Чым мінулы год запомніўся актывістам Астравецкага аддзялення Саюза палякаў на Беларусі, расказала Тарэса Мароз

17:00 / 24.03.2026

Зусім мала часу застаецца да адной з самых знакавых урачыстасцей Прынёмання – 15 юбілейнага рэспублі­кан­скага фестывалю нацыянальных культур. У першыя дні чэрвеня Гродна стане сталіцай панавання добра­зычлівасці, гучання гамонак на розных мовах свету і месцам прыцягнення шматлікіх гасцей.

У абласным цэнтры зарэгіст­равана 9 нацыянальных аб’яд­нанняў, у Астраўцы – аддзяленне ГА «Саюз палякаў на Беларусі». З яго нязменным лідарам і акты­вісткай Тарэсай Мароз карэспандэнт пагутарыў пра тое, чым мінулы год запомніўся для раённай суполкі і народнага ансамбля народнай песні «Рэха Астраўца».

– Асабіста я не магу ўявіць нацыяльнальны фестываль без удзе­лу ў ім астравецкіх па­ля­каў. Тарэса Мацвееўна, сёлета збіраецеся ў Гродна?

– Прызнацца, я таксама. Канешне, збіраемся! З 2010 года мы  пастаянныя ўдзельнікі гэтага маштабнага мерапрыемства, якое праводзяць раз у два гады. У яго межах народны калектыў «Рэха Астраўца» не аднойчы вы­ступаў на польскім падворку, мы прадстаўлялі адмысловую кухню і імкнуліся ўразіць не толькі членаў дэлегацый, але і ўсіх на­вед­вальнікаў сваім каларытам. Хочацца верыць, што ў нас гэта атрымлівалася на высокім уз­­роўні. Перад сабой заўсёды ста­вілі задачу здзівіць гасцей не толькі багаццем песень і страў, а ўда­лым спалучэннем у іх бе­ларус­кай і польскай культуры і традыцый. 

Зазначу, што перш, чым тра­пі­ць у лік удзельнікаў фесты­валю, трэ­ба прайсці адборачны тур, які звычайна адбываецца ў Лідзе. І з гэтай задачай мы заўсёды спраў­ляліся на «ўра». 

Прыемна, што заўсёды з намі рамеснікі, якія не толькі прад­стаўляюць свае вырабы, але і пра­водзяць майстар-класы.

– Многія атаясамліваюць раён­­­нае аб’яднанне Саюза па­ля­­каў і калектыў «Рэха Аст­раў­­ца»... А ці так гэта на самой спра­ве?

– У нашым раённым аддзялен­ні 47 членаў. Касцяк – гэта актыў­ныя ўдзельнікі «Рэха Аст­раў­­ца». Прызнаюся, што для мя­не і наша нацыянальнае аб’яд­­нан­не, і народны ансамбль ад­ноль­кава дарагія і любімыя, та­му іх не па­дзяляю. Хоць прын­цы­­­повае адрозненне ёсць: апош­ні дзейнічае пры Цэнтры куль­туры і народнай творчасці, яго кіраўніцтву, як і на­месніку стар­­­шыні райвыканкама Вользе Бая­ровіч, удзячна за падтрымку і да­­­памогу ў рэалі­зацыі шматлі­кіх нашых задум і ідэй. 

– Памятаю вашы ўражанні і эмоцыі, якімі вы летась дзяліліся пасля фестывалю нацыяльнальных культур у Мінску. 

– «Рэха Астраўца» прадстаў­ля­­ла на свяце палякаў. На пад­ворку гасцінна і хлебасольна ві­та­лі прадстаўнікоў Міністэрст­ва куль­туры Рэспублікі Беларусь, апа­рата ўпаўнаважанага па спра­­­вах рэлігіі і нацыянальнасцей, Мінскага гарвыканкама – ім усё спадабалася, гэта можна бы­ло зразумець па рэакцыі.


– Ведаю, што вы не забываеце і пра звычайных людзей. Раскажыце, якімі падзеямі быў насычаны мінулы год?

– Нашу дзейнасць можна цу­доў­­на ахарактарызаваць доб­ра вя­домай на Астравеччыне прыказкай: дзе фэст, там і мы ёсць. (Усміхаецца.) Мы заў­сёд­нікі не толькі рэспублі­кан­скага фестывалю нацыянальных культур, але і Троіцкага фэсту ў Гервятах, «Дыялогу нацый» у Рымдзюнах, пастаянна выступаем на шматлікіх раён­ных мерапрыемствах і ездзім з кан­цэртамі па аграгарадках раё­на. Асабліва цёпла нас вітаюць на святах вёскі. Адгукаемся і на запрашэнні суседзяў: некалькі ра­­зоў былі на святкаванні «Тлус­та­га чвартку» ў Гродзях Ашмянскага раёна.

Удзельнічаем у свят­­каванні ўсіх дзяржаўных свя­­таў, мітынгах, ускладанні кве­так. 

Важкую і значную частку ў нашым грамадскім жыцці займае і даб­ра­чыннасць. Ужо стала тра­ды­цыяй, што з падарункамі, пры­­смакамі, песнямі і добрым наст­­роем штогод ездзілі пасля Бо­жага Нараджэння і Вялікадня да адзінокіх пажылых людзей у дом сумес­нага пражывання ў Па­доль­цах і на сацыяльных ложках у Міха­ліш­каўскай бальніцы сяст­рынска­га догляду. Наведваем і сваіх удзельнікаў калектыву, якія з-за хва­робы ці ўзросту ўжо, на жаль, не могуць быць яго ак­тыўнымі ўдзель­­нікамі. Словам, па магчы­мас­ці стараемся дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

Акрамя гэтага, арганізоўваем і пра­водзім тэматычныя выста­вы вербачак і фарбаваных велі­кодных яек, традыцыйных поль­скіх страў да Дня жанчын, аб­рад «Свечка памяці» да ўспаміну ўсіх памерлых і многае іншае. 

У нас у калектыве, як кажуць, лёгкія на пад’ём людзі – яны з задавальненнем і вялікай ахвотай адгукаюцца на прапановы і ўдзельнічаюць у шматлікіх мерапрыемствах. Вельмі ўдзячна ім за гэта, а таксама за адданасць любімай справе. Таму што на рэпетыцыі збіраемся вечарам пасля работы. 

– Якія чаканні і спадзяванні ўс­кладаеце на сёлетні фестываль нацыянальных культур?

– Без перабольшвання ўпэў­не­на, што ён у чарговы раз стане сапраўдным святам для нас і гасцей і ўвасабленнем таго, што ў Беларусі на адной зямлі і пад адным небам мірна жывуць прад­стаўнікі многіх нацыянальнасцей.

Фота з архіва суразмоўцы.

Текст: Алёна Ганулич