“Рэха Астраўца” засвяцілася на рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Мінску
На ўрачыстым адкрыцці фестывалю нацыянальных культур, якое сабрала прадстаўнікоў многіх нацыянальнасцей у Мінску, пабывалі ўдзельнікі калектыва “Рэха Астраўца”.
У нашай краіне пражывае каля 150-ці нацыянальнасцей, для многіх Беларусь стала сапраўднай радзімай. Дзякуючы фестывалю, у людзей ёсць магчымасць пазнаёміцца з культурай і традыцыямі розных народаў. “Рэха Астраўца” на свяце прадстаўляла палякаў.
– Наш падворак быў адным з самых яркіх і без перабольшвання гасцінных. На фестываль мы прывезлі не толькі добры настрой, але і шматлікія традыцыйныя польскія стравы – бігас, выпечку, грэнкі, хлеб, пірагі з розным начыннем, а таксама сучасны прыгожы рыбна-мясны торт у выглядзе рымскіх літар ХV – таму што сёлетні фестываль юбілейны, 15-ты, – расказала старшыня раённай арганізацыі ГА “Саюз палякаў на Беларусі” Тарэса Мароз. – Цёпла і хлебасольна прывіталі шаноўных гасцей: першага намесніка міністра культуры Беларусі Дзмітрыя Шляхціна, упаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцей Аляксандра Румака і намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама Андрэя Стрыгельскага. Неспадзяванай і прыемнай таксама стала сустрэча з намеснікам старшыні Астравецкага райвыканама Вольгай Баяровіч. У межах святкавання мы выканалі дзве песні, адна з якіх – “Кракавянка”. Людзі падтрымлівалі нас апладысментамі. Вельмі дзякавала адна жанчына за магчымасць адчуць радзіму: аказваецца, яна з нашых краёў.
У фестывалі культуры, у тым ліку яго адкрыцці, удзельнічаем пастаянна, гэта маштабная ініцыятыва, яркі прыклад таго, што ў Беларусі на адной зямлі і пад адным небам дружна жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей.
Да слова, гасцям на нашым падворку сумаваць не было калі: дзякуючы картачнай гульні наведвальнікі не толькі ўгадвалі стравы, але і каштавалі іх. Таксама можна было падзівіцца на вырабы рамеснікаў Ганны Петрык, Таццяны Былінскай і Вольгі Палонскай. За дапамогу і падтрымку ўдзячны раённай уладзе і сектару культуры.