Равнение на лидеров: на Островетчине наградили победителей соревнования по итогам весеннего сева

Па традыцыі падчас правядзення асноўных сельскагаспадарчых кампаній прафсаюз аграрыяў ладзіць спаборніцтва сярод механізатараў. Сёлетняя яравая сяўба не стала выключэннем. Хоць на парадку дня ў працаўнікоў вёскі значацца падрыхтоўка глебы, сяўба кукурузы і пасадка бульбы (насенне ранніх яравых і цукровых буракоў ужо прыкрыта ў глебу), аграрыі не марнуюць часу і напоўніцу рыхтуюцца да касавіцы. Менавіта на механічна-рамонтных майстэрнях мы і адшукалі лепшых сейбітаў раёна.
Першым пераможцаў павіншаваў старшыня райвыканкама Сяргей Мядзвецкас.
– У мінулым сезоне мы з вамі сустракаліся на полі. Хачу адзначыць, што вы выконваеце вельмі важную задачу ў тандэме чалавек-трактар-пасяўны комплекс. Новая тэхніка – гэта добра, але мне здаецца, што галоўная роля належыць механізатару. Дзякуй вам за работу, – адзначыў кіраўнік раёна.

Ва ўзнагароджванні паўдзельнічалі і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула, а таксама на месцах кіраўнікі КСУП “Варняны” Андрэй Стаповіч і “Міхалішкі” Вадзім Саковіч.

Другі год запар лепшым на сяўбе збожжавых стаў Юрый Мажэйка з КСУП “Варняны”. І зазначу, што цалкам заслужана. Мужчына сапраўдны аксакал механізатарскай справы. Раней за 8 вечара з поля ён не вяртаўся. Можна смела лічыць, што амаль увесь збожжавы клін яравых гаспадаркі – гэта справа яго рук.
З Юрыем Мечыслававічам сустракаліся на старце сяўбы. Тады ён мяне запэўніў, што зробіць усё залежнае ад яго, каб паўтарыць мінулагодні вынік. Механізатар не падмануў: за змену ён засяваў больш за 50 гектараў, а за 17 дзён работы выйшла 910 гектараў.
– Канешне, прыемна быць першым, – прызнаўся лепшы сейбіт раёна. – Але ў гэтай перамозе не толькі мая заслуга, але і кіраўніцтва гаспадаркі і інжынернай службы. Больш таго, своечасова і ў патрэбных аб’ёмах да сяўбы рыхтавалі глебу. Мяне не падвялі ні трактар, ні сеялка. Працаваць было ў задавальненне!
Лепшым на сяўбе цукровых буракоў прызналі Валерыя Сташко з КСУП “Міхалішкі”, які за 9 дзён засеяў 250 гектараў.
Віншуем лепшых сейбітаў раёна і нагадваем, што на гэтым узнагароджванне не заканчваецца: лепшыя на ворыве, культывацыі, унясенні мінеральных угнаенняў, арганікі, падсеве траў таксама атрымаюць дыпломы і падарункавыя сертыфікаты.

Кампетэнтна
ПРА СЯЎБУ
Сяргей Мядзвецкас, старшыня райвыканкама:

– Мы падвялі папярэднія вынікі яравой сяўбы. Дзякуючы сельскім працаўнікам можам дасягаць пастаўленых мэт. Звыш 70 працэнтаў яравых культур пасеяна, засталося каля 4 тысяч гектараў кукурузы на зерне і сілас. Нягледзячы на тэмпературу, аграрыі спраўляюцца з пастаўленымі задачамі. Не за гарамі корманарыхтоўчая кампанія. Задача да 1 мая адрамантаваць усю неабходную тэхніку дакладна будзе выканана.
ПРА СПАБОРНІЦТВА
Юрый Адула, старшыня райкама Беларускага прафсаюза работнікаў АПК:
– Для вызначэння пераможцаў ва ўсіх відах работ выкарыстоваем выкананую за дзень норму. Мне здаецца, што такі падыход больш аб’ектыўны, таму што нават уў межах сельгаспрадпрыемстваў тэрміны сяўбы крыху вар’іруюцца. Формула падліку дастаткова простая: агульныя гектары ці танаж ад зеляць на ўсю колькасць дзён, якую адпрацаваў работнік. Парадавала, што прызавы п’едэстал занялі прадстаўнікі амаль усіх гаспадарак.