Пра свой жаночы код расказвалі Эліна Гражуль-Гульбінская, Вольга Багдановіч і Ніна Рыбік

15:45 / 22.05.2026
У рамках міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» раённы гісторыка-этна­графічны музей правёў мерапрыемства з інтры­гуючай назвай «Жаночы код Астравеччыны», прымеркаванае да Году беларускай жанчыны.

Калі атрымала запрашэнне паўдзель­нічаць у ім у якасці адной з гераінь, то, па праўдзе кажучы, разгубілася: гэта пра што? А калі дырэктар музея Марыя Вайця­ховіч папрасіла назваць кодавае слова, якое б адлюстравала маю сутнасць, задумалася: якое яно? Праца? Журналістыка? Творчасць? Цікаўнасць? Сустрэчы? І ўрэшце вырашыла, што ёсць адно, якое аб’ядноўвае і ўвасабляе ў сабе ўсё гэта, – СЛОВА. Але гэта ў мяне. А ў іншых удзельніц сустрэчы? Пры што раскажуць і што пакажуць яны? 

У музей я ішла ў якасці не столькі гераіні, колькі карэспандэнта «АП»: было цікава. А гэта галоўны арыенцір для любога журналіста.

Забягаючы наперад, скажу: не ўпэў­нена, што юныя і дарослыя ўдзельнікі сустрэчы пад назвай «Кола натхнення» даведаліся жаночы код Астравеччыны, але мерапрыемст­ва атрымалася цёплым і шчырым і адначасова – цікавым і пазнавальным.

Нам ёсць кім ганарыцца і ёсць з каго браць прыклад. Кароткі і эмацыянальны расповед пра беларускіх жанчын, якія апярэдзілі свой час і даказалі – хоць і не збіраліся нікому нічога даказваць, прос­та жылі не так, як патрабавалі звычаі і навакольныя, а як вымагалі абставіны і ўласныя розум і сэрца – сабе і ўсяму свету права людзьмі звацца (нагадаю: доўгі час прадстаўніцы слабай паловы былі гэтага права пазбаўлены). Асветніца і храмабудавальніца Ефрасіння Полацкая; беларуская Жана д’Арк Анастасія Слуцкая; стваральніца беларускага тэатра Урсула Радзівіл; падарожніца, мемуарыстка (тады яшчэ не ведалі жанру нон-фікшн), першая беларуская жанчына-ўрач Саламея Рэгіна Русецкая; паэтка, асветніца, рэвалюцыянерка Алаіза Пашкевіч (Цётка), гераіня вайны Вера Харужая; актрыса Стэфанія Станюта… І пералік жанчын, якія жылі ў непараўнальна больш цяжкіх умовах, чым мы, але даказалі, што слабы пол – зусім не слабы, можна працягваць доўга, дапаўняючы ўсё новымі імёнамі. 

На шчасце, сёння нам няма патрэбы нікому нічога даказваць – хіба што самім сабе. І няма патрэбы з некім змагацца за права быць сабой. І гэта пацвердзілі гераіні сустрэчы.

Эліна Гражуль-Гульбінская – настаўніца пачатковых класаў, дачка настаўніка. Яна любіць сваю справу і вучні любяць і да гэтага часу памятаюць сваю «другую маму» – гэта засведчыла і яе былая вучаніца Марыя Вайцяховіч. 


Здавалася, чаго ёй не хапае да поўнага шчасця? Любімая работа, сям’я, заняткі спортам, падарожжы… Але ёй не хапала… І аднойчы Эліна па падказцы сяброўкі ўзяла ў рукі фарбы і пэндзаль… А потым дачка падарыла эцюднік і палатно. І…

…Што атрымалася ў выніку, удзельнікі сустрэчы маглі ўбачыць на персанальнай выставе Эліны Гражуль-Гульбінскай. (Якая, да слова, будзе працаваць у музеі да чэрвеня – можаце скласці сваё ўражанне). А яшчэ паспрабаваць сябе ў якасці мастака: а раптам у некага яшчэ ў глыбіні душы дрэмле нераспазнаны пакуль талент і чакае дотыку чароўнага пэндзля? Эліна прынесла ўсё неабходнае – і жадаючыя пакінулі свой штрых і вобраз на агульнай абстрактнай карціне. 

А тыя, каго працэс захапіў (зноў жа забягаю наперад), яшчэ і прынялі ўдзел у майс­тар-класе Эліны Гражуль-Гульбінскай, які адбыўся пасля заканчэння сустрэчы. Як думаеце: проста намаляваць кветку магноліі? Так, проста – і адначасова скла­да­на. Але пад кіраўніцтвам майстра – цалкам магчыма.

З работы ў школе пачынала працоўны шлях і Вольга Багдановіч: выкладала беларускую мову і літаратуру, была намеснікам дырэктара. А потым вяселле, нараджэнне аднаго за другім дваіх дзяцей, доўгі дэкрэтны адпачынак… 

Быць толькі захавальніцай сямейнага ачага ёй падалося сумным, і Вольга стала пячы торты. Паверым на слова Марыі Вайцяховіч (яе, дарэчы, таксама ў свой час вучыла Вольга Іванаўна: лепшыя ў свеце!)

Але аднойчы яе пацягнула… да зорак! Не ў сэнсе – глядзець на іх і марыць, а ў жаданні зразумець, чаму месяц устае ў адным месцы, а заходзіць у другім; чаму сузор’і «вандруюць» на небе і як іх рух уплывае на жыццё і лёс чалавека. 

Вольга Багдановіч усур’ёз занялася астралогіяй –  і дасягнула ў гэтым занятку (які, калі што, зусім не пра варажбу і прадказанні), даволі высокага ўзроўню. Пра астралогію як навуку (так-так, гэта навука, якая часцей за ўсё не мае нічога агульнага з гараскопамі, якія друкуюць у газетах, і якія, скажу па сакрэце, часам прыдумляюць самі журналісты – не мы, слова гонару!). Пра яе практычнае прымяненне Вольга не толькі расказала, але і прадэманстравала. 

Я ж паспрабавала паказаць на справе, што можна зрабіць са словам – у абмежаваны час і ў прапанаваных умовах. Удзельнікі сустрэчы падзяліліся на каманды, выцягнулі падрыхтаваныя мной зага­дзя словы – і за 5 хвілін напісалі невялікія замалёўкі. Атрымалася вельмі нават няблага! Ва ўсіх. Але я напачатку абяцала прыз пераможцу – яго атрымала каманда «Экспанаты».

Не абышлося без прызоў і ад арга­нізатараў сустрэчы: іх атрымалі не толькі гераіні, але і ўдзельнікі: шчасліўчыкаў вызначала жараб’ёўка. 

…«Кола творчасці» пракруцілася – і спы­нілася. А ўдзельнікі сустрэчы ўсё не ра­­зыходзіліся: размалёўвалі імбірныя пер­нікі, якія затым можна было пакашта­ваць; малявалі магнолію на майстар-класе ад Эліны Гражуль-Гульбінскай; «фота­сесіліся» і размаўлялі…

Ці даведаўся хто ў той дзень жаночы код Астравеччыны? І ці існуе ён? Напэўна, гэта толькі фігура слова. 

Але галоўнае, што ёсць такія сустрэчы, цёплыя і шчырыя. Бо, як сказаў Антуан дэ Сент-Экзюперы, адзіная сапраўдная раскоша ў свеце – раскоша чалавечых стасункаў.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик