Як вяскоўцы падрыхтаваліся да зімы

16:00 / 26.10.2025
У жыхароў населеных пунктаў Астравеччыны карэспандэнт «раёнкі» пацікавіўся, як яны падрыхтаваліся да зімы. 

Ганна Якубцэвіч, сацыяльны работнік, в. Караняты:

– Да зімы падрыхтаваць трэба і жыллё, і панадворак. Убрала гародніну – сёлета яна горшая вырасла, не тое, што ў мінулым годзе. Зрэзала кветкі, якія адцвілі; наварыла варэння і наставіла розных саленняў-марынадаў. 

Трымаем свіней, маем трох кароў, таму, каб пракарміць зімой рагуль, цэлае лета сенавалі. Праўда, год для гэтага не самы ўдалы: дажджыла дзень пры дні. Дапамагалі і дзеці, і суседзі – працавалі талакой. Запоўнілі ўсе адрыны, думаю, да мая павінна сена хапіць. 

Ядвіга Валуевіч, пенсіянерка, аг. Варняны:

– Самае галоўнае на вёсцы – гэта нарыхтаваць на зіму дроў, каб у хатцы было цёпла і ўтульна. З гэтай задачай цалкам з мужам справіліся. Даніель іх і пілаваў, і сек. Дровы штогод заказваем у астравецкім «гарпаліве» – грошы за іх, як пенсіянеры, а я яшчэ з інваліднасцю, плацім сімвалічныя – у параўнанні з тым, колькі бяруць прыватнікі. 

Ураджай з агарода даўно сабралі: бульба, агуркі, морква, буракі, памідоры, вінаград – усё сваё, без хіміі. На зіму паставіла некалькі відаў салаты, замарынавала агуркі, перцы. Слоічак дастанеш – цудоўны дадатак ці да абеда, ці да вячэры.

Марына Мажута і Тарэса Наневіч, аператары машыннага даення, аг. Рытань

Тарэса:

– Агарод прыбраны і даўно заараны. Кабачкі, памідоры, агуркі – насадзіла шмат і ўрадзіла ўсё няблага. Некалькі дзясяткаў слоікаў закатала гародніны на зіму. На падыходзе капустачка свая – самы час квасіць. 

Кабанчык адкормлены стаіць у хлеўчуку, перад зімовымі святамі заколем. Тушонак настаўлю, каўбас нараблю і рулетаў накручу. 

Адзінае, да зімы не да канца хату пафарбавалі. Летам, хоць ты разарвіся: за дойкай і клопатамі па гаспадарцы, у агаро­дзе часу зусім не стае. Зімой можна крыху перавесці дух і адпачыць, але на вёсцы ў любую пару года знойдзецца работа. 

Марына:

– Гараджанам добра: вяртаюцца з работы ў цёплую кватэру і ніякіх клопатаў не ведаюць. А на вёсцы, каб зімой паліць было чым, трэба зарання пра дровы паклапаціцца. У нас, напрыклад, кацёл. Дровы набываем у Кемелішскім лясніцтве. Мой чалавек сам іх парадкуе. 

А яшчэ, відаць, гэта з дзяцінства, на зіму абавязкова трэба назапасіць бульбы. Сёлета восем мяхоў купіла ў знаёмых – на нашу невялікую сям’ю іх з лішкам хопіць. 

Пётр Цэйка, рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў, аг. Міхалішкі:

– Заязджаў у магазін, каб набыць леску для трымера. Купіў не 2 метры, а адразу 15. Участак каля дома вялікі, таму хачу апошні раз усё абкасіць.

Ацяпленне ў нас пячное. Таму самае галоўнае было да зімы нарыхтаваць дроў. Часткова выпісалі, а яшчэ разабралі старыя хлявы ля бабулевай хаты – тры прычэпы напілавалі. Нездарма кажуць, запас бяды не чыніць – застанецца і на наступныя сезоны. 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич