Белорусские партизаны: Кондратий Алексеёнок освобождал Островец

09:00 / 23.06.2026
Ушацкі музей народнай славы. Невялікая група турыстаў перахо­дзіць з залы ў залу ўслед за экскур­саводам. Бачна, што тэма парты­занскага руху на Віцебшчыне ім блізкая, бо так цікавіцца, удакладняць дэталі будзе далёка не кожны. І раптам ля чарговага стэнду, дзе змешчаны фотаздымкі і імёны народных мсціўцаў, аповед гіда перарывае, бы рассякаючы паветра, жаночы голас: «Гэта мой тата!» У зале на імгненне ўсталёўваецца цішыня…

– У душы быццам нешта перавярнулася: было нечакана, шчымліва-балюча і адначасова радасна – бы сустрэча з бацькам адбылася, – ледзь стрымліваючы слёзы, дзеліцца Алена Гічанская. – Узгадалася: той самы здымак некалі даўно сама адсылала ў музей – прасілі для архіва. За такую памяць невыказна ўдзячна!

Партызанскімі сцежкамі…

– Тата, Кандрацій Іосіфавіч Алексяёнак, пасля вайны жыў на Астравеччыне, а родам ён з Віцебшчыны – з вёскі Адворыцы, што на Ушаччыне. У мінулым го­дзе захацелася з’ездзіць туды – вырашылі ўстроіць сабе і ўнучатым пляменнікам міні-падарожжа па месцах, дзе прайшло дзяцінства таты, яго баявыя шляхі, хацелі ўбачыць знакаміты мемарыяльны комп­лекс «Прарыў» – удзельнікам аднайменнай партызанскай аперацыі быў бацька, – расказваюць Алена і Уладзімір Гічанскія.


Для даведкі

Падчас Вялікай Айчыннай вайны народныя мсціўцы Ушацкай (пазней – Полацка-Лепельскай) партызанскай зоны, зрабілі, здавалася б, немагчымае: у 1942 годзе вызвалілі тэрыторыю плошчай больш за тры тысячы квадратных метраў, на якой размяшчалася 1 220 населеных пунктаў, – і цягам амаль двух гадоў гэта была свабодная ад акупантаў тэрыторыя.

Такая сітуацыя вельмі напружвала гітле­раўцаў. У канцы 1943-га – пачатку 1944-га, каб выправіць становішча, фашысты зрабілі 5 спроб, але ўсе безвынікова. Тады распрацавалі маштабную карную аперацыю, на ажыццяўленне якой вораг сцягнуў буйныя сілы: партызанскую зону акружыла 60-тысячная армія.

Акупанты разумелі, што прарыў магчымы, аднак нават не дапускалі, што народныя мсціўцы адважацца зрабіць такі крок на найбольш умацаваным накірунку. Адважыліся – і вырваліся з кальца, вывеўшы з акружэння і мірнае насельніцтва. 

Кандрацій Алексяёнак у другім радзе першы справа. Узнагароды ветэрана.

Кандрацій Алексяёнак у другім радзе першы справа. Узнагароды ветэрана.

– Калі пачалася вайна, бацька падлеткам быў – ён на­­радзіўся ў 1924 годзе. Вядома ж, узрост не вайско­вы. Аднак юнакі не сядзелі склаўшы рукі: згурта­ваўшыся вакол школьнага настаўніка, яны збіралі зброю, хавалі, знаходзілі акружэнцаў, дапа­магалі ім. Калі наступалі нашы, адыходзячыя фашысты выпальвалі тэрыторыі і моцна зверствавалі, – прыгадвае пачутае ад цешчы Уладзімір

У 1942 годзе Кандрацій стаў сувязным падпольнай групы, а праз паўгода юнак ужо значыўся ў партызанскім атрадзе: 22 ліпеня 1943 года Алексяёнак залічаны ў партызанскую брыгаду імя ЦК КП(б)Б – у 5-ты атрад імя Дзянісава. У 1944-м наш зямляк ужо значыўся ў атрадзе імя Жукава, які дзейнічаў у Докшыцкім і Астравецкім раёнах на той час Вілейскай вобласці.

– Падчас ушацкага прарыву ў авангардзе ішла 1-я антыфашысцкая брыгада пад кіраўніцтвам Гіля (Радзівонава). Трэба сказаць, што яго тактыка барацьбы з захопнікамі была вельмі дзейснай. Чаму менавіта яны? Па-першае, з-за таго, што гэта былыя ваеннапалонныя, якім удалося вырвацца ад фашыстаў і зноў прымкнуць да сваіх, – такіх у палон немцы дакладна не бралі б; па-другое, усе члены брыгады былі прафесійнымі ваеннымі – каму як ні ім было распачынаць аперацыю, – тлумачыць Уладзімір. – Камандаванне сабрала з усіх брыгад гранаты, самых моцных байцоў – і яны, ідучы наперадзе, пракладвалі шлях.

Заканамерна, што гэта фарміраванне панесла вялікія страты: з 1 200 байцоў больш за 800 прапалі без вестак, 200 загінулі, камандзір быў цяжка паранены...

Для даведкі

Гіль (Радзівонаў) быў кадравым ваенным, ён трапіў у палон разам з іншымі байцамі і быў размеркаваны ў так званую Рускую нацыянальную народную армію. 16 жніўня 1943 года салдатам удалося перайсці на бок партызан – так утварылася 1-я антыфашысцкая партызанская брыгада.

– Следам за 1-й антыфашысцкай ішла брыгада імя ЦК КП(б)Б, у якой ваяваў наш бацька (тады ён і атрымаў раненне ў нагу) – гэтаму фарміраванню пашанцавала больш: немцы, якія не чакалі, што партызаны так масава рушаць на прарыў, на нейкі час разгубіліся – і гэта дало шанс выйсці з мінімальнымі стратамі і пайсці ў накірунку Пастаў, – працягвае мужчына. – Не паспелі партызаны брыгады ЦК КП(б)Б перавесці дух пасля такога «марш-кідка», як паступіла заданне: ісці на Астравец. І 3 ліпеня, хутчэй, чым падцягнуліся фарміраванні Чырвонай арміі, народныя мсціўцы занялі наш горад.

Вось як апісваюць Іван Клімаў і Мікалай Гракоў у кнізе «Партызаны Вілейшчыны» (наш раён быў у складзе Вілейскай вобласці) той дзень: 

«Это было 3 июля. Разведка бригады имени ЦК КП(б)Б  донесла, что основные силы гарнизона Островца ушли на запад. Осталось только 90 гитлеровцев. В их задачу входило ограбить местечко, выжечь его дотла, а жителей угнать с собой, тех же, кто не согласится уходить, уничтожить на месте. Медлить нельзя было ни минуты. Приказ был скорый и ясный: одному из подразделений внезапным стремительным ударом овладеть местечком и не дать совершиться преступлению. Фашистские бандиты успели сжечь лишь несколько жилых домов и общественных зданий, в том числе два склада с боеприпасами и обмундированием».

Дакументы сведчаць, што Кандрацій Алексяёнак быў адважным байцом: удзельнічаў супраць буйной нямецкай блакіроўкі ў Докшыцкім і Ушацкім раёнах, трапіў у акружэнне і з боем выйшаў з яго, на шляху праходжання разбілі нямецкі гарнізон, куды першым уварваўся Алексяёнак; неаднаразова ўдзельнічаў у адкрытых баях з акупантамі, нягледзячы на небяспеку, смела ішоў на ворага.

– У таты характар жалезны быў і абвостранае пачуццё справядлівасці – да яго меркавання ўсе прыслухоўваліся, часта прыходзілі за парадамі, – прыгадвае дачка ветэрана.

…У астравецкі край

Пасля вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Алексяёнак застаў­ся тут – трэба было ўста­наў­ліваць савецкую ўладу. Сюды былы партызан перавёз і бацькоў. На Астравеччыне Кандрацій сустрэў сваю другую палавінку – Яўгенію Баброву, яна была таксама родам з Віцебшчыны. 

– Калі немцы пачалі высяляць іх вёску Асінаўку (гэта паміж Оршай і Віцебскам), адных жыхароў пагналі ў бок Астраўца. Іншых, у іх лік тра­пілі мае мама і цётка, па­гна­лі ў Германію. Везлі іх цяг­ніком праз Латвію. Непа­далёк Даўгаўпілса яны разам з хлопцамі-аднавяскоўцамі ра­шыліся на пабег: вылучылі час – і вы­скачылі з вагона.  Узгадвалі, як ішлі лясамі-балотамі, спа­дзею­чы­­ся вярнуцца на Радзіму… – дзеліцца ўспа­мінамі маці Алена Гічанская. – А пасля апы­нуліся ў заможнага латыша – працавалі на яго гаспадарцы. Маці ўвесь час плакала, узгадваючы чалавека, які падказаў: калі хочаце жыць, уцякайце адсюль – і ноччу яны адважыліся. Дзякаваць Богу, усё склалася ўдала, адшукалі сваіх родных на Астравеччыне. 

Кандрацій і Яўгенія Алексяёнкі

– З 1944 года тата працаваў следчым у мясцовай міліцыі, скончыў Маладзечненскую школу следчых. У пасляваенныя часы ў раёне было шмат банд – служба, канешне, вельмі небяспечная. Маці казала, што без пісталета тата з дому не выходзіў, на могілкі ідуць – і тое пераняць могуць, таму, на ўсялякі выпадак, зброю пры сабе трымаў, – дадае дачка ветэрана. – Хоць і небяспечна, але служба бацьку падабалася. Аднак баявое раненне ўсё часцей нагадвала пра сябе, таму па стане здароўя ён вымушаны быў пакінуць міліцыю. Былы вайсковец перайшоў у райкам камсамола, затым перавёўся ў райкам партыі, пазней загадваў агульным аддзелам мясцовага райвыканкама, быў інструктарам райкама партыі па зоне Астравецкай МТС, загадчыкам райаддзела сацзабеспячэння, дырэктарам Міхалішкаўскага рынка, сакрата­ром Астравецкага пасялковага Савета дэпутатаў, начальнікам метыяралагічнай станцыі.

Праўнук і праўнучка Кандрація Іосіфавіча з Карэліі

Праўнук і праўнучка Кандрація Іосіфавіча з Карэліі

– А мама ўсё жыццё ў грамадскім харча­ванні працавала, 40 гадоў была шэф-пова­рам у астравецкім рэстаране «Елачка», узнагароджана ордэнам «Знак пашаны»… Дарэчы, у нашай сям’і 9 Мая двайное свята – тата з мамай пажаніліся ў гэты дзень, і цяпер мы, якія б справы ні мелі, на 9-га абавязкова прыходзім на магілы да бацькоў, – завяршаюць Алена і Уладзімір.

Лёс адмерыў Алексяёнку нядоўгае жыццё – ён пайшоў у лепшы свет у жніўні 1983-га. Аднак у сэрцах родных жыве і сёння – не толькі ва ўспамінах, фотаздымках: з партрэтам Кандрація Іосіфавіча кожнае 9 Мая прыходзяць на ўрачыстасці яго дзеці, унукі, праўнукі, нават у далёкай Карэліі іх герой ідзе ў бессмяротным палку. Дзякуй за жыццё, тата! Дзякуй за мір, дзядуля!

Текст: Рита Дремо