Душа просилась в пляс: как провожали зиму в Михалишках
Вясёлая музыка так і звала пусціцца ў скокі, таму фотаздымкі атрымліваліся жывымі, а людзі ў кадры – румянымі і шчаслівымі.


Мароз шчыпаў за шчокі і нос, таму, каб сагрэцца, для гасцей святкавання прадавалі Юркіну юшку, гарачы чай і масленічныя бліны – з мясам, бульбай, капустай, тварагом...



Было чым заняць няўрымслівых дзяцей: акрамя конкурсаў для іх арганізавалі майстар-клас па роспісе пернікаў. Дарэчы, я і сама не ўтрымалася: упрыгожыла адзін лагатыпам любімай “раёнкі”.

Масленіца распачалася сцэнкай, у якой работнікі клуба разыгралі провады прыгажуні-Зімы. Жанчыны заспявалі прыпеўкі, а потым пачаліся конкурсы…
Хто далей валёнак кіне, хутчэй дзяцей на санках перавязе ці цвік заб’е – даведаліся. Канат перацягвалі… Конкурсы, як кажуць, на любы густ і колер. Сярод удзельнікаў была і я. А як не пабіцца мяшкамі з родным братам? І мы былі не адзінымі. А ў падарунак атрымлівалі ўпакоўкі круп, макарон і баранак.
– Весялім гасцей новымі конкурсамі: сёлета ўпершыню на Масленіцу ляжыць снег, таму прыдумалі эстафету з санкамі. Імбірныя пернікі таксама распісваем на майстар-класе першы раз, раней ляльку рабілі, – расказала Надзея Вайцяховіч, загадчык Міхалішкаўскага клуба.
Прыйшла дзяўчынка-Вясна – рознакаляровымі стужкамі сабрала вакол сябе ўсіх жадаючых яе запрасіць у госці.
Пра вогнішча таксама не забыліся: агонь хутка спаліў сукенку пудзіла, пакуль дзеці і дарослыя карагоды вакол вадзілі. Відовішча было захапляльнае.

Масленіца прайшла цудоўна, госці шчаслівыя пабеглі дадому пераглядаць фотаздымкі і відэа з конкурсаў, а хто і бліны рабіць. А я дахаты прывезла сапраўдныя масленічныя бліны – усёй сям’і на радасць.
Упершыню на свяце астраўчанка Жанна Крупіна:

– Тут так выдатна! Па-першае, мне вельмі падабаецца гэтае свята і яго святкаванне – спаборніцтвы і танцы. Па-другое, смачная ежа – паспрабавала і Юркінаву юшку, і бліны духмяныя. З задавальненнем танцавала пад вясёлыя песні, каб сагрэцца. Упэўнена, чым цяплей будзе гасцям святкавання – тым хутчэй прыйдзе вясна.

У спаборніцтвах паўдзельнічалі, прызы атрымалі і добра час правялі сем’і Таццяны Базюк і Уладзіміра Навіцкага.

– Традыцыйна святкуем Масленіцу ў Міхалішках, на гэты раз брат з сям’ёй прыехаў у госці, іх з сабой узялі! – кажа Таццяна. – Мерапрыемства штогод прываблівае конкурсамі. Бліны і юшка тут вельмі смачныя!
– Калі сястра прапанавала паехаць на Масленіцу не змаглі адмовіць, – усміхаецца Уладзімір. – Паўдзельнічалі амаль ва ўсіх спаборніцтвах.
Чарга за блінамі была вялікая, пакуль мы падышлі, з мясам ужо не засталося! Відаць, яны вельмі смачныя былі, а мы доўга ехалі… Дзеці пабачылі як трэба святкаваць Масленіцу.