У знак удзячнасці за мірнае неба: нашчадкі пакалення пераможцаў спявалі і танцавалі ў Астраўцы

18:51 / 09.05.2026

У святочны дзень 9 мая на цэнтральнай плошчы Астраўца па традыцыі зладзілі кранальныя канцэртныя праграмы.

Характэрна, што у Год беларускай жанчыны ў тэатралізавана-музычнай частцы галоўнай тэмай у сцэнарыі стаў менавіта лёс прыгожых дзяўчынак, якія толькі скончылі школу і будавалі планы на жыццё – але вайна ўсё перакрэсліла. І юныя прыгажуні на роўных з мужчынамі пайшлі абараняць Радзіму. Не кожнай з іх давялося ўбачыць Вялікую Перамогу – цаной жыцця яны падарылі сучасным пакаленням мір і незалежнасць.

Тэатралізацыя суправаджалася музычнымі нумарамі ў выкананні творчых калектываў і салістаў устаноў культуры Астравеччыны.

Не саступілі ў эмацыйнасці і прыгажосці і юныя і дарослыя артысты, якія прадстаўлялі сістэму адукацыі раёна. Школьнікі, выхаванцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, настаўнікі прадставілі гледачам выступленні і пад песні пра вайну і Перамогу, і пад сучасныя, мірныя, кампазіцыі. А гэта толькі падкрэслівае: нашчадкі памятаюць подзвіг продкаў-герояў, якія ваявалі, каб наступныя пакаленні маглі жыць і радавацца.

Як заўсёды, даспадобы астраўчанам і гасцям горада прыйшліся асобныя праграмы народных ансамбляў народнай песні «Світанак» і «Кемяліна». Запальваюча і яскрава спявалі і танцавалі калектывы на сцэне, перадаючы слухачам зарад бадзёрасці і жаданне таксама пайсці ў пляс, а не толькі пляскаць у далоні.

Текст: Светлана Фёдорова
Фото: Светлана Фёдорова