Чаму выбралі неперспектыўную вёску Рэната і Алег Спірыдонавы

14:00 / 23.11.2025
Рэнату Спірыдонаву я памятаю з яе ма­ленства як маленькае круглашчокае кучаравае сонейка з сімпатычнымі рабацін­камі на твары. Яна, малодшая ўнучка ветэрана вайны і шматгадовага слыннага брыгадзіра Івана Куліса, была трэцім дзіцем у сям’і Рамана і Тарэсы, добрых суседзяў маіх бацькоў у той час, калі яны жылі ў Гальчунах. 

Кулісовы дзеці, асабліва малодшыя Марэк і Рэната (старэйшая Інэса заўсёды была зоркай, артысткай), з маленства прывучаны да сялянскай працы. Больш таго: любілі вясковае жыццё. 

А яно, жыццё, паставіла ім балючую падножку. У маладым узросце, з розніцай у 4 гады, памерлі спачатку бацька, а потым і маці. 

Інэса і Марэк на той час ужо мелі свае сем’і: сястра выехала за мужам у Літву, а брат атабарыўся ў Гервятах. Рэната вучылася на 3-м курсе Ільянскага каледжа. 

Старэйшыя брат і сястра апекаваліся малодшай: дапамаглі дзяўчыне закончыць каледж, а пазней – універсітэт. 

З Алегам Рэната пазнаёмілася ў Іллі: дзяўчына вучылася на ветэрынара, хлопец – на заатэхніка. Сябравалі ў кале­джы, падтрымлівалі стасункі і калі Рэната паступіла ва ўніверсітэт. Алег таксама атрымліваў вышэйшую адукацыю, толькі завочна.

Калі маладыя людзі адвучыліся і сталі працаваць, вырашылі пажаніцца. Грошай на вяселле не было, і яны проста, але прыгожа, у беларускіх нацыянальных касцюмах, распісаліся ў Астравецкім ЗАГСе. Рэната Куліс змяніла дзявочае прозвішча на Спірыдонаву. А сапраўднае вяселле, з белай сукенкай, шлюбам у гервяцкім касцёле і гасцямі, справілі праз год, калі трохі разжыліся.


Пытанне, дзе жыць, не ўзнікала: Рэнаце ад бацькоў застаўся дом у Гальчунах. Так, не самая перспектыўная вёска: няма школы, садка і нават магазін не так даўно зачыніўся, аўтобус ходзіць не тры разы на дзень, як раней, а два разы на тыдзень.

– Але ж гэта – бацькоўская хата, у якой мы ўсе выраслі! – прыводзіць мая суразмоўца аргументы, якія прымусілі маладую сям’ю пусціць карані ў Гальчунах. – Родная вёска, родныя людзі… Усё знаёмае да драбніц. Так, сёння спецыялістам нашага профілю можна знайсці работу ў любой гаспадарцы, і жыллё дадуць. Але ж – казённае. А тут сваё!


Праўда, сваё жыллё таксама патрабавала прыкладання рук і ўлівання сродкаў, якіх у маладой сям’і, якой няма на каго разлічваць, акрамя як на сябе, не так і шмат. Але ж паціху-патроху даводзяць яны да ладу стары дом, каб быў ён прыдатным для жыцця і камфортным. Падвялі ваду, абсталявалі санвузел, душ, падключылі пральную машыну, пабудавалі лазню. Гэта – асноўнае. Астатняе – па меры магчымасці.

Калі ёсць неабходныя зручнасці і машына, жыць у вёсцы можна, – пера­канана Рэната. – Самае неабходнае набываем у аўталаўцы, калі трэба нешта большае, едзем у Астравец: горад цяпер разбудаваўся, любыя патрэбы ёсць магчымасць задаволіць. Гародніну: бульбу, буракі, моркву, капусту, цыбулю, памідоры, агуркі – вырошчваем самі. Купілі матаблок. Напачатку і свіней трымалі, але, калі нарадзілася Агата, звялі жывёлу. Куры толькі засталіся ды кот з сабакам.

Рэната і Алег Спірыдонавы выбралі для жыцця неперспектыўную вёску – аднойчы і, упэўнены, назаўжды.


Фото из архива героев

Текст: Нина Рыбик