Па сцяжынцы да школьнага парога Лынкішскай школы прайшоўся яе былы вучань Генрых Лукашэвіч
Сённяшні жыхар Варнян Генрых Лукашэвіч завітаў у рэдакцыю, каб расказаць пра школу свайго дзяцінства, якая якраз і месцілася ў Лынкішках.
Маёй першай настаўніцай была Клаўдзія Цярэнцьеўна Краско. Тут яна выйшла замуж, змяніла прозвішча на Ціхановіч. Яе сын вучыўся са мной у адным класе. Яна і працавала да закрыцця нашай школы, а потым з сям’ёй выехала ў Індуру Гродзенскага раёна.
Вучні Лынкішскай школы з настаўніцай Клаўдзіяй Цярэнцьеўнай Краско, 1962 год
1 рад – Броня Сяўрыс, Сянюць, Ядвіга Прусевіч, Леанід Заянчкоўскі, Іван Лукашэвіч, Геня Пашкевіч, Сабіна Лукашэвіч
2 рад – Марыя Сянюць, Дана Лукашэвіч, Саша Ціхановіч, Клаўдзія Цярэнцьеўна Краско, невядомы Браніслава Ількевіч
3 рад – Зоня Тамашэвіч, Чэся Тамашэвіч, Саша Лукашэвіч, Марыя Пашкевіч, Галя Сянюць
Ведаю, што да Клаўдзіі Цярэнцьеўны настаўніцай і загадчыкам установы была Ксенія Мікалаеўна Малышава – потым яна перайшла ў Карвэльскую школу.
Сёння будынка навучальнай установы ўжо няма. А ў тыя часы ён стаяў пасярэдзіне вёскі.
Школа была невялікай: ад дарогі месціўся вучэбны клас – у ім займаліся ўсе дзеці з 1 па 4 клас; а з другога боку было яшчэ адно памяшканне – у ім пакідалі розны рабочы інвентар.
Побач са школай стаяў дом, у якім жыла школьная бабуля Антаніна – так мы яе называлі – яна гатавала нам чай, да якога давалі пячэнне. І толькі цяпер я стаў задумвацца, адкуль яго бралі – магазіна ў вёсцы не было.
З другога боку жыў дзед Мацей – не ведаю афіцыйна ён працаваў у нашай установе, ці не, але ён даглядаў за тэрыторыяй – касіў яе, наводзіў парадак у садзе. А вось агарод палолі мы, вучні.
Яшчэ да школы навучыўся пісаць. Сястра прыносіла сшытак, у якім настаўніца прапісвала заданне – гэта былі самаробныя пропісі, у якіх я старанна выводзіў спачатку палачкі, кропачкі, а затым і літары, і лічбы. Запомнілася, што маю працу настаўніца ацэньвала, хаця, паўтару, школьнікам я яшчэ не быў. І сёння паўстаюць перад вачыма выведзеныя акуратным почыркам чырвоныя «пяцёркі». І таму, калі пайшоў у школу, ужо ўмеў і чытаць, і пісаць. Усё гэта дзякуючы настаўніцы.
У першым класе вучылася 6 дзяцей. А ва ўсёй школе было каля 20 чалавек.
Вучні Лынкішскай школы
Сянюць, Антон Прусевіч, Франусь Ількевіч, Яня Ількевіч, невядомы, Вацлаў Бароўка, Саша Ціхановіч, Дана Лукашэвіч, Мар’ян Сянюць, Іван Петрык
Настаўніца адначасова праводзіла заняткі ва з ўсіх класах – сядзелі мы ў адным памяшканні. Наш клас, напрыклад, займаў тры парты. Мне здаецца, што ўрокі ва ўсіх розныя былі. Нават і не ведаю, як яна паспявала.
Помню, як уступалі ў акцябраты, як нам чаплялі на лацкан пінжака зорачку з Ленінам і з якім гонарам я ішоў дахаты. А яшчэ помню, як у той дзень дарослыя раскладвалі нам касцёр.
Побач са школай была Ясевая гара, з якой зімой мы каталіся на лыжах.
У школу хадзілі дзеці з Кастова, там было дзесьці 7 хат, са Звярынца, хутара Анаполь і, зразумела, з саміх Лынкішак.

Былыя выпускнікі Лынкішскай школы, навучэнцы Карвэльскай у чаканні аўтобуса, 1972 год
2 рад – Іван Тарашкевіч, Франц Тамашэвіч, Мар’ян Лукашэвіч, Іван Лукашэвіч, Мечыслаў Ігнатовіч, Віктар Тарашкевіч
1 рад – Тадзік Бароўка, Гена Лукашэвіч, Гена Бароўка
А пасля 4 класа мы ішлі ў Карвэльскую школу, дырэктарам якой быў Віктар Фролавіч Фралоў. Яго жонка Марыя Калістратаўна таксама працавала настаўніцай. Там нашай класнай стала Тамара Уладзіміраўна Чабатарова. Яе муж Яўген Якаўлевіч таксама тут настаўнічаў. Разам з імі лепшыя вучні школы ездзілі ў Ленінград – і мне пашчасціла там пабываць.
Паездка ў Ленінград, 1969 год
Гавораць, школьныя гады – самыя лепшыя. Так і ёсць на самай справе!