Участницей форума «Мама без фильтров 2.0» стала островчанка Вероника Кумище

14:00 / 23.05.2026

У Палацы Рэспублікі прайшоў форум «Мама без фильтров 2.0». Яго ўдзельнікамі стала некалькі соцень жанчын з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі, у іх лік трапіла і астраўчанка – шматдзетная маці Вераніка Кумішча.

Пра мерапрыемства і ўражанні ад яго расказвае сама Вераніка:

– Як навучыцца трымаць баланс паміж хатнімі справамі і работай, умець зняць трывожнасць, выстройваць стасункі з дзецьмі і блізкімі, утрымліваць планку розных сацыяльных роляў  і пры гэтым не згубіць сябе ў клопаце пра ўсіх і ўсё – тэмы выступленняў спікераў былі разнастайнымі. І аднолькава цікавымі як для паспяховых бізнес-лэдзі, так і для маці ў дэкрэце. Бо гаварылі мы пра адно: наша, жаночае.

Ідэйны натхняльнік форуму Вікторыя Акулевіч расказала, што ёй хацелася прыдумаць для жанчын такую сустрэчу, дзе б яны маглі адкрыць сябе сапраўдных, з радасцямі і засмучэннямі – без знешняга лоску, каб маглі выгаварыцца, пачуць параду, зразумелі, што не адны. Мы гаварылі пра мацярынства без глянцу: пра яго шчасце і складанасці. Сваім досведам дзяліліся спартсменкі, тэлевядучая, псіхолаг, намеснік міністра Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

З тэлевядучай Кацярынай Цішкевіч мы вучыліся кантраляваць эмоцыі і здымаць унутранае напружанне з дапамогай голасу і дыхання – дзейнічае на ўсе 100. 

Яскрава параўнала жыццё са спаборніцтвам чэмпіёнка свету па тайскім боксе Кацярына Вандар’ева: як толькі ты расслабіўся і перастаў кантраляваць сітуацыю – атрымаеш пад дых. (Усміхаецца.) Размова ішла пра ўпэўненасць і пра тое, што складаныя сітуацыі загартоўваюць характар і трэба ўмець бачыць плюсы нават у самым непрыемным – гэта дапамагае ісці далей.

Чаканым госцем нашай жаночай суст­рэчы была знакаміты расійскі псіхолаг Вікторыя Дзмітрыева. Яна прапанавала размову ў форме свабоднага мікрафону – і столькі людзей выстраілася ў чаргу, столькі набалелых тэм было паднята, столькі карысных парад прагучала! Я не рашылася задаць пытанне, але і без гэтага пачула для сябе многа адказаў на хвалюючыя тэмы.


Захапіла атмасфера форуму: шмат людзей сабралася, а адчуванне было, быццам сто гадоў знаёмыя. Атрымалася шчырая душэўная размова пра жыццё жанчыны  ва ўсіх яе іпастасях: маці, дачка, жонка, працаўніца…   

Абмяркоўваючы надзённае, і плакалі разам, і смяяліся…

Гэта ўсё праходзіла ў зале. А ў фае працавалі фотазоны, няні-валанцёры і стаяў кошык жаданняў – там у канвертах ляжалі лісты дзетак, якія знахо­дзяцца пад апекай дзяржавы. Я стану спаўняльнікам жадання хлопчыка Ванюшы, які марыць пра канструктар.

«Шчаслівая, што запрасілі на такую сустрэчу, гэта было тры ў адным: свята, феерверк эмоцый і перафармаціраванне  – дзякуй за гэта арганізатарам і нашаму Тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва». 



Фота з архіва В. Кумішчы.

Текст: Рита Дремо