Прошла первая сессия районного Совета депутатов

10:00 / 18.04.2014
Як вядома, выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў у нашай краіне адбыліся 23 сакавіка. У Астравецкім раёне яны прайшлі ў спакойнай абстаноўцы і пры высокай актыўнасці насельніцтва. Больш за 80 працэнтаў жыхароў раёна рэалізавалі сваё канстытуцыйнае права па вызначэнні складаў мясцовых Саветаў дэпутатаў. У выніку выбараў былі абраны 25 дэпутатаў раённага Савета. На першай сесіі, якая адбылася 15 красавіка, ім належала выбраць свайго кіраўніка – старшыню раённага Савета дэпутатаў, які будзе ўзначальваць раённую прадстаўнічую ўладу.

Першую сесію раённага Савета дэпутатаў адкрыў старшыня раённай выбарчай камісіі Эдуард Іванавіч Свірыд. На пасяджэнне былі запрошаны дэпутаты раённага Савета дэпутатаў 27-га склікання, члены раённага выканаўчага камітэта, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Удзел у сесіі раённага Савета прымалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька і старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Георгіевіч Жук.Пытанне абрання старшыні раённага Савета дэпутатаў было адзіным, вынесенным на парадак дня сесіі. З прапановай па кандыдатуры выступіў Ігар Георгіевіч Жук, які, дарэчы, таксама толькі некалькі дзён назад узначаліў новаабраны Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў. Ён прапанаваў даверыць гэтую адказную пасаду Ірыне Эдуардаўне Тальчук, ахарактарызаваўшы яе як граматнага кіраўніка і ініцыятыўнага чалавека. Гэтую кандыдатуру падтрымалі ў сваіх выступленнях дэпутаты Рыгор Мечыслававіч Долгі і Ніна Аляксееўна Рыбік, якія расказалі пра Ірыну Эдуардаўну як чалавека энергічнага, ініцыятыўнага, нераўнадушнага, які пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых форм работы,дабіваецца пастаўленых мэт. З гэтымі характарыстыкамі пагадзіўся і старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, які таксама парэкамендаваў дэпутатам падтрымаць кандыдатуру Ірыны Эдуардаўны Тальчук.
У выніку тайнага галасавання ўсе 25 дэпутатаў раённага Савета аднагалосна абралі старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірыну Эдуардаўну Тальчук, дэпутата па Валадарскай выбарчай акрузе №2. Ірына Эдуардаўна ў сваім выступленні падзякавала дэпутатам і старшыні раённага выканаўчага камітэта Адаму Дзмітрыевічу Кавальку за аказаны давер і акрэсліла задачы і праблемы, над выкананнем якіх дэпутатам давядзецца працаваць у гэтым скліканні, – і работу, як падкрэсліла новаабраны старшыня, давядзецца пачынаць без раскачкі. У першую чаргу гэта – навядзенне парадку на зямлі, і гэта справа агульная: выканаўчай улады, дэпутатаў усіх узроўняў, насельніцтва. Ірына Эдуардаўна лічыць, што неабходна ўдасканальваць работу з новаабранымі складамі сельскіх Саветаў дэпутатаў, больш актыўна працаваць з моладдзю.


– Дэпутатам неабходна ісці да людзей, а не наадварот, – падкрэсліла яна ў сваім выступленні. – Нам усім трэба браць адказнасць на сябе – гэта дазволіць павысіць аўтарытэт кожнага дэпутата і раённага Савета ў цэлым.


Парадак дня сесіі быў вычарпаны, але прысутных чакаў сюрпрыз. Слова для выступлення папрасіў Іван Іванавіч Пратасевіч, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, начальнік Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта”. Як вядома, да апошняга дня Ірына Эдуардаўна на працягу многіх гадоў узначальвала Астравецкі вузел паштовай сувязі, вывела яго ў лік лепшых не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы, да астравецкіх паштавікоў ехалі за вопытам калегі не толькі з вобласці, але і з рэспублікі.


– Сёння мяне перапаўняюць дваякія пачуцці, – шчыра прызнаўся Іван Іванавіч. – З аднаго боку, я рады, што кіраўніку нашай галіны аказаны такі высокі давер – на маёй памяці гэта першы падобны выпадак. І я не сумняваюся, што Ірына Эдуардаўна апраўдае аказаны ёй давер. З другога – шкада развітвацца з такім кіраўніком, які заўсёды знаходзіўся на пярэднім краі ўкаранення новых тэхналогій, у пошуку новых форм і метадаў работы. Вось і сёння я хачу паведаміць навіну, што па выніках работы за першы квартал Астравецкі вузел паштовай сувязі прызнаны лепшым у Гродзенскай вобласці. Але я ўпэўнены, што раённыя паштавікі не знізяць тую высокую планку, да якой узняла астравецкую пошту Ірына Эдуардаўна Тальчук. А ёй самой хочацца пажадаць поспехаў і перамог на новым для яе ўчастку работы.


А на ўспамін пра шматгадовую і плённую работу на пошце Ірыне Эдуардаўне была ўручана Ганаровая грамата і асабісты транспарт для падтрымання здаровага ладу жыцця – паштовы веласіпед з гербам Астраўца.


Ніна АЛЯКСЕЕВА