Аксана Савіцкая: прафесіянал, грамадскі дзеяч, нераўнадушны чалавек
12:00 / 02.07.2026
А ёсць іншыя: велічныя, спакойныя, упэўненыя ў сабе, якія ведаюць, што робяць і для чаго. І ў тым іх сіла.
З апошніх, мне здаецца, Аксана Савіцкая, метадыст раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і вядучы спецыяліст раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» – ураўнаважаная, нешматслоўная, вельмі надзейная і адказная. З тых, каму можна даручыць любую справу і быць упэўненым, што яна будзе зроблена добра.
Крыніцы
Аксана вясковая, прычым не проста па месцы нараджэння і выхавання – яна вясковая па сутнасці сваёй, па душы.– Першыя гады майго жыцця прайшлі ў вёсцы Ліпкі каля Катлоўкі. Маленечкая вёсачка на 5 хат, там жыла бабка і з ёй даволі доўга – наша сям’я. У вёсцы не было дзяцей, ды я да іх і не імкнулася. Мяне выхоўвала прырода: куры, каты, сабакі, кабыла Машка – сябры, дзядзька, мамін брат, – старэйшы таварыш. З кветачкамі, галінкамі, каменьчыкамі было цікавей гуляць, чым з лялькамі, – успамінае Аксана сваё дзяцінства.
Вёска, прырода, шчырыя і мудрыя вяскоўцы – крыніца яе жыццёвай сілы.
Вытокі
Аксане было пяць гадоў, калі бацькі перабраліся ў Варняны, бліжэй да цывілізацыі – дзяўчынцы трэба было ісці ў школу. Яна плакала, не хацела мяняць звыклы ўклад на невядомасць.І хоць вучылася нядрэнна, школу не любіла. Аж пакуль класным кіраўніком да іх не прыйшла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганна Мечыславаўна Пацэль. Дзякуючы ёй неўсвядомленыя жаданні, памкненні, сімпатыі, якія клубіліся ў дзіцячай душы, нібы кволыя ручаінкі, што пятляюць-губляюцца ў траве паміж дрэвамі, кустамі, уз’яднаўшыся з іншымі такімі ж, знаходзяць трывалыя берагі – і далей нясуць свае воды ўпэўнена і імкліва.
Пасля школы яны, чатыры аднакласніцы і сяброўкі – Эмілія і Вераніка Комары, Яна Бумбуль і Аксана Кіндзер – паступілі ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. На розныя факультэты і спецыяльнасці. Але пашчасціла: усіх чатырох засялілі ў адзін інтэрнат, больш таго – у адзін пакой. Ім не давялося ламаць сябе пад гарадское жыццё: яны і ў Гродне засталіся ў сваім варнянскім беларускамоўным асяродку.
Рэчышча
Аксана закончыла ўніверсітэт, потым магістратуру. Ёй прапаноўвалі паступаць у аспірантуру і заставацца на кафедры. Але…– З усіх гарадоў, дзе давялося бываць, толькі ў двух мне ўтульна і камфортна – у Астраўцы і ў Гродне, – прызнаецца жанчына. – За гады вучобы я вельмі палюбіла абласны цэнтр. Але не настолькі, каб застацца ў ім жыць…
Яна вярнулася на Астравеччыну. Ёй прапанавалі дзве школы: родную варнянскую і астравецкую СШ №2.
– У сваю, па праўдзе кажучы, ісці пабаялася: ну як я буду працаваць са сваімі настаўнікамі, якія для мяне – як небажыхары? А я для іх, напэўна, назаўсёды застануся вучаніцай.
У гарадской школе маладога спецыяліста прынялі добра: расказалі, паказалі, падтрымалі, дапамаглі. Хутка яна стала тут сваёй сярод сваіх. З дзецьмі і з іх бацькамі знайшла агульную мову, з многімі, да слова, і цяпер падтрымлівае стасункі.
Неўзабаве Аксану Аляксандраўну прызначылі намеснікам дырэктара, а яшчэ праз нейкі час перавялі ў метадычны кабінет аддзела адукацыі.
Круты паварот
Пяць гадоў Аксана Аляксандраўна працавала ў школе, два – у аддзеле адукацыі.– У метадычным кабінеце было камфортна, – прызнаецца Аксана. – Калектыў дружны, усе падтрымлівалі адзін аднаго. Узначальвала яго мая настаўніца Людміла Міхайлаўна Апановіч, а яна ўмела падбіраць людзей у каманду.
Але ў 2024-м здарыўся пераломны момант: Людміла Апановіч пакінула пасаду загадчыка метадычнага кабінета.
– Без Людмілы Міхайлаўны мы сваю работу не ўяўлялі, – прызнаецца Аксана. – І, хоць сыходзілі ў нікуды, не палічылі магчымым застацца.
Большасць з каманды Апановіч звольнілася разам з ёй.
– Я апынулася на раздарожжы, – успамінае той няпросты час Аксана Савіцкая. – Але, напэўна, усё ў жыцці адбываецца не проста так. На наступны дзень патэлефанавала тагачасны кіраўнік цэнтра культуры і народнай творчасці Ангеліна Навасельская і прапанавала пасаду метадыста па фальклоры. Я папрасіла 10 дзён на роздум: усё ж новая не проста пасада, а сфера дзейнасці. І ўрэшце пагадзілася.
Новы рукаў
Здавалася б, усё ўсталявалася. Але год таму ў спакойным жыццёвым рэчышчы Аксаны Савіцкай з’явіўся новы рукаў, не менш шырокі і хуткаплынны, чым асноўнае русла: яе прызначылі вядучым спецыялістам раённай арганізацыі РГА «Белая Русь».Зрэшты, яе цеснае супрацоўніцтва з «Белай Руссю» пачалося раней. І нават не тады, калі Аксана стала членам гэтай грамадскай арганізацыі.
У 2022 годзе ёй прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе «Залатое пяро «Белай Русі». Яна напісала эсэ пра тое, што назаўжды ў яе сэрцы – вёсачку Ліпкі, сажалку ля бабулінай хаты, дзе ў маленстве гадзінамі стаяла, углядаючыся ў цёмную завадзь, лес за веснічкамі…
Нечакана для самой сябе Аксана Кіндзер стала пераможцай не толькі раённага і абласнога этапаў конкурсу, але і рэспубліканскага. Падчас святкавання Дня беларускага пісьменства і друку ў Гарадку Віцебскай вобласці ўзнагароду ёй уручаў яе колішні ўніверсітэцкі выкладчык Алег Раманаў – гэта было ўдвая прыемна.
А ў мінулым годзе, калі раённую арганізацыю «Белай Русі» ўзначаліла Вольга Баяровіч, яна прапанавала Аксане Савіцкай стаць вядучым спецыялістам, па сутнасці, сваёй правай рукой.
– З Вольгай Віктараўнай вельмі камфортна працаваць, я зразумела гэта як толькі прыйшла ў культуру. Яна выдатны кіраўнік, цудоўна разбіраецца ў людзях, умее падбіраць калектыў, – тлумачыць, чаму пагадзілася на гэтую прапанову, Аксана Аляксандраўна.
Акрамя таго, яна ўзялася за сацыяльныя сеткі, прычым не дзеля галачкі: тэлеграм-канал «Белай Русі» мала таго што за апошні год павялічыў колькасць падпісчыкаў утрая, дык ён, хай прабачаць мяне адміністратары іншых, вядзецца з душой. Тут шмат разнастайных рубрык: не толькі аператыўна паведамляюцца навіны жыцця грамадскай арганізацыі, але і публікуюцца шчырыя, матывуючыя пасты. Пагадзіцеся, прыемна пачынаць працоўны дзень, калі на экране смартфона высвечваецца: «Добрай раніцы, сябры! Хай сённяшні дзень прынясе спакой у сэрцы і ўпэўненасць у дзеяннях» ці нешта падобнае.
І ва ўсіх справах «Белай Русі», рэспубліканскіх ці абласных акцыях Аксана Савіцкая наперадзе, побач з кіраўніком. Адна з апошніх, найбольш прыкметных – раённая, прымеркаваная да Года беларускай жанчыны «Лідары з белым сэрцам», якая аб’яднала нераўнадушных жанчын усяго раёна ў іх імкненні рабіць добрыя справы.
Напачатку 2026 года сумесна з аддзелам арганізацыйна-кадравай работы і аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама запусцілі раённы праект «Белая Русь» – кадравы рэзерв: разам у будучыню!» з мэтай падтрымкі актыўнай моладзі нашага раёна.
– Мяне абралі членам рэспубліканскай моладзевай аналітычнай групы РГА «Белая Русь», – расказвае Аксана Аляксандраўна. – Кожны месяц нас запрашаюць у Мінск, дзе адбываюцца цікавыя сустрэчы, экскурсіі, практыкуюцца розныя формы работы: дыялогавыя пляцоўкі, дзелавыя гульні, дэбаты. Кожны раз да нас далучаецца старшыня РГА «Белая Русь» Андрэй Іванец.
І ў гэтай сваёй прафесійнай і грамадскай актыўнасці Аксана Савіцкая па-ранейшаму застаецца беларускамоўнай.
– Мае адносіны да беларускай мовы не памяняліся з часу майго вясковага дзяцінства, – гаворыць Аксана Савіцкая. – Я пераканалася: нават у рускамоўным асяроддзі можна гаварыць па-беларуску – усе ўсё выдатна разумеюць, акрамя тых, хто наўмысна адмаўляецца гэта рабіць. Дарэчы, у той самай рэспубліканскай моладзевай аналітычнай групе, пра якую я гаварыла вышэй, мяне заўважылі дзякуючы беларускай мове – і з’явілася шмат новых знаёмстваў і аднадумцаў з розных куткоў Беларусі.
За гэта, як і за многія іншыя новыя рукавы ў глыбокай плыні свайго сённяшняга насычанага на сустрэчы і падзеі жыцця, Аксана Савіцкая ўдзячна ў тым ліку і рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Белая Русь».
А члены арганізацыі – ёй, што прыўнесла свежы струмень у гэтую суполку.
Фота з архіва гераіні.