Выстава карцін Эліны Гражуль-Гульбінскай праходзіць у Міхалішкаўскай бібліятэцы
Астравецкая зямля надзвычай багатая на цікавых людзей. У Год беларускай жанчыны прапануем пазнаёміцца з творамі мастака-аматара Эліны Гражуль-Гульбінскай.
Гледзячы на яе карціны, ніколі і не скажаш, што аўтар не прафесіянал. Маляванне захапіла яе ў раннім дзяцінстве. Спачатку нараджаліся хуткія акварэльныя замалёўкі: вясковыя краявіды, партрэты родных і блізкіх, нацюрморты. Паступова Эліна навучылася заўважаць прыгажосць у дробязях – і карціны мастачкі станавіліся больш дасканалымі, вытанчанымі.

Нягледзячы на велізарную цягу да мастацтва, жыццё Эліна звязала з педагогікай. Але і на сваіх уроках настаўнік імкнецца перадаць любоў да выяўленчага мастацтва вучням.



Сёння наша зямлячка працуе ў вольным жанры. Пры напісанні работ выкарыстоўвае акварэль, гуаш, пастэль. А малюе яна не толькі фарбамі, але сэрцам і душой.
Калі з-пад рук Эліны выйшла першае палатно «Лунная ночь», у мастачкі адразу ўзнікла мара арганізаваць у будучыні выставу. І усё рэалізавалася: карціны ўжо неаднойчы бачылі чытачы Міхалішкаўскай бібліятэкі. Сёлета ў сценах установы таксама прадстаўлены работы нашай зямлячкі – пазнаёміцца са «Снежнай сімфоніяй» можа любы жадаючы.
Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, раённая бібліятэка.