кастрычнік», які таксама мае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі», кавалер ордэнаў Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, двойчы – ордэна «Знак Пашаны» Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч.
Да слова сказаць, я, хоць і абяцала пазбягаць «юбілейных» заданняў, на гэты раз слова сваё не стрымала: 30 чэрвеня Чаславу Рынкевічу споўнілася б 95 гадоў. Спецыялісты, якія працавалі пад яго кіраўніцтвам, калегі, прыйшлі ў гэты дзень да месца яго вечнага спачыну, каб яшчэ раз успомніць і падзякаваць кіраўніку і настаўніку.
Тым не менш, былі на гэтае заданне правільныя і вельмі падрабязныя адказы.
Наталля Блахіна, узгадаўшы легендарных старшынь калгасаў Астравеччыны – Мечыслава Валуевіча, Вячаслава Адахоўскага – правільна «вылічыла», што размова ў конкурсным заданні ідзе пра Часлава Рынкевіча, і прызналася, што дапамагла ёй у гэтым, як і ў адказах на іншыя заданні конкурсу, раённая кніга «Памяць». А яшчэ прыгадала, як у свой час разам з іншымі школьнікамі ўбірала бульбу ў калгасе «Чырвоны Кастрычнік» і на адным месцы набірала поўнае вядро адборных клубняў. «Працавалі мы і ў іншых гаспадарках, былі добрыя ўраджаі і не вельмі, але такога я больш не сустракала», – піша Наталля.
Альхоўскі тандэм Бабіч-Заруба ў адказе на восьмае заданне ў чарговы раз прыводзіць урывак з кнігі Адама Мальдзіса «Астравеччына, край дарагі», дзе пра Часлава Рынкевіча гаворыць тагачасны першы сакратар РК КПБ Дзмітрый Арцыменя:
«Цяпер тут лепшы ў раёне калгас «Чырвоны Кастрычнік». І паказчыкі намнога вышэй. На 100 гектараў сельгасугоддзяў атрымліваюць па 508 цэнтнераў малака і 208 цэнтнераў мяса. Сярэднясутачныя прывагі адкормачных бычкоў складаюць 760 грамаў. За ўсё гэта ў 1973 годзе калгас атрымаў памятны Чырвоны Сцяг Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР і ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі і нарыхтовак.
Ну і старшыня, выпускнік Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Часлаў Рынкевіч. Калі ён прыйшоў сюды ў 1959 годзе, калгас замыкаў зводку. А цяпер менш чым за чатыры гады выканаў пяцігодку па мясу і завяршае па малаку. Нядаўна Часлаў Іосіфавіч атрымаў ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі».
Прыводзяць у сваім адказе канкурсанты і цытату з артыкула Віталія Бандарыка, дзе ён расказвае пра жыццё кіраўніка-рэкардсмена, свайго настаўніка ў прафесіі і ў жыцці:
«Новавыбранаму старшыні далі пісталет, бо весці размову з калгаснікамі ў тых умовах было няпроста. Калі была якая крыўда, часта вінавацілі ў гэтым кіраўніка. Так, ведаючы, што малады старшыня едзе ў Едаклані праз лес, хтосьці нацягнуў папярок дарогі стальную провалаку. Трагедыі не адбылося, але пасля гэтага выпадку асцярожнасць стала неад’емнай часткай характару Часлава Іосіфавіча».
Найбольш падрабязны адказ на восьмае заданне конкурсу, да таго ж праілюстраваны мноствам фотаздымкаў (цэлая курсавая работа!) даслала Карына Стаповіч. Здаецца, яна знайшла ўсё, што калі-небудзь пісалі пра Часлава Рынкевіча; расказвае не толькі яго працоўную біяграфію, але і прыводзіць звесткі з асабістага жыцця, дзеліцца шматлікімі цытатамі з успамінаў людзей, што працавалі разам з ім і пад яго кіраўніцтвам:
Віталь Бандарык, намеснік старшыні:
– Часлаў Іосіфавіч быў маім настаўнікам-філосафам. Здаралася, прыходжу да яго, увесь на нервах: пасевы трэба апрацоўваць, а дождж каторы дзень лье як з вядра. «Радавацца трэба! – супакойвае Часлаў Іосіфавіч. – Гэта ж золата з неба падае! Будзе ўраджай – будуць і грошы.
Галіна Мілейша, другі эканаміст:
– Грошы ў нас вадзіліся. Але Рынкевіч не трымаў іх у банку, усё ў справу ўкладваў. Будавалі шмат. Малочна-таварную ферму ў Малях, цялятнік, збожжасушыльную гаспадарку, майстэрні. Жыллё для калгаснікаў пачалі ўзводзіць задоўга да таго, як з’явілася спецыяльная прэзідэнцкая праграма. Дзіцячы садок пабудавалі за сродкі калгаса, кантору з Домам культуры. Газ першымі ў раёне правялі. Нават птушкаферму пабудавалі, хоць нядоўга яна ў нас дзейнічала, ды гэта ўжо не віна Рынкевіча. Усё ішло на развіццё.
Марыя Бекіш, галоўны бухгалтар:
– Не было таго, каб нехта сказаў: «Не хачу», «Не буду». Кіраўнік паставіў задачу – мы яе выконваем. Не маглі мы падвесці Рынкевіча! Не ведалі ні выхадных, ні водпускаў. Я за 36 гадоў работы ні разу ў адпачынку не была. Стану прасіцца: «Часлаў Іосіфавіч, пусціце хоць на тыдзень!» А ён: «Марыя, ты пра што? Збожжа сыплецца – а яна ў адпачынак сабралася!
Таццяна Шкурская, галоўны заатэхнік:
– Часлаў Іосіфавіч умеў падбіраць спецыялістаў. Прыглядваўся, ацэньваў, калі што не так – не браў у сваю каманду. Але тыя, хто ў яе трапляў, душу гатовы былі аддаць і за нашага старшыню, і за калгас!
Мы ўсё ўкаранялі першымі. У нас першых у раёне з’явіўся кармацэх, кормараздатчыкі, экструдар – прыстасаванне, на якім плюшчылі авёс, зрабілі цэх па раздоі першацёлак, радзільнае аддзяленне, прафілакторыі для цялят. Кожны год у нас праводзілі то абласныя, то рэспубліканскія семінары, а пра раённыя і гаварыць няма чаго: на нашым вопыце вучылі ўсе іншыя гаспадаркі.
Нам прыемна, што на чарговае заданне конкурсу адгукнулася і дачка Часлава Рынкевіча Святлана, якая цяпер жыве ў Гродне:
«Для ўсёй Гродзеншчыны і астравецкага краю Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч застаўся легендарным кіраўніком, чалавекам справы і нязломнай волі. А для нас, яго траіх дзяцей, пяці ўнукаў і чатырох праўнукаў, ён перш за ўсё – родапачынальнік нашай сям’і, чыё працалюбства, мудрасць і адданасць сваёй зямлі назаўсёды застануцца для нас галоўнымі арыенцірамі. Бацька і дзядуля навучыў нас галоўнаму: цаніць добрасумленную працу, вернасць слову і чалавечую годнасць. Для ўсіх нас ён – галоўны настаўнік. Яго прыклад паказвае, што павагу нельга купіць – яе можа толькі заслужыць працай і адносінамі да людзей.
Для ўнукаў ён – жывая легенда, яны выраслі з гонарам за свайго дзядулю, яго прыклад сфарміраваў іх жыццёвыя каштоўнасці. Нават самыя невялікія з яго праўнукаў ведаюць пра галаву нашага роду і ганарацца ім.
Наш тата і дзядуля ўсё жыццё будаваў, ствараў, дапамагаў людзям. І пры гэтым ён даў нам шчаслівае дзяцінства і выхаваў нас дастойнымі людзьмі. Дзякуй яму за яго строгасць і дабрыню, за цеплыню рук і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, якія мы заўсёды адчувалі побач з ім».
Святлана не прэтэндуе на балы ў нашым конкурсе. А паміж яго нешматлікімі на гэты раз удзельнікамі яны размеркаваліся наступным чынам: Марыя Леановіч – 1, Наталля Блахіна, Аляксандра Працута і тандэм Бабіч-Заруба – па 4, Карына Стаповіч – 5.